Царкоўнае кіраванне ў XVIII стагоддзі. Перадумовы заснавання епіскапскай кафедры

У кананічных адносінах цэрквы і манастыры, размешчаныя ў межах будучай Мінскай епархіі, знаходзіліся пад амафорам Кіеўскіх мітрапалітаў, якія, як і ў старажытнасці, вызнавалі духоўнае і кананічнае верхавенства Канстанцінопальскага Патрыярха. Як ўжо зазначалася раней, Кіеўская мітраполія пасля яе аднаўлення ў 1620 годзе мела ў сваім складзе пяць епархіяў: мітраполічую Кіеўскую, Луцкую, Львоўскую, Перамышльскую і Магілёўскую (Беларускую). Да самай вялікай мітраполічай епархіі належалі заходне-беларускія землі, уключаючы Наваградак, Вільню, Трокі, а таксама праваслаўныя храмы Пінскай зямлі. Мінскае ваяводства знаходзілася пад юрысдыкцыяй Магілёўскіх архіерэеў.

Пасля Пераяслаўскай рады 1654 года левабярэжная частка Украіны разам з Кіевам была ўключаная ў склад Расіі, а кафедра Кіеўскіх мітрапалітаў уведзена пад амафор Патрыярха Маскоўскага. Правабярэжная Украіна працягвала заставацца ў складзе Рэчы Паспалітай, і ўсе праваслаўныя епархіі, якія знаходзіліся ў яе межах, працягвалі заставацца пад юрысдыкцыяй Патрыярха Канстанцінопальскага. Стварылася парадаксальная сітуацыя, калі адна мітраполія складалася з дзвюх юрысдыкцыяў.

Гэта працягвалася да 1686 года, калі, не без нажыму турэцкага візіра, Патрыярх Канстанцінопальскі Дзіянісій IV спецыяльнай граматай адмовіўся ад сваёй патрыяршай улады над Кіеўскай мітраполіяй. Пасля гэтага Кіеўская мітраполія ў поўным складзе была падпарадкаваная Маскоўскаму Патрыярху, "як першасная сярод усерасійскіх мітраполіяў". Пазней, аднак, кананічнае значэнне Кіеўскай мітраполіі пачало змяншацца, пакуль не сышло да статуса звычайнай Кіеўскай епархіі. Але гэта пазней. Цяпер жа Кіеўскія мітрапаліты, якіх пастаўлялі Маскоўскія Патрыярхі (з 1723 года Свяцейшы Сінод), атрымалі права і абавязак акармляць усю праваслаўную паству, што знаходзілася ў межах Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, у межах будучай Мінскай епархіі. Дзеля зручнасці зносінаў са сваёй паствай Кіеўскія мітрапаліты мелі сваіх намеснікаў (каад'ютараў) у асобе архімандрытаў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра.

Для месцазнаходжання мітраполічых намеснікаў горад Слуцк быў абраны яшчэ ў 1659 годзе, калі мітрапаліт Кіеўскі Дзіянісій Балабан (1657-1663) заснаваў тут духоўную кансісторыю. I адбылося гэта не выпадкова, а з улікам высокага духоўнага аўтарытэту гэтага горада. Калі ў Мінскіх землях сцвердзілася унія, слуцкія храмы і манастыры захоўвалі сваю вернасць Праваслаўю. Яшчэ здаўна праваслаўныя тут знаходзіліся пад апекаю князёў Слуцкіх з роду Алелькавічаў, якія з"яўляліся ахвярадаўцамі, будаўнікамі і абаронцамі праваслаўнай веры. Асаблівая роля ў гэтым належыць роднай дачцэ апошняга з роду Алелькавічаў Слуцкага князя Юрыя — праведнай Сафіі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.