Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Насельніцтва Мінскай губерні паводле дадзеных на 1874 год налічвала 1 млн. 303 тыс. 316 чалавек. 3 іх праваслаўных — 924 тыс. 554 чалавекі, католікаў — 146.943, пратэстантаў — 2.606, іудзеяў — 221.028 і магаметанаў — 3.415 чалавек. У губерні налічвалася адзінаццаць гарадоў, сярод якіх самымі буйнымі былі: Мінск — 42.458, Бабруйск — 26.955, Пінск — 23.350, Слуцк — 15.432, Наваградак — 10.741 жыхар (Минск. епарх. ведомости, 1876, № 4).

У епархіі дзейнічала сем духоўных установаў: Мінская духоўная семінарыя, Мінская жаночая вучэльня духоўнага ведамства, адчыненая ў 1867 годзе, Слуцкая павятовая духоўная вучэльня, Парыцкая жаночая вучэльня духоўнага ведамства, Пінская і Слуцкая духоўныя вучэльні, а таксама Божынская духоўная вучэльня, якая ў 1874 годзе была зачыненая, а справы яе перададзеныя ў Мінскую духоўную вучэльню. У Духоўнай семінарыі ў 1873 годзе навучаліся 153 вучні, сярод якіх адзін быў з сялянаў, чатыры — з мяшчанскага саслоўя, два — з чыноўнікаў, адзін з іудзеяў, прыняўшых праваслаўе, астатнія — з сем"яў праваслаўных свяшчэннаслужыцеляў. Прыкладна такія ж суадносіны па саслоўях былі і ў вучнёўскім складзе духоўных вучэльняў.

У 70-х гг. шырокую вядомасць у епархіі набыла прапаведніцкая дзейнасць інспектара Мінскай Духоўнай семінарыі архімандрыта Анастасія Апецкага. На ўсе двунадзесятыя святы яго запрашалі прамаўляць пропаведзі ў кафедральны сабор. Слухаць іх прыходзілі не толькі праваслаўныя, але і католікі, і яўрэі. Прапаведніцкі дар архімандрыта Анастасія працінаў словам Божым сэрцы прадстаўнікоў усіх веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Пазней а.Анастасій быў хіратанізаваны ў епіскапа Аланецкага.

Праасвяшчэнны Аляксандр пакінуў пра сябе памяць як дбайны прыхільнік добраўпарадкавання храмаў Божых. Ужо хутка пасля яго ўступлення на Мінскую кафедру была ўладкаваная ў Мінскай гімназіі дамавая царква. Чын яе асвячэння ў імя свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага адправіў 15 мая 1869 года ўладыка Аляксандр. У 1870 годзе яго намаганнямі з руінаў старажытнага Спаса-Увазня-сенскага манастыра ў Мінску была адноўленая Спаса-Увазнясенская царква, у якой маліліся слухачкі жаночай вучэльні духоўнага ведамства. 3 благаславення Праасвяшчэннага Аляксандра ў маі 1869 года былі распачаты работы па пераўладкаванні Свята-Екацярынінскага сабора ў Мінску. У 1872 годзе быў узведзены сярэдні купал, усталяваны новы іканастас, наноў распісаныя сцены. 26 лютага 1872 года ўладыка Аляксандр асвяціў адноўлены храм.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.