Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


У кастрычніку 1890 года ўладыка Сімяон асвяціў новапабудаваную драўляную царкву ў імя Казанскай іконы Божае Маці. Царква гэтая была ўзведзена ў Мінску за кошт дабрачынных ахвяраванняў чыгуначных служачых Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай чыгунак.

У 1898 годзе ваенным ведамствам быў узведзены ў Мінску новы мураваны храм на Вайсковых могілках па вул. Даўгабродскай. Чын асвячэння гэтага храма таксама адправіў Праасвяшчэнны Сімяон.

У 1893 годзе Мінская епархія ўрачыста адсвяткавала 100-годдзе свайго існавання. Святкаванні адбываліся па спецыяльна зацверджанай праграме.

У 1899 годзе нечакана спачыў уладыка Сімяон, маючы ўжо сан архіепіскапа. Пахаваны ён быў у Крыжовай царкве архіерэйскага дома побач са сваім папярэднікам архіепіскапам Варлаамам.

Незадоўга да таго ў Расіі праводзіўся перапіс насельніцтва. Вынікі яго выявілі нізкую ступень адукаванасці праваслаўнага насельніцтва Мінскай губерні, нягледзячы на вялікую колькасць царкоўных школ. У 1899 годзе іх налічвалася 1.736, у тым ліку двухкласных — 10, аднакласных — 201, школ граматы — 1.521, тры нядзельныя і адна ўзорная пры Мінскай Духоўнай семінарыі. Колькасць навучэнцаў складала 47.371 чалавек. I ўсё ж перапіс насельніцтва 1897 годавыявіў, што агульная колькасць пісьменных ў Мінскай губерні сярод мужчынаў складала 25,44%, а сярод жанчын — 10,13% ад усяго насельніцтва губерні. Сярод праваслаўнай часткі насельніцтва пісьменных мужчынаў было 18,87%, жанчын — 3,67%; сярод рыма-католікаў адпаведна — 33,52% і 23,42%; сярод пратэстантаў — 58,66% і 52,21%; сярод іудзеяў — 50,68% і 29,7% (Мннск. епарх. ведомоста, 1904, № 24).

У якасці прычынаў нізкага адукацыйнага ўзроўню праваслаўнага насельніцтва можна назваць наступныя асноўныя: па-першае, хранічная адсутнасць памяшканняў у большасці школ; па-другое, недахоп вопытных і адукаваных настаўнікаў; па-трэцяе — практычная адсутнасць аплаты працы настаўнікаў; па-чацвертае — недахоп, а часам і адсутнасць, навучальных дапаможнікаў і падручнікаў; па-пятае — нерэгулярнае наведванне навучэнцамі заняткаў з прычыны занятасці ў гаспадарцы бацькоў; па-шостае — абыякавасць і амаль поўная адсутнасць падтрымкі з боку валасных і сельскіх уладаў. Яскравым прыкладам апошняга з'явілася рашэнне Мінскай гарадской думы ў 1906 годзе пра адмаўленне асігнаванняў на дзейнасць царкоўна-прыходскіх школ з прычыны "неадпаведнасці выкладання ў іх духу сучаснасці".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.