Царкоўнае кіраванне ў XVIII стагоддзі. Перадумовы заснавання епіскапскай кафедры


У храме захоўвалася напрастольнае Евангелле, якое ўласнай рукою перапісаў князь Юрый Юр'евіч Алелька і перадаў царкве ў 1580 годзе. Тут жа захоўвалася настаяцельскае жазло з чыстага срэбра, таксама ахвяраванае апошнім князем з роду Алелькавічаў. Рэліквіяй храма быў і срэбраны вызалачаны пацір. На салеі паміж іканастасам і грабніцай праведнай Сафіі была змешчана ў кіоце ікона Прасвятой Багародзіцы — фамільная ікона князёў Слуцкіх, якая шанавалася ў Слуцку і яго наваколлях.

Да Слуцкага Свята-Троіцкага храма былі прыпісаныя Свята-Мікалаеўскі (Успенскі) манастыр у Морачы, Свята-Мікалаеўскі ў Грозаве і Свята-Петра-Паўлаўскі ў Старчыцах. У Свята-Петра-Паўлаўскі манастыр у вёсцы Старчыцы, што непадалёку ад Слуцка, у 1678 годзе прыходзіў для пакланення Старчыцкай цудатворнай іконе Божае Маці свяціцель (тады яшчэ іераманах) Дзімітрый Растоўскі. Ён жыў у Слуцку ад снежня 1677 года да студзеня 1679 года па запрашэнні для пропаведзі Слова Божага Спаса-Праабражэнскім брацтвам. Знаходзячыся ў Слуцку, свяціцель Дзімітрый працягваў працу над сваімі Чэцці-Мінеямі. На цвінтары Свята-Троіцкага манастыра ён выкапаў калодзеж, на верхнім вянцы зруба якога свяціцель зрабіў надпіс наступнага зместу: "Почто нам в Самарію за водою ходити, егда и здев Случеске, лепо ее пити".

Да сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Слуцку захавалася 14 праваслаўных цэркваў, у тым ліку манастырскіх. Вось іх пералік: Свята-Троіцкая манастырская, Спаса-Праабражэнская манастырская, Свята-Іліінская манастырская, Свята-Успенская саборная ў замку, Ражджаства Хрыстовага, Спаса-Уваскрасенская, Свята-Міхайлаўская, Свята-Варварынская, Свята-Мікалаеўская, Свята-Георгіеўская, Іаана Хрысціцеля, Свята-Сімеонаўская, Свята-Канстанцінаўская, Свята-Сцяфанаўская.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцку з’явілася яшчэ адна святыня. У 1755 годзе пасля пажару, які знішчыў храмы ў Заблудаве, сюды былі перанесены мошчы св.мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага (памяць 20 красавіка/3 мая). Перанясенне адбылося па хадайніцтве архімандрыта Свята-Троіцкага манастыра Міхаіла Казачынскага і тагачаснага ўладальніка Слуцка Іераніма Радзівіла, з дазволу караля. Прывезеныя ў Слуцк мошчы былі з глыбокай пашанай змешчаныя ў галоўным храме Свята-Троіцкага манастыра. Мошчы захоўваліся адкрыта ў драўлянай рацы-грабніцы каля левага кліраса на спецыяльным узвышэнні. Абедзве ручкі мучаніка-дзіцяткі ахоплівалі металічны напрастольны крыж, і на іх былі бачныя сляды колатых ранаў. Над ракай змяшчаўся жыццяпіс святога мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла, складзены ў вершаванай форме. Узімку мошчы пераносіліся ў цёплую дамавую Свята-Благавешчанскую царкву, уладкаваную ў брацкім корпусе. Асаблівая служба св. дзіцятку Гаўрыілу правілася ў свята Сашэсця Святога Духа. У гэты дзень мошчы хрэсным ходам абносілі вакол храма, пасля чаго яны выстаўляліся для пакланення. Мясцовымі жыхарамі св.дзіцятка Гаўрыіл шанаваўся як апякун малых хворых дзяцей.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.