Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Патрэбны быў выпадак, які б дазволіў знешнім чынам выявіць еднасць царкоўнага народа з Праваслаўем. Такі выпадак здарыўся ў 1839 годзе на Полацкім саборы. Скліканню сабора папярэднічала яго дбайная падрыхтоўка, на працягу якой па ініцыятыве уніяцкага свяшчэннаначалля былі сабраны ў пераважнай колькасці уніяцкага кліру подпісы пра іх жаданне ўвайсці ва ўлонне праайцоўскай праваслаўнай веры. На падставе саборнага рашэння, пад якім падпісаліся 1305 уніяцкіх святароў і ўсе уніяцкія іерархі, Свяцейшы Сінод прыняў пастанову, у якім падкрэслівалася: "Епіскапаў, святарства і духоўную паству грэка-уніяцкай царквы прыняць у зносіны і непадзельны склад Праваслаўнай Царквы Ўсерасійскай". Полацкі царкоўны сабор адбыўся 24 лютага 1839 года, а 23 чэрвеня (н.ст.) таго самага года ў Мінску было адпраўлена першае сумеснае богаслужэнне далучаных да Праваслаўя уніятаў і праваслаўных жыхароў горада, якіх налічвалася да ўз'яднання 2167 чалавек, разам з раскватараваным тут войскам. Мясцовых жа праваслаўных жыхароў у Мінску налічвалася 808 (у кафедральным саборы было 478 прыходжанаў з мясцовых, а ў Свята-Екацярынінскім храме — 330). Праваслаўных, ці як іх тады называлі "древлеправославных" прадстаўляў Мінскі Архіепіскап Ніканор Клеменцьеўскі, а ўз'яднаных уніятаў — былы вікарый Беларускай уніяцкай епархіі архімандрыт Іосіф Сямашка.

Да ўз'яднання уніятаў у Мінскай епархіі налічвалася 267 прыходскіх цэркваў і 285.836 чалавек прыходжанаў. У 1840 годзе колькасць прыходаў складала 575 , а колькасць прыходжанаў — 639.360.

У Мінскім павеце стала 39 прыходаў (замест 2 да ўз'яднання), Ігуменскім — 64 (замест 12), Наваградскім — 51 (замест 1), Барысаўскім — 67, Бабруйскім — 63, Слуцкім — 62, Мазырскім — 71, Пінскім — 94, Рэчыцкім — 64 (замест 57).

У студзені 1840 года выйшла распараджэнне пра накіраванне Праасвяшчэннага Ніканора на архіпастырскае служэнне ў Валынскую епархію. Пазней адбудзецца яго прызначэнне ў якасці архіепіскапа Варшаўскага, а ў 1848 годзе ён зойме Санкт-Пецярбургскую кафедру ўсане мітрапаліта. Пасля спачыну гэтага слыннага архіпастыра ў бібліятэцы Аляксандра-Неўскай Лаўры ў Санкт-Пецярбургу засталіся шэсць рукапісных тамоў яго пропаведзяў, словаў і павучанняў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.