Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Уладыка Анатолій быў пераведзены на Сімбірскаую кафедру ў лютым 1832 года, а ў маі таго самага года ў Мінск прыбыў яго пераемнік епіскап Яўгеній Бажанаў. Уладыка Яўгеній сконыў Тульскую духоўную семінарыю. У 1819 годзе прыняў манаскі пострыг. У 1829 годзе быў пасвячоны ў епіскапскі сан і прызначаны на епіскапскую кафедру ў Тамбоў, адкуль атрымаў прызначэнне ў Мінскую епархію. Да гэтага часу ўсе прадстаяцелі Мінскіх цэркваў мелі сан архіепіскапа. Пастаўленне Праасвяшчэннага Яўгенія, які меў сан епіскапа, было ўспрынята як зніжэнне статуса Мінскай епархіі да ўзроўню епіскапіі.

Пры ўладыку Яўгеніі адбылася чарговая змена межаў епархіі. У сувязі з аднаўленнем у 1833 годзе Полацкай епархіі, частка літоўскіх земляў адышла да яе, а ў складзе Мінскай епархіі засталася Гродзенская губерня. 3 гэтай прычыны Мінскі архіерэй атрымаў новы тытул: "Мінскі і Гродзенскі". У новых межах епархія налічвала 277 прыходаў і 241.028 прыходжанаў.

У склад Мінскай епархіі да 1839 года ўваходзілі таксама 14 прыходскіх храмаў, якія знаходзіліся ў Віленскай і Гродзенскай губернях: Вілейскі, Дзісенскі, Друйскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Заблудаўскі, Слонімскі, Лідскі, Пружанскі, Брэсцкі, Кобрынскі, Драгічынскі і Бельскі.

У 1834 годзе замест Праасвяшчэннага Яўгенія на Мінскую кафедру быў пастаўлены архіепіскап Ніканор Клеменцьеўскі (1834-1840), які займаў датаго часу Калужскую кафедру. А раней уладыка Ніканор пасля хіратоніі ў 1826 годзе быў епіскапам Рэвельскім. Прызначэнне ўладыкі Ніканора было звязана з падрыхтоўкай глебы для агульнага ўз'яднання уніятаў і мела на мэце "лепшае добраўладкаванне Царквы". Уладыка Ніканор аказаўся на вышыні для выканання ўскладзенай на яго задачы. Паводле словаў сучасніка, архіепіскап Ніканор "быў каштоўнай знаходкай для епархіі, дзе мясцовыя абставіны патрабавалі ад архіпастыра вялікага запасу лагоднасці і гатоўнасць сустрэць добрым сэрцам шмат цяжкасцяў і сутычак". У бытнасць уладыкі Ніканора адбылося ўз'яднанне уніятаў. I хоць справу ўз'яднання выконвала уніяцкае свяшчэннаначалле ў асобе мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, архіепіскапа Васілія Зубко і іншых, з боку праваслаўных архіпастыраў патрабаваўся ў гэты адказны момант сардэчны ўдзел у справе, тактоўнасць і цярпенне.

У царкоўным асяроддзі на той час склалася пэўнае меркаванне, што уніятаў ад Праваслаўнай Царквы аддзяляюць толькі дзве заганы — прызнанне Папы Рымскага сваім галавой і нераскаяны грэх непаслушэнства перад Святым Праваслаўем. Адпаведна гэтаму меркаванню, уніяты адрозніваліся ад праваслаўных "не столькі духам, колькі знешняй залежнасцю і неспрыяльнымі падзеямі". Паводле пераканання аднаго з галоўных дзеячаў уз'яднання архіепіскапа Антонія Зубко "назва грэка-уніяты была кніжнай і афіцыйнай, незнаёмай народу, без згоды якога ўзнікла унія; а паколькі богаслужэнне заставалася грэка-рускім, то народ, падпарадкаваны грэка-уніяцкім духоўным іерархам, не пераставаў называць сваю веру рускай, у супрацьлегласць веры рыма-каталіцкай, якую называў польскай ці каталіцкай". Гэтае меркаванне дзіўным чынам супадала з выказанай задоўга да таго думкай свяціцеля Георгія Каніскага, які лічыў, што уніяты "прынялі унію гвалтоўна і выконваюць толькі знешне, заўсёды ў сэрцы сваім благачэсце нязменна захоўваючы".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.