Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Уладыка Антоній пры кіраўніцтве епархіяй сустрэў шмат цяжкасцяў у сувязі са значным узрастаннем колькасці прыходаў за кошт былых уніяцкіх. Колькасць прыходаў павялічылася больш чым удвая, а матэрыяльнае забеспячэнне царквы, стан храмаў быў засмучальны. У асабліва цяжкім становішчы апынуліся святары — учорашнія уніяты, якія, будучы пад уніяй, карысталіся матэрыяльнай і маральнай падтрымкай мясцовых памешчыкаў-католікаў. Цяпер жа, пасля прыняцця Праваслаўя, памешчык ад святара "адвярнуўся, як ад маладушнага чалавека, які прыняў "схізму", — і няшчасны святар… раптам апынуўся на самым крытычным раздарожжы" (В.Крестовский. Кровавый пуф М., 1995, т.2, с. 215). Частка свята-роў, трапляючы ў залежнасць ад памешчыка, страчвала свой духоўны аўтарытэт сярод прыходжанаў. Але пераважная частка сельскіх бацюшкаў, не жадаючы ісці на паклон да пана, неяк спрашчалася, набліжаючыся сваім знешнім выглядам, хатнім абсталяваннем, прыбыткам да селяніна-"халопа", захоўваючы пры гэтым малітоўную настроенасць, духоўнае кіраўніцтва і маральны аўтарытэт сярод сваіх прыходжанаў. Пра ўмовы, у якіх знаходзіліся ў той час служачыя царквы, пра малітоўны і духоўны лад іх жыцця могуць выразна сведчыць наступныя ўражанні сучасніка: "кожнаму прыезджаму з унутраных губерняў у Заходні край першае, што непрыемна кідаецца ў вочы і робіць цяжкае ўражанне, — гэта надзвычайная беднасць будынкаў нашых праваслаўных цэркваў: маленькія, спарахнелыя, часта напаўразбураныя, падобныя больш на гаспадарчыя пабудовы. Але калі вы ўвойдзеце часам у гэтую ўбогую напаўразбураную царкву і пачуеце правільнае, чыстае, сапраўды праваслаўнае служэнне, зладжаныя харавыя спевы сялянскіх хлопчыкаў і пропаведзь сціплага сельскага пастыра, якая ідзе наўпрост да сэрца і простага, і адукаванага чалавека, вы выйдзеце з гэтай царквы, да душы намаліўшыся і забудзеце непрыглядную яе знешнасць".

Уладыка Антоній загадаў узвесці для сябе загарадны дом, дзе ён размясціў дамавую царкву ў імя свайго нябеснага апекуна св. Антонія. Знясілены разладам, засмучаны непаслядоўнасцю ўрадавых захадаў адносна падтрымкі Праваслаўнай Царквы, уладыка Антоній, маючы ўжо сан архіепіскапа, вырашыў адыйсці на пакой і адасобіўся ў сваім загарадным доме, прысвяціўшы ўвесь час малітве. Гэты дом у народзе атрымаў назву "Антоніева пустынь". Знаходзіўся ён у раёне цяперашняга Мінскага аўтазавода. Потым уладыка Антоній жыў нейкі час у сваім маёнтку ў Барысаўскім павеце, а ў 1865 годзе пасяліўся ў Пажайскім манастыры, блізу сучаснага Каўнаса, дзе і спачыў у 1884 годзе.

Замест адышоўшага на спакой Праасвяшчэннага Антонія 1 сакавіка 1848 года на Мінскую кафедру быў пастаўлены епіскап (с 1853 года архіепіскап) Міхаіл Галубовіч (1848-1868). Ён быў вядомы як адзін з вядучых супрацоўнікаў па ўз’яднанні уніятаў. У 1828 годзе ён быў рукапакладзены ва уніяцкага святара. Затым у якасці прафесара са ступенню доктара багаслоўя выкладаў у семінарыі. У 1835 годзе ўзведзены ў сан протаіерэя і прызначаны віцэ-старшынёй уніяцкай Літоўскай кансісторыі. Страціўшы сужонку, ён у 1839 годзе прыняў манаскі пострыг, быў узведзены ў сан архімандрыта і прызначаны настаяцелем Быценскага манастыра. У тым самым годзе быў пасвячоны ў епіскапа Пінскага, вікарыя Літоўскай епархіі, а затым перамешчаны на кафедру вікарнага архіерэя ў Брэст. Праз восем гадоў ён упершыню атрымаў самастойную кафедру ў Мінску.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.