Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


3 мэтай агляду епархіі ўладыка Аляксандр штогод рабіў доўгатэрміновыя паездкі. У час адной з такіх паездак епіскап Аляксандр з 28 мая да 21 чэрвеня 1874 года агледзеў 56 храмаў сваёй епархіі, зрабіўшы пры гэтым шлях у 1200 вёрст па Слуцкім, Мазырскім, Рэчыцкім і Бабруйскім паветах. У дарожных нататках, якія вяліся пад час адной з такіх паездак, можна знайсці, напрыклад, цікавыя звесткі пра Слуцкія храмы: "Мікалаеўская саборная царква на ўзвышаным месцы ў цэнтры горада, драўляная трохпрастольная ў выглядзе зоркі, але малазмяшчальная, іканастас і іконы бедныя, начынне беднае і захоўваецца ўненалежнай чысціні, наогул, не відаць дбання пра добрапрыстойнасць у Божым храме. Прыходжанаў у гэтай царкве больш за 3000 чалавек.

Уваскрасенская царква драўляная, зусім лядашчая, малазмяшчальная, іканастас і іконы не добрапрыстойныя, прапанавана на сродкі прыходжанаў будаваць новую царкву ў іншым месцы. Прыходжанаў у гэтай царкве больш за 2500 чалавек жыхароў навакольных вёсак.

Царква ў прадмесці горада Астроўская Міхайлаўская, драўляная, лядашчая, асабліва ўражвае сваёй недобрапрыстойнасцю і спарахнеласцю званіца (праз нейкі час зламалася ад ветру), пагост вялікі, іканастас недобрапрыстойны, начынне і рызніца досыць прыстойныя, архіў у парадку, бібліятэка нязначная. Прыходжанаў пры царкве да 1500 чалавек.

Георгіеўская царква, драўляная, абноўленая на сродкі прыходжанаў капітальна, іканастас добрапрыстойны, чысціня і ахайнасць праглядаюцца ва ўсім, рызніца добрая, начынне прыстойнае, архіў у парадку, бібліятэка нязначная. Прыходжанаў пры царкве больш за 2500 чалавек, яны дбайныя да царквы Божае, пабожныя і любяць свайго святара" (Минск. епарх. ведомости, 1874, № 21). Ад сябе дададзім, што ў Слуцку на той час жыло 15432 чалавекі.

У 1870 годзе ў Мінскай епархіі налічвалася 487 прыходскіх храмаў, якія ў царкоўна-адміністрацыйных адносінах размяркоўваліся наступным чынам. Мінскі павет складаўся з дзвюх благачынніцкіх акругаў — Мінскай і Станькаўскай. У Мінскай акрузе было 19 прыходаў, у Станькаўскай — 22. У Ігуменскім павеце было Ігуменскае благачынне — 28 прыходаў, Дудзіцкае — 18, Бярэзінскае — 17. У Барысаўскім павеце Барысаўскае благачынне мела 22 прыходы, Докшыцкае — 11, Карсаковіцкае — 10, Лагойскае — 10, Эйсмантаўскае — 6. У Слуцкім павеце Слуцкае благачынне налічвала 18 прыходаў, Бучацінскае — 17, Клецкае — 14, Нясвіжскае — 13. У Наваградскім павеце Наваградскае благачынне мела 22 прыходы, Любчанскае — 10, Ствалавіцкае — 20. У Бабруйскім павеце Бабруйскае благачынне мела 12 храмаў, Парыцкае — 12, Жыцінскае — 12, Свіслацкае — 10, Глускае — 12. У Рэчыцкім павеце ў пяці благачыннях быў 61 прыход. У Мазырскім павеце ў чатырох благачыннях — 49 прыходскіх храмаў. У Пінскім павеце на чатыры благачынніцкія акругі даводзілася 39 прыходаў. У 1874 годзе колькасць прыходаў павялічылася да 545. Апрача прыходскіх храмаў у епархіі налічвалася 770 прыпісных цэркваў і капліцаў і восем манастырскіх храмаў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.