Храмы і манастыры на тэрыторыі будучай Мінскай епархіі


У Барысаве існавалі храмы ў імя св. вмч. Георгія, у гонар Прасвятой Троіцы, Свята-Мікалаеўскі і Спаскі. Старажытны Ізяслаўль (Заслаўе) меў каля трох праваслаўных храмаў.

У Слуцку, які славіўся шматлікасцю храмаў, існавалі Свята-Успенская царква ў замку, пабудаваная ў 1409 годзе князямі Алелькавічамі, Свята-Уваскрасенская, Свята-Міхайлаўская, што дзейнічае і дагэтуль, Свята-Мікалаеўская, Прадцечанская, Свята-Крыжаўздзвіжанская, Свята-Касма-Даміянаўская, Сцяфанаўская Свята-цара-Канстанцінаўская. А ўсяго ў Слуцку, разам з манастырскімі, было 14 храмаў.

У Мінску напрыканцы XVI стагоддзя было вядома пра існаванне дзевяці храмаў (апрача манастырскіх): Ражджаства Прасвятое Багародзіцы ў замку, саборная, дзе была змешчаная цудатворная іко­на Божае Маці "Мінская" пасля яе цудоўнага яўлення на водах Свіслачы ў 1500 годзе (святкаванне 13/26 жніўня), Свята-Троіцкая, Пятніцкая, Свята-Уваскрасенская, Свята-Георгіеўская, Свята-Міхайлаўская, Свята-Барыса-Глебская, Свята-Прадцечанская, Свята-Еўфрасіннеўская.

Прапанаваны пералік храмаў не з"яўляецца вычарпальным, бо, па-першае, у кожны пэўны перыяд колькасць храмаў была рознай, па-другое, зрабіць яго вычарпальным не дазваляе мізэрнасць фондаў царкоўных архіваў і іншых дакументальных сведчанняў, знішчаных часам і неспрыяльнымі абставінамі. Аднак, тыя сведчанні, якія мы маем у наяўнасці, дазваляюць зрабіць выснову пра вельмі значную колькасць старажытных праваслаўных храмаў. Так, напрыклад, на момант правядзення сабора епіскапаў Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ў 1416 годзе ў межах будучай Мінскай епархіі (у межах пасля 1840 г.) налічвалася каля 255 праваслаўных цэркваў і каля 40 манастыроў. Улічваючы малую населенасць гарадоў таго часу, калі колькасць жыхароў у 5 тысяч чалавек дазваляла лічыць гэты горад буйным, колькаць праваслаўных храмаў можна лічыць вельмі і вельмі значнай.

Большая частка храмаў знаходзілася пад амафорам Пінска-Тураўскіх епіскапаў. Пінска-Тураўская епархія разам з васьмю іншымі епархіямі, пачынаючы з 1416 года, складалі асобную Кіеўскую (Літоўска-Наваградскую) мітраполію, галоўнымі кафедральнымі гарадамі якой былі Наваградак і Вільня. Пэўная частка храмаў будучай Мінскай епархіі, у прыватнасці мінскія храмы, знаходзіліся ў непасрэднай юрысдыкцыі Кіеўскіх (Літоўска-Наваградскіх) мітрапалітаў. У Мінску пры Свята-Мікалаеўскім мужчынскім манастыры для іх быў уладкаваны спецыяльны мітраполічы дом, дзе яны жылі пад час выканання сваіх архіпастырскіх абавязкаў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.