Перыяд уніі

Ад пачатку XVII стагоддзя і да 1771 года ў адным толькі Мінску было заснавана і ўзведзена дзесяць кляштараў і касцёлаў, якія належалі розным рыма-каталіцкім ордэнам. Цікава, што за той самы перыяд уніяты заснавалі ў горадзе толькі два свае манастыры: Свята-Духаў мужчынскі і Свята-Духаў жаночы з духоўнай вучэльняй і друкарняй пры іх.


Паўсюдна разам з адкрыццём манастыроў засноўваліся школы і калегіі. Ад пачатку XVII стагоддзя яны дзейнічалі ў Лагойску, Докшыцах, Наваградку, Стоўбцах. Ад сярэдзіны таго ж стагоддзя — у Койданаве, Уздзе, Клецку, Пінску; ад канца XVII — пач. XVIII стагоддзя — у Слуцку, Барысаве, Бабруйску і іншых гарадах.

Унія зацвярджалася не толькі за кошт гвалтоўнага звароту праваслаўных святыняў. Уніяцкі базыльянскі ордэн на працягу 1632 -1754 гг. ажыццяўляў шырокую праграму адкрыцця сваіх уласных манастыроў. У гэты перыяд ордэн заснаваў, апрача двух названых вышэй Мінскіх, яшчэ адзінаццаць манастыроў: Наваградскі Свята-Барыса-Глебскі (1632), Вяўнянскі (1643), Ракаўскі (1702), Мірскі (1705), Дарэўскі (1713), Казімірскі (Бабруйскага павета, 1713), Сухавіцкі (Мазырскага павета, 1720), Ляданскі, Фуравіцкі, Бярэзінскі (1754). Пры многіх манастырах адчыняліся школы і духоўныя вучэльні на ўзор іезуіцкіх калегіяў.

Зацверджанне уніі адбывалася ў рознай ступені інтэнсіўнасці і напору. Калі не дапамагалі пераконванні і дазвалялі абставіны, выкарыстоўваліся гвалтоўныя захады: запячатванне цэркваў, забарона праваслаўным займаць дзяржаўныя пасады, пазбаўленне іх магчымасці годным чынам праводзіць у апошні шлях спачылага, перашкоды хрэсным ходам альбо прыезду праваслаўнага архіпастыра да сваёй паствы. Дастаткова нагадаць, што ўсе храмы ў старажытным Тураве разам з начыннем былі адабраныя. У Пінску таксама цэрквы запячатаны, а святары разагнаныя разам з новапастаўленым у 1630 годзе епіскапам Аўраміем. На месцы Ляшчынскага манастыра, адабранага ў праваслаўных, быў адчынены пазней піцейны дом. У Мінску праваслаўным святарам з небяспекай для жыцця даводзілася адпяваць спачылых, настаўляць хворых і выконваць іншыя таінствы і трэбы за межамі храма. У 1673 годзе было прынята рашэнне, паводле якога праваслаўны чалавек не можа стаць членам Мінскага магістрата.

Бурны пачатак зацвярджэння уніі прынёс яе ініцыятарам і прыхільнікам пэўны плён. 3 20-х гадоў XVII стагоддзя, па назіраннях царкоўных гісторыкаў, пачаўся паступовы спад у распаўсюджванні уніі. У канцы стагоддзя, асабліва пасля Люблінскага з’езда 1680 года, на якім была зроблена спроба аб’яднаць праваслаўных і уніятаў у адну царкву, націск у зацверджанні уніі зноў узрос. Справа даходзіла да таго, што уніяцкія мітрапаліты Кіпрыян Жахоўскі (1674-1693) і Леў Кішка (1713-1728) асабіста займаліся далучэннем да уніі прыходжанаў тых храмаў, якія яшчэ трымаліся ў Праваслаўі.

Распечатать Распечатать