Царкоўнае кіраванне ў XVIII стагоддзі. Перадумовы заснавання епіскапскай кафедры


У 70-х гадах XVIII стагоддзя Слуцкая архімандрыя пачынае набываць рысы архіерэйскай кафедры. Хоць і па-ранейшаму настаяцелі Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра называліся намеснікамі (каад'ютарамі) Кіеўскага мітрапаліта, ім было дадзена права высвячаць у прычотніка і іпадыякана. Пад час адпраўлення богаслужэнняў Слуцкі архімандрыт выкарыстоўваў рыпіды, дыкірый і трыкірый, а таксама жазло. Пад час херувімскай песні ён не выходзіў разам з усімі святарамі ў царкву, а прымаў св. чашу, стоячы ў царскіх варотах, як гэта належыць архіерэю. У дадатак да ўсяго ён меў права суда над святарамі. Такім чынам, Слуцкія архімандрыты, апрача хіратоніі, мелі фактычна ўсе правы вікарнага епіскапа.

У 1783 годзе "на замежную ў Польшчы Слуцкую архімандрыю" прызначэннем Св. Сінода быў пастаўлены ігумен Віктар Садкоўскі. Прызначэнне гэтае адбылося пасля спачыну архімандрыта Паўла Ваўчанскага, які ачаляў Слуцкую архімандрыю на працягу дваццаці апошніх гадоў.

У маі 1784 года новапастаўлены ігумен Віктар Садкоўскі мітрапалітам Кіеўскім Самуілам быў пасвячоны ў сан архімандрыта і ў сярэдзіне снежня таго самага года прыбыў у Слуцк. Прызначэнне архімандрыта Віктара Садкоўскага ў Слуцк адбылося па рэкамендацыі свяціцеля Георгія Каніскага, які добра ведаў яго пасля працяглага сумеснага служэння. Знаёмства іх адбылося ў той час, калі будучы архімандрыт (а пазней архіепіскап) Віктар Садкоўскі быў студэнтам Кіеўскай Духоўнай Акадэміі, а свяціцель Георгій Каніскі — яе рэктарам. Пасля атрымання ў 1755 годзе Магілёўскай (Беларускай) епіскапскай кафедры свяціцель Георгій Каніскі запрасіў маладога выпускніка Акадэміі да сябе ў якасці супрацоўніка. I з таго часу Садкоўскі на працягу семнаццаці гадоў знаходзіўся "пры баку епіскапа Магілёўскага". Ён быў вельмі набліжаны да свяціцеля, суправаджаў яго ў паездках, многія лісты свяціцеля напісаны яго рукою. Усё гэта адбывалася нягледзячы на тое, што уладыка Віктар не меў духоўнага звання і вядомы быў пад сваім мірскім імем як прафесар Васілій Сямёнавіч Садкоўскі. Толькі ў 1768 годзе ён быў пасвячоны ў сан іераманаха. У 1774 годзе яму даручаецца ігуменства ў Мсціслаўскім Тупічэўскім манастыры, а ў 1775 годзе ён займае месца капелана Расійскага пасольства ў Варшаве. У той час у Варшаве, нават у будынку, дзе знаходзілася пасольства, не было ні воднага праваслаўнага храма, і богаслужэнні новапрызначанаму капелану даводзілася адпраўляць ў нанятых памяшканнях. Застаючыся ў верным паслушэнстве свяціцелю Георгію, правёў ігумен Віктар у Варшаве амаль поўных дзесяць гадоў, пакуль не атрымаў прызначэння на Слуцкую архімандрыю.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.