Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Пацярпелі многія праваслаўныя манастыры, бо французы выкарыстоўвалі іх для пастою салдатаў. Аднак шкода, нанесеная імі, была не такая значная. У Віленскім Свята-Духавым манастыры яны ўтрымлівалі дзве тысячы ваеннапалонных. Пры адыходзе французскага войска адзін з ад'ютантаў Напалеона зняў з іканастаса манастырскага Свята-Духава храма сем іконаў "самага лепшага жывапісу" і, напэўна, для таго, каб засведчыць сваю цывілізаванасць, пакінуў манастыру аб гэтым распіску.

У Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры таксама быў арганізаваны пастой для салдатаў. Аднак архімандрыт манастыра а. Маркіян "у той небяспечны час сем тыдняў" працягваў адпраўляць богаслужэнні. Мінская духоўная семінарыя, якая знаходзілася пры манастыры, на перыяд вайны сваю дзейнасць спыніла. Аднавіліся заняткі ў лютым 1813 года, але праводзіліся яны пры адсутнасці 2/3 колькасці вучняў і трох выкладчыкаў.

Адразу ж пасля адыходу французаў з горада намаганнямі ўладыкі Серафіма ў Мінск была вернута эвакуяваная маёмасць. Адбылося гэта ў снежні 1812 года, а ў студзені 1813 года аднавіла сваю дзейнасць кансісторыя. Пачалі вяртацца на свае месцы святары.

На рамонт царкоўных і манастырскіх будынкаў урад выдаў Св. Сіноду значную суму ў 3 млн. 500 тыс. руб. Мінская епархія атрымала з гэтай сумы 40 тыс. руб., што давала магчымасць прыступіць да рамонту храмаў і выпраўленню пашкоджанняў, прычыненых вайной.

У жніўні 1814 года архіепіскап Серафім быў прызначаны на Цвярскую кафедру. У выніку гэтага Мінская кафедра засталася без прадстаяцеля. Пэўны нагляд за епархіяй быў даручаны Магілёўскаму епіскапу. I толькі ў лютым 1816 года на Мінскую кафедру быў прызначаны новы архіерэй — архіепіскап Анатолій Максімовіч (1814-1832). Уладыка Анатолій паходзіў з Украіны. 3 1809 да 1812 г. быў рэктарам Санкт-Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі. 3 1812 года і да прызначэння ў Мінск займаў Палтаўскую епіскапскую кафедру.

3 уступленнем уладыкі Анатолія на Мінскую кафедру жыццё епархіі наладзілася і праходзіла без усялякіх хваляванняў на працягу ўсіх шаснаццаці гадоў яго свяціцельства.

На момант прыезду новага архіерэя быў цалкам адноўлены архіерэйскі дом. На вылучаныя казной грошы рамантаваліся гарадскія храмы. Уладыка Анатолій, таксама як і яго папярэднікі, звярнуў увагу на малалікасць праваслаўных манастыроў. У 1815 годзе ў дзесяці манастырах Мінскай епархіі было 28 насельнікаў. Таксама, як у свой час уладыка Іоў, Праасвяшчэнны Анатолій пайшоў шляхам скарачэння колькасці манастыроў. У 1818 годзе быў зачынены Свята-Петра-Паўлаўскі манастыр у Старчыцах, а яго храм ператвораны ў прыходскі. У 1823 годзе скасавана шэсць манастыроў, у тым ліку манастыры ў Брэсце і Драгічыне. Царква Драгічынскага манастыра "з-за недахопу прыходжанаў" была ператвораная ў прыпісную. У 1827 годзе ён зрабіў адпаведнае прадстаўленне пра закрыццё Свята-Іаана-Багас­лоўскага манастыра ў Грозаве, аднак, Свяцейшы Сінод не дазволіў гэтага. А яшчэ раней было адменена рашэнне пра закрыццё манастыра ў Брэсце. Да 1839 года абіцель знаходзілася пад юрысдыкцыяй Мінскіх архіерэяў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.