Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Пасля заснавання Мінскай епархіі створаная ў 1785 годзе ў Слуцку духоўная семінарыя пачала іменавацца "Мінскай", хоць пераезд яе ў Мінск адбыўся амаль праз пяцьдзесят гадоў. Праваслаўную духоўную адукацыю атрымлівалі здавён, бо тут пры Свята-Троіцкім манастыры стала дзейнічала духоўная школа. Яна дасягнула росквіту ў 50-я гады XVIII стагоддзя пры архімандрыце Дасіфеі Галятоўскім. Аднак у бытнасць пераемніка а. Дасіфея — архімандрыта Паўла Ваўчанскага школа прыйшла ў заняпад: у ёй застаўся адзін толькі настаўнік. Такім чынам, указ 1785 года пра заснаванне духоўнай семінарыі быў вельмі своечасовым і дазваляў выправіць становішча. Намаганнямі Праасвяшчэннага Віктара быў знойдзены выкладчык рыторыкі, здольны навучаць таксама нямецкай і лацінскай мовам, гісторыі і геаграфіі. Запрошаны таксама быў выкладчык "расійскага чытання і пісьма". У верасні 1787 года ў семінарыі навучалася 27 вучняў, колькасць выкладчыкаў не перавышала чатырох. Заняткі праводзіліся ў Свята-Троіцкім манастыры, а жылі студэнты "дзе Бог давядзе". Асаблівай праблемай было нежаданне святароў аддаваць сваіх сыноў для навучання ў семінарыі. За час адсутнасці ўладыкі Віктара з прычыны яго арышту ўсе семінарысты разбегліся па сваіх дамах. Заняткі аднавіліся толькі ў 1792 годзе. У 1795 годзе колькасць вучняў дасягнула 54-х. Іх узрост быў ад 9 да 24 гадоў. Адзнакі вучні атрымлівалі па трох накірунках: здольнасць, стараннасць, паводзіны. Здольнасць вызначалася чатырма адзнакамі: "средствен", "понятен", "очень понятен" і "весьма понятен", але часам абмяжоўваліся дзвюма, выстаўляючы: "туп" альбо "остр". Стараннасць вучня адзначалася цэлым шэрагам характарыстыкаў: "весьма рачителен", "весьма прилежен", "очень прилежен", "прилежен", "посредствен", "нерадив", "весьма нерадив", "ленив до чрезвычайности". Паводзіны адзначаліся чатырма характарыстыкамі: "хорош", "честен", "резв", "забиячлив". 3 1794 года было ўведзена выкладанне геаметрыі і ўсеагульнай гісторыі.

У студзені 1796 года спачыў Кіеўскі мітрапаліт Самуіл і на аўдавелую Кіеўскую кафедру быў вызначаны Чарнігаўскі архіепіскап Іерафей. У маі 1796 года Найвышэйшым указам Чарнігаўскую кафедру загадвалася заняць Мінскаму архіепіскапу Віктару Садкоўскаму. Навіна гэтая для ўладыкі Віктара была нечаканай і, магчыма, нават нежаданай, бо руйнаваліся яго планы па ўладкаванню належнага царкоўнага жыцця ў Мінскай епархіі. У свае 55 гадоў ён шмат здольны быў зрабіць, маючы дванаццацігадовы вопыт знаходжання тут. Але так вызначыў Гасподзь, і ўладыка Віктар пакінуў Слуцк, каб заняць Чарнігаўскую кафедру. Знаходзячыся ў Чарнігаве, ён аднавіў Болдзіну гару з яе пячорамі, аднавіў Свята-Троіцкую царкву, у якой і быў пахаваны пасля свайго спачыну 11 лістапада 1803 года. Пасля ўладыкі Віктара засталася бібліятэка з 2,5 тыс. назвамі кніг на лацінскай, грэчаскай, яўрэйскай, нямецкай, рускай, польскай і французскай мовах. Асобныя царкоўныя гісторыкі схільныя абвінавачваць уладыку Віктара ў празмернай лаяльнасці да "лацінства". Іншыя з падобным падыходам не згодныя. Але ні адзін з бакоў не аспрэчвае таго, што Праасвяшчэнны Віктар вылучаўся мяккасцю, дабразычлівасцю, незласлівасцю да каго б то ні было. I гэтымі маральнымі рысамі, а таксама плёнам шматцяжкай, падзвіжніцкай дзейнасці па выратаванні з небяспекі Царквы Хрыстовай, і ўвойдзе ў гісторыю першы Мінскі архіпастыр — архіепіскап Віктар Садкоўскі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.