Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Манастыры па сваім статусе падзяляліся на штатныя і пазаштатныя. Да першых на пачатку стагоддзя належалі Мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі, Віленскі Свята-Духаў і Слуцкі Свята-Іліінскі манастыры. Штатныя манастыры мелі права на гадавую дапамогу ад казны ў памеры ад 1035 да 1753 рублёў, у залежнасці ад класа. Пазаштатныя атрымлівалі толькі па 300 руб. на год. Апрача таго яны не маглі мець зямельных надзелаў. 3 прычыны недахопу сродкаў манастыры ўтваралі прыходы. Уладыка Іоў пісаў з гэтай нагоды: "пры ўсіх манастырах былі прыходы — хрысцілі, адпявалі, вянчалі, а таму вольна было кожнаму куды жадае ісці пад выглядам прыхода".

Каб выправіць становішча, уладыка Іоў пачаў запрашаць манахаў з іншых манастыроў Расіі, аднак і там адчуваўся недахоп насельнікаў, таму ніхто такіх запрашэнняў не прыняў. Тады было вырашана пастрыгаць у манахаў з мясцовага насельніцтва. Але жадаючых было зусім няшмат: за ўвесь 1799 год было пастрыжыныя толькі 10 чалавек манахаў. Замест неабходных паводле штату 129 манахаў у 1802 годзе ў епархіі налічвалася толькі 45 манахаў. Паспрабаваўшы ўсе магчымасці павялічыць колькасць насельнікаў манастыроў, Праасвяшчэнны Іоў пайшоў шляхам скарачэння саміх манастыроў з пераўтварэннем манастырскіх храмаў у прыходскія. Да 1811 года было скасавана шэсць манастыроў, у тым ліку Грозаўскі Свята-Мікалаеўскі. Але і пасля гэтага колькасць манахаў складала 46, а разам з тымі, якія былі пры Мінскім архіерэйскім доме — 52.

У сакавіку 1811 года служэнне Праасвяшчэннага Іова на Мінскай кафедры скончылася. Ён атрымаў прызначэнне на Екацярынаслаўскую архіепіскапскую кафедру з тытулам "Херсонскі і Таўрычаскі". На момант ад'езду ўладыкі Іова з Мінска ў Мінскай епархіі, якой ён кіраваў 15 гадоў, налічвалася 265 прыходскіх і 72 прымогілкавыя храмы, а таксама 80 капліцаў. Колькасць духавенства Мінскай епархіі складала протаіерэяў — 24, святароў — 281, дыяканаў — 21, дзячкоў — 198 і 182 панамары. 3 1808 года пры цэрквах епархіі пачалі ўводзіць пасаду царкоўнага старасты.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.