Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі

Яшчэ раней, імкнучыся адмежаваць уніяцкае свяшчэннаначалле і клір ад экспансіі католікаў, якая праявілася ў масавым пераводзе уніятаў у лацінства на пачатку XIX стагоддзя, імператар Аляксандр I спецыяльным указам спыніў гэты працэс. У 1809 годзе адбылося аднаўленне уніяцкай мітраполіі. Значная частка кліру была надзвычай зацікаўленая ў правядзенні такой палітыкі, бо яна перашкаджала паглынанню уніі рыма-каталіцкай царквой, што стымулявалася пры уладзе Паўла I. Тады была ўсталявана поўная арганізацыйная залежнасць уніі ад рыма-католікаў. Уніяцкі ордэн базыльянаў у 1801 годзе быў выведзены з падпарадкавання ўніяцкага свяшчэннаначалля. Шырока выкарыстоўваўся тэзіс, што уніяты — гэта "далучаныя альбо да праваслаўных альбо да католікаў, а не самі па сабе". Казалі пра тое, што Расійскі ўрад мае намер знішчыць унію шляхам далучэння да рыма-каталіцкай царквы. Гэтыя размовы ўспрымаліся вельмі сур'ёзна, маючы на ўвазе тыя захады, якія рабіліся імператарам Паўлам I. Імператар вызваліў вялікую колькасць грамадзянаў былой Рэчы Паспалітай, сасланых імператрыцай Екацярынай II у Сібір. Не толькі вызваліў іх, але і вярнуў ім маёнткі. Так, імператар Павел I вызваліў з турмы кіраўніка паўстанцаў Тадэвуша Касцюшку, наведаўшы яго папярэдне ў Петрапаўлаўскай крэпасці і пакінуўшы яму значную суму грошай, што дазволіла апошняму пасяліцца ў Швейцарыі. Пасля смерці Т.Касцюшкі ў 1817 годзе пераемнік Паўла I імператар Аляксандр I (1801-1825) дазволіў правіць заўпакойныя богаслужэнні. Той самы Аляксандр I даў сваю згоду на пабудову помніка ў гонар падпісання Люблінскай уніі 1569 г. Пасля смерці імператара ў 1825 годзе ўдзячныя яго прыхільнікі ўзвялі ў Варшаве касцёл у імя св. Аляксандра.

На ўсім абсягу Мінскай епархіі панавала польская мова. Зрабіўшыся моваю канцылярыі, яна паступова, нягледзячы на апазіцыю ва уніяцкім асяродку, робіцца мовай уніяцкай царквы, мовай малітвы і духоўных песнапенняў, мовай хатніх зносінаў святароў. Беларуская мова мела самы шырокі ўжытак сярод простага народа. Шляхта ж, дробныя і буйныя землеўладальнікі імкнуліся карыстацца польскай мовай. Уладзіслаў Сыракомля сцвярджаў, што "Мінскія езуіты з невялікай калегіяй у Бабруйску выхавалі на працягу стагоддзя ўсю шляхту Мінскага ваяводства. Бо іншых школаў проста не існавала" (Ул-.Сыракомля. Добрыя весці. Мн., 1994, с.412-413).

Меркаванне пра тое, што тут жывуць палякі, было шырока распаўсюджаным. Нават у падручніку геаграфіі, якім карысталіся ў школах Расіі з 1820 да 1850 гг., насельніцтва заходніх губерняў Расіі, у тым ліку і Мінскай, называлася "палякамі".

У 1829 годзе ў Мінскай губерні налічвалася 53 каталіцкія кляштары і 13 уніяцкіх. Існавала 349 уніяцкіх прыходаў і 65 беспрыходных капліцаў. Закон дазваляў узводзіць новыя храмы, калі уніятаў налічвалася ў дадзенай мясцовасці не менш за 100 двароў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.