Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Уладыка Міхаіл вылучаўся глыбокім розумам, добрым сэрцам і любоўю да мастацтва, што дазваляла яму, паводле словаў сучасніка, карыстацца прыхільнасцю "адукаваных людзей без адрознення ў веравызнанні і нацыянальнасці". Пасля яго ўступлення на кафедру пачаўся новы перыяд у гісторыі Мінскай кафедры. Праасвяшчэнны Міхаіл прыклаў шмат намаганняў, каб бедныя прыходскія і прыпісныя цэрквы набывалі належны выгляд, каб будаваліся новыя храмы, засноўваліся манастыры, развівалася духоўная адукацыя. У бытнасць уладыкі Міхаіла ў епархіі было пабудавана каля 20 мураваных і да 70 драўляных храмаў, адрамантавана 16 мураваных і 58 драўляных цэркваў. Па яго ініцыятыве ў 1852 і 1855 гг. рабіліся спробы адкрыцця ў Мінску мужчынскага і жаночага манастыроў.

У той год, калі Праасвяшчэнны Міхаіл заняў Мінскую кафедру, у епархіі налічвалася толькі 32 царкоўна-прыходскія школы з 562 навучэнцамі. Дбайныя адносіны ўладыкі Міхаіла да пашырэння духоўнай адукацыі прынеслі паступова свой плён, і ў 1867 гоадзе агульная колькасць школ дасягнула 671, а колькасць навучэнцаў склала 18057. У верасні 1864 г. Мінская Духоўная семінарыя перайшла ў спецыяльна збудаваны будынак, які, аднак, з прычыны шматлікіх недаробак, патрабаваў капітальнага рамонту. Такі рамонт быў зроблены ўжо пры пераемніку ўладыкі Міхаіла ў 1869-70 гг.

3 1853 года абавязкі інспектара семінарыі выконваў ураджэнец Радашковічаў, ігумен (з 1860 г. архімандрыт) Анатоль Станкевіч, аўтар працы "Пра склад старажытнай Тураўскай епархіі". I хоць гэтая работа не была апублікавана, яе высока ацаніў вядомы даследчык I. Зяленскі. Ён неаднаразова спасылаўся на рукапіс, працуючы над вядомым даследваннем "Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі. Мінская губерня". Пазней архімандрыт Анатолій быў рэктарам Полацкай духоўнай семінарыі, а ў 1894 годзе хіратанізаваны ў епіскапа Калужскага. Былі адкрыты духоўныя вучэльні ў Мінску, Пінску і Парычах. Жаночая духоўная вучэльня ў Парычах, адкрытая ў 1860 годзе на свята Ражджаства Прасвятое Багародзіцы, была створаная намаганнямі ўладальнікаў маёнтка Парычы генерала Пушчына і яго сужонкі Марыі Якаўлеўны Пушчынай. Спачатку меркавалася навучаць там да 25 дзяўчат — дачок праваслаўнага духавенства, але ўжо ў 1865 годзе колькасць выхаванак дасягнула 90.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.