Царкоўнае кіраванне ў XVIII стагоддзі. Перадумовы заснавання епіскапскай кафедры


У хуткім часе пасля прыезду архімандрыта Віктара на месца новага служэння ў межах Рэчы Паспалітай была заснавана праваслаўная епіскапская кафедра з мэтай акармлення праваслаўных храмаў і манастыроў, якія знаходзіліся на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Гэта было ажыццяўленне задумы свяціцеля Георгія Каніскага, і таму не дзіўна, што ў чэрвені 1785 года адбылася хіратонія а. Віктара ў епіскапа з прызначэннем яго правячым архіерэем новаўтворанай епархіі. Поўны тытул яго быў "епіскап Пераяслаўскі і Барыспальскі, каад'ютар мітраполіі Кіеўскай і Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра архімандрыт". 3 1785 да 1797 гг. кафедра епіскапа Пераяслаўскага і Барыспальскага знаходзілася ў Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры. Трэба зазначыць, што і пасля заснавання Мінскай епархіі і перанясення епіскапскай кафедры з Слуцка ў Мінск Мінскія архіерэі працягвалі дадаваць да свайго тытула "і свяшчэннаархімандрыт Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра".

У снежні 1785 года пасля свайго прыезду ў Слуцк уладыка Віктар звярнуўся да сваёй паствы з епіскапскай граматай, у якой паміж іншым адзначалася: "Не чакайце другога Евангелля. Сцвердзіце мір у сэрцах вашых; напаўняйце сэрцы вашыя міласцю і мірам — і гэтай зброяй змагайцеся з тымі, хто жадае прыгнятаць вас". Грамата мела мэтай заспакоіць жыхароў Рэчы Паспалітай праваслаўнага веравызнання. Гэтая дзяржава, як вядома, перажывала тады перыяд бунтаў і неспакою, ахвярай якіх у хуткім часе наканавана было стаць самому ўладыку Віктару. 3 прыездам епіскапа царкоўнае жыццё ў Слуцку актывізавалася. У 1786 годзе ўладыка Віктар асвяціў Свята-Мікалаеўскую царкву ў Слуцку, два храмы ў Мазыры і храм у Асаўцы. Па яго благаславенні закладзена царква ў Капылі, выдадзена грамата на пабудову храма ў Чыжэвічах. Па ініцыятыве Праасвяшчэннага Віктара адчыняліся вучэльні, арганізоўваўся навучальны працэс у Слуцкай духоўнай семінарыі, якая была заснавана ў Слуцку "пры каад'ютары Кіеўскай мітраполіі" ў маі 1785 года. Падбіраліся супрацоўнікі кансісторыі, утворанай пры архіерэйскай кафедры.

Але хутка епіскапская кафедра нечакана для ўсіх асірацела. У 1789 годзе ў раёне вёскі Баслаўцы, па дарозе з Грозаўскага манастыра ў Слуцк, уладыка Віктар быў арыштаваны і пад аховай дастаўлены праз Нясвіж у Варшаву. Праасвяшчэннаму было прад'яўлена абсурднае абвінавачванне: "падбухторшчык да бунта". Арышт уладыкі Віктара супаў з перыядам новых ганенняў супраць праваслаўных, што час ад часу распачыналіся ў неспакойнай Рэчы Паспалітай. У многіх манастырах, якіх у межах акармляемай уладыкам Віктарам епархіі налічвалася болей за трыццаць, праводзіліся вобыскі і дазнанні. Арыштоўвалі святароў. Вядомы выпадак, калі дзеля запалохання праваслаўных жыхароў упраўляючы маёнткам у Грозаве паручнік Вікенцій Мараўскі ўзвёў у сяле тры шыбеніцы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.