Царкоўнае кіраванне ў XVIII стагоддзі. Перадумовы заснавання епіскапскай кафедры


Нягледзячы на тое, што ўжо ўвосень 1789 года ганенні спыніліся, уладыка Віктар працягваў знаходзіцца ў Варшаўскай вязніцы. Вызваленне адбылося толькі ў ліпені 1792 года. Ад канфедэратаў, якія прыйшлі да ўлады ў Рэчы Паспалітай, уладыка атрымаў дакумент, дзе была засведчана поўная яго невіноўнасць. Аднак Св. Сінод па нейкіх прычынах марудзіў з выданнем дазволу Праасвяшчэннаму Віктару вярнуцца ў Слуцк і заняць сваю кафедру. Таму ўладыка быў вымушаны кіраваць епархіяй, знаходзячыся ў Варшаве.

У Слуцк яму давялося прыехаць толькі ў сакавіку 1793 года. На той час горад разам з іншымі беларускімі землямі ў выніку II падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў межах Расійскай дзяржавы. У тагачаснай Расіі адсутнічала патрыяршая форма царкоўнага кіравання. Замест яе дзейнічаў Свяцейшы Сінод на чале з свецкім чалавекам, але ў складзе сваім маючы шэраг высокіх прадстаўнікоў свяшчэннаначалля.

3 мэтаю стварэння належнай сістэмы царкоўнага кіравання, адпаведна кананічным правілам Праваслаўнай Царквы, 13 красавіка 1793 года быў выдадзены Найвышэйшы ўказ аб заснаванні на далучаных да Расіі тэрыторыях асобнай Мінскай епархіі з тытулам правячага архіерэя "архіепіскап Мінскі, Ізяслаўскі і Брацлаўскі". Паводле гэтага ж указу Праасвяшчэнны Віктар Садкоўскі прызначаўся першым правячым архіерэем на новазаснаваную кафедру. У дыптыху епархіяў новазаснаваная Мінская, сярод 33-х епархіяў, якія існавалі на той час у Расіі, займала адзінаццатае месца пасля Магілёўскай.

Кананічныя межы новаўтворанай епархіі вызначаліся адміністрацыйнымі межамі трох губерняў — Мінскай, Ізяслаўскай і Брацлаўскай, якія таксама ўзніклі ў выніку II падзелу Рэчы Паспалітай. Мінскі архіепіскап, апрача таго, меў свае "адносіны" і да тых праваслаўных манастыроў і храмаў, якія пасля II падзелу знаходзіліся па-за межамі Расіі. Мінская епархія па сваёй тэрыторыі была самай вялікай з усіх епархіяў. На час заснавання Мінскай архіепіскапіі ў яе межах налічвалася 329 прыходскіх цэркваў. У Мінскай губерні знаходзілася 89 прыходаў, з якіх 45 — у Слуцкім павеце. У епархіі дзейнічала 22 мужчынскія і 4 жаночыя манастыры. Значная частка прыходаў і манастыроў была актывізавана ў выніку дзейнасці Праасвяшчэннага Віктара ў 1786-88 гг.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.