Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі


Пасля ад'езду Праасвяшчэннага Серафіма кіраванне Мінскай епархіяй было паралізавана. Гэтаму спрыяла акупацыя межаў епархіі французскімі войскамй. Пад прыкрыццём ваеннага становішча ў адносінах да цэркваў тварыліся беззаконні.

Перад сваім ад'ездам уладыка Серафім зрабіў неабходныя распараджэнні адносна царкоўнай маёмасці. Некаторыя "лепшыя рэчы", якія захоўваліся ў Крыжовай царкве, у манастырскай і архіерэйскай рызніцах, а таксама тры сярэбраныя падсвечнікі са Свята-Екацярынінскага храма, падараваныя Екацярынай II, па загаду ўладыкі былі эвакуяваны. Асноўная ж маёмасць заставалася ў Мінску. Для аховы архіерэйскага дома былі пакінуты два састарэлыя іераманахі. Саборная рызніца і кансісторскі архіў былі перадаручаныя двум саборным клірыкам, якія заставаліся ў Мінску. Усё астатняе духавенства і супрацоўнікі кансісторыі арганізавана пакінулі горад разам з уладыкам Серафімам у накірунку да Смаленска.

Увайшоўшы ў Мінск, французская армія пачала выкарыстоўваць архіерэйскі дом для пастою сваіх салдатаў, не чапаючы пры гэтым царкоўных каштоўнасцяў, якія там знаходзіліся. Аднак на маёмасць архіерэйскага дома паквапіліся прадстаўнікі часовай польскай адміністрацыі, якая была створана ў горадзе пад час французскай акупацыі. У доме Мінскага архіерэя пасяліўся каталіцкі епіскап Якаў Дзядзерка, завалодаўшы анцімінсам Крыжовай царквы і рызніцай. Праваслаўных манахаў, якія засталіся пры архіерэйскім доме, прымушаў выконваць свае загады. Манаскія келлі былі ператвораны ў стайню. Іканастас Крыжовай царквы быў скасаваны і алтар перабудаваны на каталіцкі лад. Былі пашкоджаныя і Мінскія праваслаўныя храмы. Да 1814 года службы маглі адпраўляцца толькі ў невялічкай царкве ў імя св. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны на Пярэспінскіх (Старажоўскіх) могілках. Усяго ж па епархіі было разрабавана больш за 30 храмаў, спалена сем, у тым ліку Свята-Міхайлаўскі ў Барысаве і храм у Лошніцы. У Хацянах на вачах прыходжанаў царква была пераасвячоная "на унію", іканастас у ёй спалены, а праваслаўны святар, які служыў там, выгнаны.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.