Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


У кастрычніку 1799 года, пасля таго, як былая вікарная Валынская епархія атрымала самастойнасць, Мінскія ўладыкі пачалі іменавацца Мінскімі і Літоўскімі. Мінская епархія па колькасці прыходаў вельмі адрознівалася ад суседніх епархіяў. Так, у Валынскай епархіі налічвалася на пачатку XIX стагоддзя 1100 прыходаў, у Падольскай — больш за 1600, Чарнігаўскай — 1100, Магілёўскай — каля 400.

Пад час першага свайго аб'езду епархіі ў 1797 годзе ўладыка Іоў пабачыў, што стан многіх царкоўных будынкаў быў засмучальны. У большасці з іх адсутнічала належная дабрапрыгляднасць. Таінства хрышчэння часта адпраўлялася праз абліванне. Замест дыскаса выкарыстоўвалі звычайны алавяны круглік. Адсутнічалі многія богаслужбовыя кнігі, а некаторыя храмы не мелі нават напрастольнага Евангелля. Храмы і іх прычты ўтрымліваліся выключна за кошт дабрачынных ахвяраванняў сваіх прыходжанаў, якія жылі ў скрайняй галечы. 3 прычыны недахопу святароў у некаторых храмах не маглі адпраўляцца нават нядзельныя службы. Кандыдатаў на святарства з ліку семінарыстаў было мала, і таму рукапакладалі тых стаўленікаў, якія валодалі навыкамі царкоўных спеваў, чытання і ведалі царкоўны ўстаў. Для выпрабавання кандыдатаў пры ўладыку Іове была заснаваная спецыяльная пасада "кафедральнага экзамінатара". Перш чым прыступіць да іспытаў, кожны стаўленік павінен быў атрымаць благаславенне ад благачыннага, а таксама мець на руках прашэнне прыходжанаў пэўнага храма пра тое, што яны хацелі б мець дадзенага стаўленіка ў якасці свайго прыходскага святара.

У 1796-1797 навучальным годзе ў духоўнай семінарыі налічвалася толькі 36 слухачоў. Уладыка Іоў зрабіў няхітрыя разлікі, якія паказалі, што ў святароў епархіі было каля 250 дзяцей мужчынскага полу, якія не атрымалі адукацыі. Ва ўласцівым для яго адміністрацыйным стылі ўладыка Іоў загадаў абкладаць грашовым штрафам тых святароў, якія не дасылаюць сваіх дзяцей на вучобу ў семінарыю. Напэўна, гэты захад аказаў уздзеянне, бо ў 1799 годзе ў семінарыі навучаўся 71 чалавек, у 1807 годзе — 124, а ў 1811 годзе — 117 слухачоў. Праасвяшчэнны Іоў зацвердзіў у семінарыі праграму навучання на ўзор Кіеўскай Духоўнай Акадэміі. У семінарыі, напрыклад, чыталіся прамовы Цыцэрона з абавязковым перакладам на рускую мову, а таксама творы Авідзія. У 1804 годзе быў адчынены медыцынскі клас. Рэжым у семінарыі быў усталяваны досыць жорсткі. Заняткі працягваліся ад сёмай гадзіны раніцы да чацвертай паабедзе.

Пад амафорам Праасвяшчэннага Іова знаходзілася 20 манастыроў: Мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі (да яго перамяшчэння ў Пінск), Слуцкі Спаса-Праабражэнскі, Слуцкі Свята-Троіцкі, Слуцкі Свята-Іліінскі жаночы, Старчыцкі Свята-Петра-Паўлаўскі, Грозаўскі Свята-Іаана-Багаслоўскі, Грозаўскі Свята-Мікалаеўскі, Пінскі Свята-Богаяўленскі, Морацкі Свята-Успенскі, Брэсцкі Свята-Сімяонаўскі, Віленскі Свята-Духаў, Віленскі Свята-Благавешчанскі жаночы, Дзятлавіцкі Спаса-Праабражэнскі, Дзісенскі Свята-Уваскрасенскі, Друйскі Свята-Благавешчанскі, Евейскі Свята-Успенскі, Кейданскі Спаса-Праабражэнскі, Кронскі Свята-Троіцкі, Сурдзецкі Свята-Духаў, Якабштацкі Свята-Духаў. Нягледзячы на значную колькасць манастыроў, амаль усе яны былі скрайне малаколькаснымі. Ва ўсіх названых абіцелях падзвізалася 48 манахаў і 11 паслушнікаў. Вылучаўся толькі Слуцкі Спаса-Праабражэнскі манастыр, дзе было 15 насельнікаў. А ў Кейданскім манастыры браціі наогул не было. Не ўсе манастыры мелі сваіх настаяцеляў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.