Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


У сакавіку 1877 года ўладыка Аляксандр "з увагі на выдатнае і стараннае служэнне Святой Царкве і дбайнае кіраванне даверанай яму паствай" быў узведзены ў сан архіепіскапа, а 15 мая таго самага года выйшаў Указ аб прызначэнні ўладыкі Аляксандра на Літоўскую кафедру. У час развітання з паствай, якое адбылося 29 мая 1877 года ў Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы, духавенства паднесла ў дар уладыку Аляксандру копію з цудатворнай Мінскай іконы Божае Маці. Развітваўся з народам свяціцель Аляксандр каленасхіленым. У час адпраўлення цягніка, на якім ад'язджаў уладыка, званілі ва ўсіх цэрквах горада. Архіпастырскае служэнне архіепіскапа Аляксандра на Літоўска-Віленскай кафедры працягвалася да самага яго спачыну 28 красавіка 1885 года. Пахаваны ўладыка Аляксандр у галоўным храме Віленскага Свята-Духава манастыра.

У маі 1877 года на Мінскую кафедру быў пераведзены епіскап Яўгеній Шарашылаў (1877-1880), які раней быў вікарным Літоўскай епархіі з тытулам "Ковенскі". У першы ж дзень пасля прыбыцця ў Мінск усе звярнулі ўвагу на прапаведніцкі талент і глыбіню думкі новага Мінскага архіпастыра. У сваім слове да паствы, якая сабралася для сустрэчы ў кафедральным саборы 22 чэрвеня 1877 года, уладыка між іншым сказаў: "Хадзіць годна звання нашага (Эф. 4,1) — вось агульны для ўсіх нас і галоўны наш абавязак. Найгалоўнейшае, самае высокае і слаўнае званне наша ёсць званне хрысціянаў праваслаўных. Слова Божае самым высокім адрозненнем хрысціяніна лічыць не знешнюю славу, а красу ўнутранага патаемнага сэрца чалавека (Пят. 3,4) (Минские епархиальные ведомости, 1877, № 12). Шматлікія пропаведзі і прамовы ўладыкі Яўгенія пад час яго служэння ў Мінску і Коўне склалі цэлую кнігу, якая выйшла ў 1880 годзе пад назвай: "Словы і прамовы Яўгенія, епіскапа Мінскага і Тураўскага".

Уладыка Яўгеній аказаўся глыбокім прыхільнікам малітоўнага ўшанавання свяціцеля Кірыла Тураўскага. 3 яго благаславення былі выдадзеныя галоўныя творы свц. Кірыла, а ў Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы ў лістападзе 1878 года ў імя свяціцеля Кірыла быў асвячоны прыдзельны прастол. Да дня асвячэння прастола епіскап Яўгеній склаў трапар і велічанне свяціцелю Кірылу.

3 благаславення Праасвяшчэннага Яўгенія было зроблена выданне кнігі: "Описание церквей и приходов Минской епархии". Гістарычная каштоўнасць гэтага выдання з кожным годам узрастае.
У 1878 годзе па ініцыятыве ўладыкі Яўгенія была абноўлена манастырская царква ў Ляданскім Свята-Благавешчанскім манастыры. У ёй быў пашыраны іканастас, зроблены новы дах і ўзведзены купал.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.