Перыяд уніі


Да пачатку 30-х гадоў XVII стагоддзя ўсе старажытныя праваслаўныя цэрквы і манастыры Мінска апынуліся пад уніяй. 3 саборнага храма Ражджаства Прасвятое Багародзіцы уніятамі была перанесена ў Свята-Духаў манастыр цудатворная ікона Мінскай Божае Маці.

У Наваградку праваслаўныя знайшлі сабе абарону ў асобе Фёдара Скуміна Тышкевіча. Аднак і ён у 1609 годзе прыняў унію. I ўсё ж, нават пасля гэтага, праваслаўны іераманах Павел у сваёй пропаведзі ў Наваградскай Свята-Троіцкай царкве прылюдна называў уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея ератыком і багахульнікам.

У Пінску архімандрыт Ляшчынскага манастыра Елісей Плецянецкі і Пратапоп Фёдар разам з многімі святарамі ўсімі сродкамі супраціўляліся уніі, за што уніяцкім свяшчэннаначаллем былі пазбаўлены сану.

Па звестках архімандрыта Мікалая ў Слуцку на карысць уніі дзейнічаў адзін толькі святар Афанасій Герасімовіч, за што быў пакараны анафемай з боку Львоўскага епіскапа Гедэона Балабана.

Як толькі праваслаўныя людзі пераканаліся, што ўсе хадайніцтвы уніяцкага свяшчэннаначалля аб пераходзе пад унію праваслаўных храмаў і манастыроў задавальняюцца пры падтрымцы караля Сігізмунда III (1587—1632), яны, па прыкладзе мінскіх гараджанаў, пачалі засноўваць новыя манастыры. Пры гэтым у фундушавых запісах заснавальнікі манастыроў строга наказвалі сваім нашчадкам заставацца ў непахіснай вернасці Святому Праваслаўю. На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў у межах будучай Мінскай епархіі было заснавана трынаццаць праваслаўных манастыроў: Свята-Петра-Паўлаўскі мужчынскі і Свята-Петра-Паўлаўскі жаночы ў Мінску (1611, 1619), Свята-Троіцкі ў Прылуках каля Мінска, заснаваны ў 1653 годзе Ганнай Агінскай-Сцятковіч пры мясцовай Свята-Троіцкай царкве, дзе былі пахаваныя целы князёў Агінскіх, Свята-Уваскрасенскі ў Сяльцы, каля Лагойска, заснаваны ў 1631 годзе Георгіем Тышкевічам і яго жонкаю Марыяй Уняхоўскай, Спаса-Праабражэнскі ў Слуцку, заснаваны Слуцкім праваслаўным брацтвам у 1600 годзе, Свята-Богаяўленскі ў Пінску, заснаваны ў 1633 годзе Пінскім брацтвам, Спаса-Праабражэнскі мужчынскі і Свята-Благавешчанскі жаночы ў Сялец-Брагіне, заснаваныя князем Адамам Вішнявецкім і яго жонкаю Аляксандрай Хадасевіч у 1609 годзе, Свята-Крыжаўздзвіжанскі ў Цэпры, заснаваны ў 1622 годзе Канстанцінам Дамнатам, Свята-Іаана-Багаслоўскі ў Грозаве, каля Слуцка, заснаваны ў 1600 годзе Марцінам Валадковічам, Свята-Успенскі Навадворскі, заснаваны ў 1648 годзе Грыгорыем Валадковічам і Свята-Увядзенскі, заснаваны ў 1629 годзе Апалоніяй Войнай на месцы з'яўлення Купяціцкай іконы Божае Маці. Па волі іх заснавальнікаў усе новаўладкаваныя манастыры знаходзіліся ў падпарадкаванні альбо Віленскага Свята-Духава манастыра і брацтва пры ім, альбо Пячэрскай Лаўры ў Кіеве.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.