Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


У канцы 1839 — пачатку 1840 гг. Мінская епархія была ўведзена ў межы Мінскай губерні (гл. карту-схему 1), а ўся яе літоўская частка адыйшла да праваслаўнай Літоўскай епархіі. Таму пастаўлены на Мінскую кафедру ў студзені 1840 года архіепіскап Антоній Зубко (1840-1848) атрымаў тытул "архіепіскап Мінскі і Бабруйскі". Уладыка Антоній нарадзіўся ў вёсцы Белае Лепельскага павета ў 1797 годзе ў сям'і уніяцкага святара Грыгорыя. Архіепіскап Антоній стаў першым беларусам, які ачаліў Мінскую епархію з моманту яе заснавання. Ён скончыў галоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце са ступенню магістра, а да таго вучыўся ў Полацкай уніяцкай семінарыі і іезуіцкай акадэміі. Пасля прызначэння прафесарам у Полацкую духоўную семінарыю Зубко быў рукапакладзены ў іерэя Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. У 1825 годзе ўжо ў сане протаіерэя быў накіраваны ў Санкт-Пецярбург для службы ў рыма-каталіцкай калегіі на уніяцкім аддзяленні. У 1827 годзе ўзначаліў справу па адкрыццю пры Жыровіцкім манастыры Літоўскай духоўнай семінарыі і стаў яе першым рэктарам. У 1834 годзе хіратанізаваны ў епіскапа Брэсцкага, вікарыя Літоўскай уніяцкай епархіі. Праасвяшчэнны Антоній быў галоўным памочнікам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі ў справе ўз'яднання уніятаў.

Мітрапаліт Іосіф у сувязі з гэтым падкрэсліваў, што "ніхто не дапамагаў мне так добрасумленна па уніяцкай справе, як Праасвяшчэнны Антоній". Уладыка Антоній разам з іншымі уніяцкімі іерархамі паставіў свой подпіс пад Полацкім саборным актам у 1839 годзе.

Адразу ж пасля ўступлення на Мінскую кафедру Праасвяшчэнны Антоній закончыў справу, распачатую яго папярэднікам уладыкам Ніканорам — перавёў Мінскую духоўную семінарыю з Слуцка ў Мінск. Размясцілася яна ў спецыяльна набытым для гэтага будынку. Будынак знаходзіўся на тым месцы, дзе пазней будзе ўзведзены капітальны семінарскі корпус па вул. Аляксандраўскай (цяпер гэта Сувораўская вучэльня). Урачыстае адкрыццё семінарыі адбылося на свята Уздзвіжання Крыжа Гасподняга 14/27 верасня 1840 года. У той самы дзень асвяцілі і дамавую семінарскую царкву.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.