Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Некаторыя манастыры, асабліва Слуцкі Свята-Троіцкі, у гэты перыяд дасягнулі росквіту. На пачатку 30-х гадоў XIX стагоддзя манастыр вёў значную гаспадарку і, атрымліваючы гадавога прыбытку да 3 тыс. руб., "быў у дастатку".

Становішча ж прыходскіх цэркваў, асабліва вясковых, заставалася несуцяшальным. Як і раней, храмы ўтрымліваліся выключна за кошт дабрачынных ахвяраванняў, якія былі зусім нязначныя з прычыны беднасці прыходжанаў. 3 боку мясцовых землеўладальнікаў ахвяраванні рабіліся вельмі рэдка, бо амаль усе яны былі католікамі і не былі зацікаўленыя ў добраўладкаванні і паляпшэнні дабрабыту праваслаўных храмаў. Пабудова новых храмаў была выключнай з’явай, і "многія цэрквы, пашкоджаныя часам, ужо не падлягалі рамонту". Ускладнялася становішча і тым, што да 1814 года дзейнічаў указ імператара Паўла (1796-1801), паводле якога ў Мінскай епархіі дазвалялася будаваць толькі мураваныя храмы і забаранялася ўзводзіць больш танныя драўляныя.

Надзеі на дапамогу казны ў большасці выпадкаў не спраўджваліся, бо дапамога аказвалася толькі асобным гарадскім храмам. Так, у 1826 годзе на рамонт Мінскага Свята-Екацярынінскага сабора і пабудову пры ім прычтавага дома казною было выдзелена больш за 6 тыс. руб.

У бытнасць уладыкі Анатолія колькасць храмаў у епархіі пачала скарачацца. Калі ў 1812 годзе колькасць прыходскіх цэркваў складала 265, то ў 1832 годзе яна зменшылася да 246.

Зачыняліся храмы і з прычыны пажараў, бо аднавіць згарэлы дашчэнту храм прыходжане з-за беднасці сваёй былі не ў стане. Часам прыход зачыняўся і з той прычыны, што не быў здольны даваць нават самае сціплае ўтрыманне свайму настаяцелю. Беднасць прыходжанаў і адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы прыводзілі да таго, што многія сельскія святары траплялі ў матэрыяльную залежнасць ад мясцовых памешчыкаў, якія чынілі "схізматычным папам" абразы і ўціск.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.