Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Пачынаючы з 1817 года пачаўся працэс пераўтварэння духоўных семінарыяў у сярэднія навучальныя установы. У якасці ніжэйшай ступені духоўнай адукацыі былі духоўныя і прыходскія вучэльні. 3 наданнем духоўным семінарыям высокага статуса паляпшалася іх матэрыяльнае забеспячэнне. Так, Мінскай духоўнай семінарыі пачалі адлічваць на яе ўтрыманне 31 тыс. руб. у год, замест 14 тыс, якія яна атрымлівала раней, да пераўтварэння. Узрастаў і ўзровень патрабаванняў да выкладчыкаў і навучэнцаў.

Мінская духоўная семінарыя на пачатку 20-х гадоў XIX стагоддзя мела рэктара, інспектара і чатырох выкладчыкаў, трое з якіх адначасова былі святарамі пры Слуцкіх цэрквах. У склад семінарскай карпарацыі ўваходзілі таксама лекар і эканом.

На пачатку 30-х гадоў XIX стагоддзя колькасць слухачоў семінарыі ўзрасла да 115, і толькі 34 з іх знаходзіліся на сваім уласным утрыманні.

Да канца 30-х гадоў XIX стагоддзя выкладанне ў семінарыі асноўных прадметаў, такіх як багаслоўе, філасофія, славеснасць, вялося на лацінскай мове. Толькі невялікі раздзел курса багаслоўя, які пазней быў вылучаны ў самастойныя курсы літургікі і царкоўнай археалогіі, чытаўся па-руску. У 20-х гадах быў адчынены асобны "польскі клас". Гэта было зроблена "зважаючы на тое, што польская мова ў тутэйшым краі ёсць агульнаразмоўная".

Яшчэ ў 1817 годзе чарговы раз было прапанавана перавесці семінарыю ў Мінск, на гэта быў складзены каштарыс, які патрабаваў асігнавання на пабудову семінарскага будынка ў Мінску больш за сто тысяч рублёў. 3 прычыны вялікага кошту гэтага праекта ад пераводу семінарыі вырашылі ўстрымацца.

У 1817 годзе пры семінарыі была створаная Слуцкая павятовая духоўная вучэльня, а таксама прыходская вучэльня, якая налічвала спачатку 27 чалавек, а пазней колькасць навучэнцаў узрасла да 100.

У 1832 годзе архіепіскап Анатолій пасля шаснаццацігадовага служэння на Мінскай кафедры быў пераведзены ў Сімбірск, дзе была заснаваная новая епіскапія. Сучаснікі Праасвяшчэннага Анатолія адзначалі яго мяккае стаўленне да уніятаў. Цалкам верагодна, што гэтая мяккасць і прабачальнасць зыходзілі не толькі ад уселагоднага сэрца ўладыкі, але і адлюстроўвалі дух таго часу. У перыяд яго знаходжання на Мінскай кафедры Расійскі ўрад праводзіў адносна уніятаў палітыку "умиротворения".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.