Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Пасля пераводу старажытнай Слуцкай абіцелі ў Мінск у будынках Свята-Троіцкага манастыра размясцілі Свята-Іаана-Багаслоўскі манастыр, пераведзены з Грозава. Але назву манастыр захаваў ранейшую — Свята-Троіцкі. Як і раней у Свята-Троіцкім манастырскім храме з правага боку каля прытвора ў свінцовым саркафагу з львінымі галовамі спачывалі нятленныя мошчы праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Над галавой праведнай Сафіі было зроблена невялікае квадратнае акенца, каб бачыць нятленную праведніцу. Над грабніцай знаходзілася ікона Прасвятой Багародзіцы старажытнага пісьма. У гэтым жа храме працягвалі заставацца св. мошчы дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага.

Усё каштоўнае начынне і маёмасць Свята-Троіцкага манастыра былі перавезены ў Мінск. У створаным Свята-Духавым манастыры апынуліся архіерэйскія аблачэнні, шытыя золатам і пярлінам, якія ў свой час былі прысланыя Патрыярхам Канстанцінопальскім у дар Свята-Троіцкай абіцелі; таксама іконы і бібліятэка з творамі свв. Яфрэма Сірына, Феодара Студзіта, Сімеона Новага Багаслова, авы Дарафея і іншых айцоў Царквы. Са званіцы манастырскага храма быў зняты і адпраўлены ў Мінск вялікі звон вагой 220 пудоў і 10 фунтаў, адліты з серабра на сродкі, ахвяраваныя князямі Алелькавічамі. Па дарозе ў Мінск звон зваліўся з павозкі і раскалоўся. Пасля пераліўкі яго змясцілі на званіцы Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора.

Пасля закрыцця ў снежні 1871 года Мінскага жаночага манастыра бенедыктынак епіскап Аляксандр пачаў хадайнічаць пра перавод у будынкі гэтага манастыра двух праваслаўных жаночых манастыроў. У сувязі з гэтым ён пісаў: "У Мінскай епархіі знаходзяцца два трэцекласныя жаночыя манастыры, адзін у Пінску ў 252 вярстах ад Мінска, другі ў сяле Вольне Наваградскага павета, у 140 вярстах. У абодвух гэтых манастырах няма поўнай, вызначанай штатамі, колькасці манахіняў; Вальнянскі манастыр не мае нават сваёй царквы, бо царква, дзе для манахіняў адпраўляюцца богаслужэнні, лічыцца прыходскай… Я перакананы ў неабходнасці злучэння абодвух названых манастыроў у адзін, з пераводам іх у Мінск" (Минск. епарх. ведомости, 1899, №3). У жніўні 1877 года дазвол на перавод быў атрыманы. Пасля рамонту ў будынках былога бенедыктынскага манастыра Пінскі Свята-Варварынскі і Вальнянскі Свята-Троіцкі манастыры былі пераведзены ў Мінск. На Стрэчанне Гасподняе, 2 лютага 1874 года, уладыка Аляксандр асвяціў новаўладкаваны манастыр у гонар Праабражэння Гасподняга. На манастыр пачалі адразу ж паступаць шматлікія і багатыя ахвяраванні. Так, настаяцельніца Кастрамскога Богаяўленскага манастыра ігумення Марыя Давыдава, даслала манастыру цэлы іканастас, выкананы ў візантыйскім стылі. 3 Яраслаўля была атрыманая дакладная копія іконы Божае Маці "Толгская".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.