Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


У Барысаве, дзе існавала раней шэсць праваслаўных храмаў, пасля таго, як у 1865 годзе згарэў гарадскі сабор, засталася адна старэнькая прымогілкавая царква ў імя св. Андрэя юродзівага. Па хадайніцтве ўладыкі Аляксандра быў зацверджаны праект будаўніцтва храма ў гонар Уваскрэсення Гасподняга за кошт казны на суму 47890 руб. паводле каштарысу. Закладка сабора адбылася ў верасні 1871 года на гандлёвай плошчы, дзе раней знаходзіўся Спаса-Праабражэнскі храм. Асвяціў новы сабор у гонар Уваскрэсення Гасподняга 20 кастрычніка 1874 года Праасвяшчэнны Аляксандр.

У верасні 1876 года ў прысутнасці 10 тысяч вернікаў уладыка Аляксандр асвяціў адрамантаваны Свята-Барыса-Глебскі храм у Наваградку. Аднаўленню гэтага храма Праасвяшчэнны Аляксандр надаваў вялікае значэнне, бо гэта Наваградская святыня была сведкай многіх гістарычных падзеяў, з'яўляючыся самым старажытным з усіх існуючых храмаў Мінскай епархіі. Тут на пачатку XV стагоддзя адбываўся Сабор епіскапаў Вялікага княства Літоўскага для абрання асобнага мітрапаліта для Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі. Для Літоўскіх мітрапалітаў гэты храм быў кафедральным. Пазней тут знаходзіліся уніяцкія мітрапаліты Міхаіл Рагоза (1595-1599) Іпацій Пацей (1599 1613), Іосіф-Вельямін Руцкі (1613-1637). Пасля 1839 года храм з саборнага быў ператвораны ў прыходскую царкву.

Глыбокая ўвага да гісторыі Мінскай епархіі прывяла ўладыку Аляксандра да пераканання, што тытул Мінскіх архіерэяў не зусім адлюстроўвае лёсы Мінскай епархіі і тутэйшага краю. Таму ён выступіў з хадайніцтвам пра змену тытула. Свяцейшы Сінод задаволіў гэтае хадайніцтва і прадпісаў надалей іменаваць Мінскіх архіерэяў Мінскімі і Тураўскімі. У афіцыйным дакуменце, які з'явіўся ўжо пры пераемніку ўладыкі Аляксандра — епіскапу Яўгенію Шарашылаву, падкрэслівалася, што "найменне Мінскага епархіяльнага архіерэя "Бабруйскі", прысвоенае яму 28 студзеня 1840 года, не адпавядае ні старыжытнасці Мінскай епархіі, ні значэнню яе ў гісторыі заходне-рускай правасалаўнай царквы". Новае найменне давалася "ва ўспамін таго, што праваслаўная епіскапская кафедра ў межах названай епархіі, менавіта ў Тураве заснаваная ў XI стагоддзі". Тытул "Мінскі і Тураўскі" захоўваўся за Мінскімі архіерэямі да 1922 года.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.