Перыяд уніі


Нягледзячы на першапачатковы знешні поспех уніі, вялікая колькасць прыходаў заставалася праваслаўнымі. Паводле дадзеных польскага царкоўнага гісторыка доктара Антонія Мірановіча, у 1647 годзе з 13,5 тысяч царкоўных прыходаў у межах Вялікага княства Літоўскага толькі 4 тысячы былі уніяцкімі. У пачатку XVIII стагоддзя ў Мазырскай пратапопіі працягвала дзейнічаць 50 праваслаўных цэркваў. У Слуцку ў 1748 годзе было 15 праваслаўных храмаў. Усяго ў пачатку XVIII стагоддзя ў межах будучай Мінскай епархіі заставалася ў Праваслаўі больш за сто прыходаў. Пазней лічба гэтая скарацілася, бо адбыўся новы, магчыма самы жорсткі, націск на праваслаўных. У 1747 годзе Мазырскі пратапоп Фёдар Савіцкі з горыччу паведамляў, што з 50 цэркваў пад яго апекаю засталося толькі 7. У перыяд з 1706 да 1765 года ў праваслаўных былі адабраныя манастыры ў Саламарэччы, Цэпры, Купяцічах, Новым Двары, Сяльцы, Брашыне, Барысаве. Многія праваслаўныя святары пасля захопу іх цэркваў уніятамі выганяліся з свайго жылля, апыналіся ў галечы. Дзеці іх вымушаныя былі часам запісваць сябе ў сялянскае саслоўе. На месцы спачылых праваслаўных святароў без узгаднення з праваслаўным свяшчэннаначаллем пастаўляліся уніяцкія святары. Варта было ў праваслаўным храме толькі адзін раз адправіць службу уніяцкаму святару, як храм гэты абвяшчаўся уніяцкім.

Многія праваслаўныя храмы мелі надзвычай убогі выгляд і былі, паводле словаў сучасніка, "падобныя сараям, нават хлеўчыкам для скаціны, а не храмам хрысціянскім: жыдоўскія бажніцы значна добрапрыстойнейшы маюць выгляд". У цэрквах Слуцкай архімандрыі адсутнічалі напрастольныя Евангеллі, друкаваныя Апосталы. Замест кадзілаў выкарыстоўваліся навязаныя на вяроўцы чарапкі, а ладан замянялі вяленымі лісцямі. Не хапала святароў, таму часам службы правіліся толькі ў прастольнае свята, на Пасху і Благавешчанне. Некаторыя сучаснікі, у тым ліку і свяціцель Георгій Каніскі (1755— 1795), параўноўвалі становішча праваслаўных беларусаў са становішчам грэкаў пад уладаю туркаў альбо са старазапаветным вавілонскім ці егіпецкім палонам.

Урад Рэчы Паспалітай, часта па запатрабаванні Расіі, прымаў заканадаўчыя акты, скіраваныя на паляпшэнне становішча праваслаўнага насельніцтва. Аднак "усялякая зробленая пад націскам знешняй сілы саступка на карысць праваслаўных не сыходзіла з паперы, законы заставаліся законамі, а рэчаіснасць ішла сваёй чарадой, магчыма нават у бок пагаршэння для праваслаўных разам з адпаведным паляпшэннем у адносінах да іх польскага заканадаўства ў апошні час" (С.Рункевнч. История Минской архиепископии. Спб., 1894; с. 44).

На уніяцкія храмы пачала распаўсюджвацца практыка выдачы індульгенцыяў. Так, вядома, што ад Папы Венедыкта XIV індульгенцыі атрымлівалі асобныя уніяцкія манастыры, у тым ліку Цэперскі і Ракаўскі. Некаторыя асобы з уніяцкага свяшчэннаначалля лічылі, што уніяцкі святар павінен і па знешнасці адрознівацца ад праваслаўнага, і таму выйшла прадпісанне ўсім святарам галіць бароды і не адрошчваць доўгія валасы. Гэтыя рыма-каталіцкія новаўводзіны па-рознаму ўспрымаліся ва уніяцкім асяродку, асабліва сярод белага духавенства, якое было ў непасрэдным кантакце з простым народам. Як заўважыў адзін сучасны даследчык: "самі уніяты задумаліся, дзе яны знаходзяцца — пад уніяй ці ў касцёле". Аднак, гэта ўжо тэма для асобнага доследу.
 
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.