Царкоўнае кіраванне ў XVIII стагоддзі. Перадумовы заснавання епіскапскай кафедры


Паводле агульнага меркавання, толькі дзякуючы праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, горад Слуцк заставаўся адзіным з усіх гарадоў будучай Мінскай епархіі, дзе найбольш поўна была захавана суцэльнасць, чысціня і недатыкальнасць праайцоўскай праваслаўнай веры. Па настойлівых просьбах праведнай Сафіі муж яе Януш Радзівіл дамогся ад караля адмысловай граматы, паводле якой забаранялася ў Слуцкай зямлі "прымушаць да уніі". Пасля спачыну праведнай Сафіі Януш Радзівіл, захоўваючы памяць пра моц веры і чысціню сэрца сваёй спачылай сужонкі, ужо ад свайго імя выдаваў граматы, якія ахоўвалі інтарэсы праваслаўных людзей. У адной з такіх граматаў запісана: "цэрквы і манастыры рэлігіі стара-рускай у маёнтках маіх павінны быць захаваныя і нашчадкі мае павінны пільнаваць, каб не адбылося ў гэтым ніякіх зменаў" (Цыт. паводле: Минские епархнальные ведомости. 1912, № 4). Спадкаемцы Януша Радзівіла выконвалі яго запавешчанне і пры неабходнасці рабілі пацвярджэнне выдадзенай іх продкам граматы.

Спачыла праведная Сафія 19 сакавіка (1 красавіка) 1612 года ў выніку цяжкіх родаў мёртванароджанай дачкі. Цела праведнай Сафіі было пахавана ў галоўным храме старажытнага Свята-Троіцкага манастыра. Адразу ж пасля спачыну праведнай Сафіі пачалося ўшанаванне яе мошчаў. У народзе яна лічылася апякункай хворых жанчын. Паводле звычаю, жанчыны Слуцка і наваколляў штогод на дабрачынныя ахвяраванні набывалі шаўковую альбо атласную сукенку, у якую праведную Сафію пераапраналі, пры гэтым блізу яе мошчаў не маглі знаходзіцца асобы мужчынскага полу, у тым ліку і настаяцель манастыра.

Мошчы праведнай Сафіі знаходзіліся ў драўлянай дамавіне, укладзенай у цынкавую. Абедзве дамавіны былі ўпраўлены ў дубовы футарал і захоўваліся зачыненымі. На покрыве цёмна-малінавага колеру быў надпіс: "Блаженни алчущия, ибо тии утешатся". Цела праведнай Сафіі мае выразныя прыкметы нятлення: захаваліся вусны, вочы, бровы, вейкі, захавалася скура колеру светла-жоўтага воску. Цяпер рака з мошчамі праведнай Сафіі знаходзіцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы каля паўночнай сцяны.

Галоўным храмам сярод усіх іншых Слуцкіх цэркваў быў Свята-Троіцкі храм аднайменнага манастыра. Манастыр, як мы ўжо казалі, заснаваны быў у глыбокай старажытнасці, аднак першая пісьмовая згадка пра яго датуецца пачаткам XIII стагоддзя. Да пачатку XVI стагоддзя ўсе манастырскія пабудовы былі драўляныя і часта падпадалі пад знішчэнне ад пажараў. У 1505 годзе князёўнай Анастасіяй Алелька, прабабкай праведнай Сафіі, і яе сынам Юрыем, які даводзіўся дзедам праведнай Сафіі, быў упершыню пабудаваны мураваны манастырскі храм у гонар Прасвятой Багародзіцы ва ўдзячнасць Богу за перамогу над татарамі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.