Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


У 1797 годзе была ўведзена паслядоўнасць узнагароды белага духавенства наперсным крыжам, фіялетавай аксамітнай скуф'ёй, камілаўкай і мітрай. Усе ўзнагароды, у тым ліку камілаўкай і скуф"ёй, рабіліся Свяцейшым Сінодам.

Праасвяшчэнны Іоў скіраваў свае намаганні на паляпшэнне знешняга боку епархіяльнага ўладкавання. Ён належным чынам адладзіў дзейнасць кансісторыі, перавёў у Мінск і добраўпарадкаваў архіерэйскі дом, умацаваў духоўную семінарыю, пераўладкаваў асобныя храмы і манастыры. Ён усімі захадамі дамагаўся ўсталявання ў епархіі высокага парадку і аднастайнасці. Так, напрыклад, ён забараніў духавенству звяртацца да яго асабіста з якімі б то ні было прашэннямі. Скаргі павінны былі адрасавацца благачынным, а ў выпадку незадавальняючага іх вырашэння падавацца апеляцыя ў кансісторыю. Парушальнікі гэтага прадпісання абкладаліся "строгаму штрафаванню", а атрыманыя на імя ўладыкі прашэнні адсылаліся назад за кошт прасіцеля.

Уладыка Іоў не валодаў царкоўным красамоўствам. Яго сучаснікі адзначалі, што за ўсе 15 гадоў свайго архіерэйскага служэння ў Мінску ён не прамовіў ніводнай царкоўнай пропаведзі. Намаганнямі ўладыкі Іова, паводле словаў царкоўнага гісторыка С.Рункевіча, "рыхтаваўся толькі матэрыял для жыцця, але царкоўнае жыццё не зрушылася пры Праасвяшчэнным Іове ні на крок. Мала таго: яно спынілася, яно затухла… Уся епархія пераходзіла часам на знешнюю, выключна канцылярскую работу, непатрэбную, калі яна робіцца мэтаю сама па сабе" (С.Рункевич. История Минской архиепископии., с.513). 3 боку служачых кансісторыі ўладыка Іоў карыстаўся непрыязнымі пачуццямі, якія пасля яго ад'езду набылі форму судова-фінансавай цяжбы, што цягнулася да 1820 года. Справа была вырашана на карысць Праасвяшчэннага Іова, але жыць яму заставалася нядоўга — у 1823 годзе ён спачыў і быў пахаваны ў скляпенні Самарскага загараднага архіерэйскага дома.

Пераемнікам Праасвяшчэннага Іова на Мінскай кафедры стаў архіепіскап Серафім Глаголеўскі (1812-1814). Прызначэнне яго адбылося 7 лютага 1812 года. Папярэдняя яго дзейнасць была звязана з выкладаннем у Маскоўскай Духоўнай Акадэміі. 3 1798 да 1804 гг. ён быў рэктарам гэтай навучальнай установы. Пасля епіскапскай хіратоніі ў 1799 годзе быў вікарным епіскапам Маскоўскай епархіі. У 1804 годзе прызначаны на Вяцкую епіскапскую кафедру, а ў 1805 годзе пераведзены на Смаленскую, дзе і знаходзіўся да свайго пераезду ў Мінск.

Уладыка Серафім толькі некалькі месяцаў прабыў у Мінску. Ужо ўлетку 1812 года ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ён ад'ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе заняў пасаду пастаяннага члена Свяцейшага Сінода. Пры гэтым, да 1814 года за ўладыкам Серафімам захоўваўся тытул "Мінскі і Літоўскі". Пазней Праасвяшчэнны Серафім будзе прызначаны на Цвярскую, а потым на Маскоўскую мітраполічую кафедру. 3 1821 да 1843 г. ён будзе ачаляць на той час першынствуючую Санкт-Пецярбургскую мітраполічую епархію. Займаючы гэтую кафедру, уладыка Серафім у сане Мітрапаліта спачыў у студзені 1843 года.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.