- СППС – сайт прихода Свято-Петро-Павловского собора г. Минска - http://sppsobor.by -

Стан епархіі. Першыя мінскія архіерэі

Чатырохгадовая адсутнасць уладыкі Віктара адмоўным чынам адбілася на стане епархіі. Вярнуўшыся з няволі ў 1793 годзе і прыступіўшы да кіравання новазаснаванай епархіяй, ён заспеў яе ў разладжаным стане. Асабліва востра адчуваўся недахоп святароў. На 329 прыходскіх храмаў даводзілася "служачых пратапопаў, папоў, протадыяканаў, дыяканаў і іпадыяканаў — 148, заштатных — 12, дзякоў — 205, заштатных — 3. Асабліва малаколькаснымі былі манастыры. Уся брація Слуцкага Спаса-Праабражэнскага манастыра складалася з настаяцеля і аднаго манаха. У Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім манастыры падзвізаліся адзін іераманах і адзін манах. I, як сцвярджалі сучаснікі, абодва яны "пакутавалі на непрыхаваныя немачы". Служачыя ў слуцкіх храмах з-за галечы сваёй не мелі належных аблачэнняў і вопратак, а тыя, якія меліся, былі ў такім стане, што "аднымі сорамна, а іншымі і зусім карыстацца нельга". Святары зусім не забяспечваліся пенсіяй з боку дзяржаўнай альбо царкоўнай казны, і даводзілася ім "з потам на твары земляробстваваць, каб пракарміцца сабе і дзецям сваім".

Уладыка Віктар распачаў сваю дзейнасць з умацавання кансісторыі і рукапакладання новых святароў. Слуцк таго часу ўяўляў сабой гарадок з насельніцтвам каля 3000 чалавек. У ім дзейнічала дзве фабрыкі і 70 крамак, было 800 жылых дамоў. Было тут пяць касцёлаў, з якіх два — мураваныя, дзейнічалі кальвінскі і лютаранскі храмы, чатыры сінагогі. Апрача манастырскіх тут было дзесяць прыходскіх праваслаўных храмаў, прычым усе драўляныя. А ўсяго ў Слуцку налічвалася на той час 19 прастолаў Божых у праваслаўных манастырскіх і прыходскіх храмах.

Архіерэйскі дом размяшчаўся ў Свята-Троіцкім манастыры, дзе ўладыка Віктар займаў 8 пакояў. Праасвяшчэнным Віктарам былі добра пастаўлены царкоўныя спевы. Архіерэйскі хор, які складаўся з 22 чалавек, знаходзіўся на поўным забеспячэнні. Харысты жылі ў манастыры пад апекай іераманаха Нафанаіла.

Пад час фарміравання кансісторыі і другога царкоўна-адміністрацыйнага органа, які меў назву духоўнага праўлення, Праасвяшчэнны Віктар мала кіраваўся штатным раскладам, але зыходзіў з мясцовых умоваў. Таму кансісторыя пры ім складалася ўсяго толькі з пяці чалавек, прычым, усе яны былі з духавенства. 3 епархіяльных спраў кансісторскі пісар вёў выключна канцылярскія, а ўсе астатнія афармляў сам Праасвяшчэнны Віктар.

Пад час епіскапства ўладыкі Віктара было ўтворана ў межах Мінскай губерні шэсць духоўных праўленняў, на чалез пратапопамі, якіх абірала духавенства: Слуцкае, Петрыкаўскае, Мазырскае, Тураўскае, Давыд-Гарадоцкае, Пінскае. Утых месцах, дзе праваслаўных храмаў было мала, замест духоўных праўленняўпрызначаліся благачынныя. У 1795 годзе яны былі ў Мінску, Бабруйску, Ігумене і Паставах.


Увыніку дзяржаўных зменаў пасля IIIпадзелу Рэчы Паспалітай да Расіі адыйшла ўся Літва і частка Холмскага ваяводства. Усегэтыя землі ў снежні 1794 года ўвайшлі ў склад Мінскай епархіі. 3 прычыны складанасці кіравання такой вялікай тэрыторыяй, Найвышэйшым указам Екацярыны II ад 12 красавіка 1795 года з Мінскай епархіі была вылучана самастойная епіскапія "Брацлаўская" або "Падольская" і ўтворана вікарства Мінскай епархіі — "Валынскае". Мінскі правячы архіерэй адпаведна атрымаў новы тытул "архіепіскап Мінскі і Валынскі", а сама епархія пачала іменавацца Мінскай і Валынскай. У Мінскай епархіі заставалася ўся Мінская губерня і Літва, падзеленая на дзве губерні — Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую. Указ 1795 года прадпісваў таксама перамяшчэнне кафедры Мінскіх архіепіскапаў з Слуцка ў Мінск "дзеля большай зручнасці ў зносінах з грамадзянскай уладай". Пад архіерэйскі дом меркавалася выкарыстаць будынак уніяцкага Свята-Духавага манастыра. Гэты манастыр быў звернуты ў праваслаўны з размяшчэннем у ім Мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага манастыра. У галоўным храме Свята-Петра-Паўлаўскага манастыра меркавалася размясціць кафедральны сабор. У тым самым 1795 годзе Свята-Петра-Паўлаўскі мужчынскі праваслаўны манастыр быў пераведзены ў былы уніяцкі Свята-Духаў. Галоўны храм Свята-Духава манастыра быў пераасвячоны ў імя свв. апосталаў Пятра і Паўла, а былы Свята-Петра-Паўлаўскі храм мужчынскага праваслаўнага манастыра ператварылі ў ка-федральны сабор і асвяцілі ў імя св. Вялікамучаніцы Екацярыны. Пераезд архіерэйскага дома затрымаўся і быў здзейснены толькі ў бытнасць пераемніка Праасвяшчэннага Віктара. Праасвяшчэнны Віктар, клапоцячыся пра ўмацаванне Свята-Петра-Паўлаўскага манастыра, накіраваў туды іераманаха, які валодаў лацінскай мовай і меў сямігадовы рэгенцкі вопыт. Разам з ім быў накіраваны ў гэты манастыр іерадыякан, які прыехаў з Кіева і валодаў майстэрствам "адлівання літараў".

Улетку 1794 года паўсюдна была абвешчана архіпастырская грамата з заклікам да уніятаў далучацца да Праваслаўнай Царквы. На снежань 1794 года па вялікай Мінскай епархіі далучылася 2.328 прыходскіх цэркваў, а 2.996 заставаліся уніяцкімі: у Мінскай губерні на студзень 1796 года далучылася 94 прыходскя храмы, 30 прыпісных і 39 капліцаў. Колькасць далучаных прыходжанаў склала 79 тыс. 953 чалавекі. Паводле дадзеных 1797 года колькасць уніяцкіх прыходаў па Мінскай губерні складала 397, у тым ліку ў Бабруйскім павеце — 45, у Барысаўскім — 48, Дзісенскім — 34, Ігуменскім — 46, Мінскім — 63, Мазырскім — 20, Пінскім — 54, Рэчыцкім — 11, Слуцкім — 39, Вілейскім — 37. У 1798 годзе далучэнне спынілася, і пачаўся працэс наварочвання уніятаў у каталіцтва.


Пасля заснавання Мінскай епархіі створаная ў 1785 годзе ў Слуцку духоўная семінарыя пачала іменавацца "Мінскай", хоць пераезд яе ў Мінск адбыўся амаль праз пяцьдзесят гадоў. Праваслаўную духоўную адукацыю атрымлівалі здавён, бо тут пры Свята-Троіцкім манастыры стала дзейнічала духоўная школа. Яна дасягнула росквіту ў 50-я гады XVIII стагоддзя пры архімандрыце Дасіфеі Галятоўскім. Аднак у бытнасць пераемніка а. Дасіфея — архімандрыта Паўла Ваўчанскага школа прыйшла ў заняпад: у ёй застаўся адзін толькі настаўнік. Такім чынам, указ 1785 года пра заснаванне духоўнай семінарыі быў вельмі своечасовым і дазваляў выправіць становішча. Намаганнямі Праасвяшчэннага Віктара быў знойдзены выкладчык рыторыкі, здольны навучаць таксама нямецкай і лацінскай мовам, гісторыі і геаграфіі. Запрошаны таксама быў выкладчык "расійскага чытання і пісьма". У верасні 1787 года ў семінарыі навучалася 27 вучняў, колькасць выкладчыкаў не перавышала чатырох. Заняткі праводзіліся ў Свята-Троіцкім манастыры, а жылі студэнты "дзе Бог давядзе". Асаблівай праблемай было нежаданне святароў аддаваць сваіх сыноў для навучання ў семінарыі. За час адсутнасці ўладыкі Віктара з прычыны яго арышту ўсе семінарысты разбегліся па сваіх дамах. Заняткі аднавіліся толькі ў 1792 годзе. У 1795 годзе колькасць вучняў дасягнула 54-х. Іх узрост быў ад 9 да 24 гадоў. Адзнакі вучні атрымлівалі па трох накірунках: здольнасць, стараннасць, паводзіны. Здольнасць вызначалася чатырма адзнакамі: "средствен", "понятен", "очень понятен" і "весьма понятен", але часам абмяжоўваліся дзвюма, выстаўляючы: "туп" альбо "остр". Стараннасць вучня адзначалася цэлым шэрагам характарыстыкаў: "весьма рачителен", "весьма прилежен", "очень прилежен", "прилежен", "посредствен", "нерадив", "весьма нерадив", "ленив до чрезвычайности". Паводзіны адзначаліся чатырма характарыстыкамі: "хорош", "честен", "резв", "забиячлив". 3 1794 года было ўведзена выкладанне геаметрыі і ўсеагульнай гісторыі.

У студзені 1796 года спачыў Кіеўскі мітрапаліт Самуіл і на аўдавелую Кіеўскую кафедру быў вызначаны Чарнігаўскі архіепіскап Іерафей. У маі 1796 года Найвышэйшым указам Чарнігаўскую кафедру загадвалася заняць Мінскаму архіепіскапу Віктару Садкоўскаму. Навіна гэтая для ўладыкі Віктара была нечаканай і, магчыма, нават нежаданай, бо руйнаваліся яго планы па ўладкаванню належнага царкоўнага жыцця ў Мінскай епархіі. У свае 55 гадоў ён шмат здольны быў зрабіць, маючы дванаццацігадовы вопыт знаходжання тут. Але так вызначыў Гасподзь, і ўладыка Віктар пакінуў Слуцк, каб заняць Чарнігаўскую кафедру. Знаходзячыся ў Чарнігаве, ён аднавіў Болдзіну гару з яе пячорамі, аднавіў Свята-Троіцкую царкву, у якой і быў пахаваны пасля свайго спачыну 11 лістапада 1803 года. Пасля ўладыкі Віктара засталася бібліятэка з 2,5 тыс. назвамі кніг на лацінскай, грэчаскай, яўрэйскай, нямецкай, рускай, польскай і французскай мовах. Асобныя царкоўныя гісторыкі схільныя абвінавачваць уладыку Віктара ў празмернай лаяльнасці да "лацінства". Іншыя з падобным падыходам не згодныя. Але ні адзін з бакоў не аспрэчвае таго, што Праасвяшчэнны Віктар вылучаўся мяккасцю, дабразычлівасцю, незласлівасцю да каго б то ні было. I гэтымі маральнымі рысамі, а таксама плёнам шматцяжкай, падзвіжніцкай дзейнасці па выратаванні з небяспекі Царквы Хрыстовай, і ўвойдзе ў гісторыю першы Мінскі архіпастыр — архіепіскап Віктар Садкоўскі.


Пасля спачыну Праасвяшчэннага Віктара ў яго доме ў Чарнігаве застаўся партрэт з надпісам вершаванага зместу:

"Архиерея зришь, который взят в полон,
Премного пострадал за правду — свой закон.
Но мудрость, кроткий дух и Викторова сила
Всю силу супостат под ноги покорила.
С Варшавских уз во Минск, что в Польше, а оттоль
Сел на Черниговский он пастырскнй престол.
Премудро паствою и свято управляет,
За что от Вышняго себе награды чает".

Пераемнікам уладыкі Віктара стаў архіепіскап Іоў Пацёмкін (1796-1811), які займаў раней епіскапскую кафедру ўФеадосіі. Новы Мінскі архіепіскап Іоўпаходзіў з дваранскага роду і са знакамітым расійскім князем Грыгорыем Пацёмкіным-Таўрычаскім меў агульнага прадзеда. Нарадзіўся ён у 1750 годзе. Скончыў кадэцкі корпус і атрымаў чын паручніка. Потым нечакана для ўсіх пакінуў вайсковую службу і ў адным з малдаўскіх манастыроў у 1779 годзе прыняў манашаскі пострыг. Падобным чынам зрабіў і яго старэйшы брат, які спачатку ад’ехаў на Афон, а потым, па вяртанні ў Расію, стаў ігуменам Аляксандра-Неўскай Лаўры. У лютым 1793 года Іоў быў хіратанізаваны ў епіскапа і ў сакавіку таго ж самага года прыступіў да кіравання Екацярынаслаўскай епархіяй у якасці вікарнага епіскапа. У маі 1794 года быў перамешчаны на самастойную Феадасійскую кафедру.

Новы Мінскі архіерэй прыбыў у Слуцк у жніўні 1796 года і неўзабаве пачаў рыхтаваць пераезд архіерэйскага дома з Слуцка ў Мінск. ГІа ранейшых месцах свайго служэння ўладыка Іоў вядомы быў сваёй энэргічнасцю, акуратнасцю і патрабавальнасцю. Але пры гэтым, па словах С.Рункевіча, "Праасвяшчэнны Іоў быў з ліку тых дзеячаў, якія патрабуюць ад сваіх падначаленых тое, што яны павіннны, і не жадаюць ведаць пра тое, на што яны здольныя. Гэта быў неміласэрна-справядлівы чалавек".

Клопаты ўладыкі Іова ў сувязі з пераездам архіерэйскага дома ў Мінск паспяхова завяршыліся толькі ў 1799 годзе. Афіцыйнае адкрыццё архіерэйскага дома ў Мінску адбылося ў верасні 1799 года.


Архіерэйскі дом размясціўся не ў будынках былога уніяцкага манастыра, як гэта раней меркавалася, а ў спецыяльна набытым для гэтай мэты будынку.

Уладыку Іову не спадабалася размяшчэнне Свята-Екацярынінскага сабора, які быў у той час кафедральным, бо месца вакол яго было забудавана надзвычай несамавітымі дамамі. Увесну і ўвосень здараліся паводкі і "цёк вады праз царкоўную агароджу" ад разліву Нямігі. Уладыка Іоў з гэтай прычыны пераносіў архіерэйскія службы з кафедральнага сабора ў галоўны храм Свята-Петра-Паўлаўскага манастыра, які знаходзіўся ў Верхнім горадзе "на самай мнагалюднай (Саборнай) плошчы". Праасвяшчэнны Іоў звярнуўся з хадайніцтвам аб ператварэнні Свята-Екацярынінскай царквы ў прыходскую, аб наданні статуса саборнага Свята-Петра-Паўлаўскаму храму і аб перамяшчэнні Свята-Петра-Паўлаўскага манастыра ў Пінск. У верасні 1799 года хадайніцтва ўладыкі цалкам было задаволена, і па вясне 1800 года Свята-Петра-Паўлаўскі манастыр пераведзены ў Пінск і далучаны да Свята-Богаяўленскага Пінскага манастыра з размяшчэннем у будынках езуіцкага манастыра.

Паводле перапісу 1796 года ў Пінску налічвалася 2.752 жыхары, з якіх 1.902 складалі яўрэі. У горадзе былі тры драўляныя праваслаўныя храмы, тры уніяцкія і сем рыма-каталіцкіх. Чатыры з іх былі мураваныя.

У бытнасць уладыкі быў нададзены статус саборных храмам у Пінску, Слуцку, Рэчыцы, Мазыры, Ігумене, Бабруйску, Барысаве. Усе саборныя храмы, за выключэннем Мінскага і Слуцкага, былі драўляныя і патрабавалі рамонту. Але з-за недахопу сродкаў рамонт не праводзіўся да заканчэння вайны з французамі. Паводле штату ў кожным саборы павінен быў служыць адзін протаіерэй, два святары, адзін дыякан, адзін дзяк і панамар. Колькасць саборных прыходжанаў была вельмі нязначнай: у Барысаве пры саборы налічвалася 103 двары, Бабруйску — 119, Слуцку — 208, Мінску — 167 двароў. Падчас пераезду ўладыкі Іова на Мінскую кафедру ў 1796 годзе ў межах епархіі быў 201 царкоўны прыход з размеркаваннем па 10 паветах Мінскай губерні з колькасцю цэркваў ад 2 да 48. У Бабруйскім павеце было 8 прыходскіх храмаў, у Барысаўскім — 12, Давыд-Гарадоцкім — 36, Ігуменскім — 7, Мінскім — 3, Мазырскім — 47, Нясвіжскім — 2, Пінскім — 36, Пастаўскім — 2, Слуцкім — 48. Віцебскі, Докшыцкі і Дзісенскі паветы праваслаўных храмаў не мелі. Указам ад 12 снежня 1796 года Давыд-Гарадоцкі, Докшыцкі, Нявіжскі і Пастаўскі паветы скасоўваліся, а ў склад губерні далучаўся Рэчыцкі павет, дзе было 47 прыходскіх храмаў.


У кастрычніку 1799 года, пасля таго, як былая вікарная Валынская епархія атрымала самастойнасць, Мінскія ўладыкі пачалі іменавацца Мінскімі і Літоўскімі. Мінская епархія па колькасці прыходаў вельмі адрознівалася ад суседніх епархіяў. Так, у Валынскай епархіі налічвалася на пачатку XIX стагоддзя 1100 прыходаў, у Падольскай — больш за 1600, Чарнігаўскай — 1100, Магілёўскай — каля 400.

Пад час першага свайго аб'езду епархіі ў 1797 годзе ўладыка Іоў пабачыў, што стан многіх царкоўных будынкаў быў засмучальны. У большасці з іх адсутнічала належная дабрапрыгляднасць. Таінства хрышчэння часта адпраўлялася праз абліванне. Замест дыскаса выкарыстоўвалі звычайны алавяны круглік. Адсутнічалі многія богаслужбовыя кнігі, а некаторыя храмы не мелі нават напрастольнага Евангелля. Храмы і іх прычты ўтрымліваліся выключна за кошт дабрачынных ахвяраванняў сваіх прыходжанаў, якія жылі ў скрайняй галечы. 3 прычыны недахопу святароў у некаторых храмах не маглі адпраўляцца нават нядзельныя службы. Кандыдатаў на святарства з ліку семінарыстаў было мала, і таму рукапакладалі тых стаўленікаў, якія валодалі навыкамі царкоўных спеваў, чытання і ведалі царкоўны ўстаў. Для выпрабавання кандыдатаў пры ўладыку Іове была заснаваная спецыяльная пасада "кафедральнага экзамінатара". Перш чым прыступіць да іспытаў, кожны стаўленік павінен быў атрымаць благаславенне ад благачыннага, а таксама мець на руках прашэнне прыходжанаў пэўнага храма пра тое, што яны хацелі б мець дадзенага стаўленіка ў якасці свайго прыходскага святара.

У 1796-1797 навучальным годзе ў духоўнай семінарыі налічвалася толькі 36 слухачоў. Уладыка Іоў зрабіў няхітрыя разлікі, якія паказалі, што ў святароў епархіі было каля 250 дзяцей мужчынскага полу, якія не атрымалі адукацыі. Ва ўласцівым для яго адміністрацыйным стылі ўладыка Іоў загадаў абкладаць грашовым штрафам тых святароў, якія не дасылаюць сваіх дзяцей на вучобу ў семінарыю. Напэўна, гэты захад аказаў уздзеянне, бо ў 1799 годзе ў семінарыі навучаўся 71 чалавек, у 1807 годзе — 124, а ў 1811 годзе — 117 слухачоў. Праасвяшчэнны Іоў зацвердзіў у семінарыі праграму навучання на ўзор Кіеўскай Духоўнай Акадэміі. У семінарыі, напрыклад, чыталіся прамовы Цыцэрона з абавязковым перакладам на рускую мову, а таксама творы Авідзія. У 1804 годзе быў адчынены медыцынскі клас. Рэжым у семінарыі быў усталяваны досыць жорсткі. Заняткі працягваліся ад сёмай гадзіны раніцы да чацвертай паабедзе.

Пад амафорам Праасвяшчэннага Іова знаходзілася 20 манастыроў: Мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі (да яго перамяшчэння ў Пінск), Слуцкі Спаса-Праабражэнскі, Слуцкі Свята-Троіцкі, Слуцкі Свята-Іліінскі жаночы, Старчыцкі Свята-Петра-Паўлаўскі, Грозаўскі Свята-Іаана-Багаслоўскі, Грозаўскі Свята-Мікалаеўскі, Пінскі Свята-Богаяўленскі, Морацкі Свята-Успенскі, Брэсцкі Свята-Сімяонаўскі, Віленскі Свята-Духаў, Віленскі Свята-Благавешчанскі жаночы, Дзятлавіцкі Спаса-Праабражэнскі, Дзісенскі Свята-Уваскрасенскі, Друйскі Свята-Благавешчанскі, Евейскі Свята-Успенскі, Кейданскі Спаса-Праабражэнскі, Кронскі Свята-Троіцкі, Сурдзецкі Свята-Духаў, Якабштацкі Свята-Духаў. Нягледзячы на значную колькасць манастыроў, амаль усе яны былі скрайне малаколькаснымі. Ва ўсіх названых абіцелях падзвізалася 48 манахаў і 11 паслушнікаў. Вылучаўся толькі Слуцкі Спаса-Праабражэнскі манастыр, дзе было 15 насельнікаў. А ў Кейданскім манастыры браціі наогул не было. Не ўсе манастыры мелі сваіх настаяцеляў.


Манастыры па сваім статусе падзяляліся на штатныя і пазаштатныя. Да першых на пачатку стагоддзя належалі Мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі, Віленскі Свята-Духаў і Слуцкі Свята-Іліінскі манастыры. Штатныя манастыры мелі права на гадавую дапамогу ад казны ў памеры ад 1035 да 1753 рублёў, у залежнасці ад класа. Пазаштатныя атрымлівалі толькі па 300 руб. на год. Апрача таго яны не маглі мець зямельных надзелаў. 3 прычыны недахопу сродкаў манастыры ўтваралі прыходы. Уладыка Іоў пісаў з гэтай нагоды: "пры ўсіх манастырах былі прыходы — хрысцілі, адпявалі, вянчалі, а таму вольна было кожнаму куды жадае ісці пад выглядам прыхода".

Каб выправіць становішча, уладыка Іоў пачаў запрашаць манахаў з іншых манастыроў Расіі, аднак і там адчуваўся недахоп насельнікаў, таму ніхто такіх запрашэнняў не прыняў. Тады было вырашана пастрыгаць у манахаў з мясцовага насельніцтва. Але жадаючых было зусім няшмат: за ўвесь 1799 год было пастрыжыныя толькі 10 чалавек манахаў. Замест неабходных паводле штату 129 манахаў у 1802 годзе ў епархіі налічвалася толькі 45 манахаў. Паспрабаваўшы ўсе магчымасці павялічыць колькасць насельнікаў манастыроў, Праасвяшчэнны Іоў пайшоў шляхам скарачэння саміх манастыроў з пераўтварэннем манастырскіх храмаў у прыходскія. Да 1811 года было скасавана шэсць манастыроў, у тым ліку Грозаўскі Свята-Мікалаеўскі. Але і пасля гэтага колькасць манахаў складала 46, а разам з тымі, якія былі пры Мінскім архіерэйскім доме — 52.

У сакавіку 1811 года служэнне Праасвяшчэннага Іова на Мінскай кафедры скончылася. Ён атрымаў прызначэнне на Екацярынаслаўскую архіепіскапскую кафедру з тытулам "Херсонскі і Таўрычаскі". На момант ад'езду ўладыкі Іова з Мінска ў Мінскай епархіі, якой ён кіраваў 15 гадоў, налічвалася 265 прыходскіх і 72 прымогілкавыя храмы, а таксама 80 капліцаў. Колькасць духавенства Мінскай епархіі складала протаіерэяў — 24, святароў — 281, дыяканаў — 21, дзячкоў — 198 і 182 панамары. 3 1808 года пры цэрквах епархіі пачалі ўводзіць пасаду царкоўнага старасты.


У 1797 годзе была ўведзена паслядоўнасць узнагароды белага духавенства наперсным крыжам, фіялетавай аксамітнай скуф'ёй, камілаўкай і мітрай. Усе ўзнагароды, у тым ліку камілаўкай і скуф"ёй, рабіліся Свяцейшым Сінодам.

Праасвяшчэнны Іоў скіраваў свае намаганні на паляпшэнне знешняга боку епархіяльнага ўладкавання. Ён належным чынам адладзіў дзейнасць кансісторыі, перавёў у Мінск і добраўпарадкаваў архіерэйскі дом, умацаваў духоўную семінарыю, пераўладкаваў асобныя храмы і манастыры. Ён усімі захадамі дамагаўся ўсталявання ў епархіі высокага парадку і аднастайнасці. Так, напрыклад, ён забараніў духавенству звяртацца да яго асабіста з якімі б то ні было прашэннямі. Скаргі павінны былі адрасавацца благачынным, а ў выпадку незадавальняючага іх вырашэння падавацца апеляцыя ў кансісторыю. Парушальнікі гэтага прадпісання абкладаліся "строгаму штрафаванню", а атрыманыя на імя ўладыкі прашэнні адсылаліся назад за кошт прасіцеля.

Уладыка Іоў не валодаў царкоўным красамоўствам. Яго сучаснікі адзначалі, што за ўсе 15 гадоў свайго архіерэйскага служэння ў Мінску ён не прамовіў ніводнай царкоўнай пропаведзі. Намаганнямі ўладыкі Іова, паводле словаў царкоўнага гісторыка С.Рункевіча, "рыхтаваўся толькі матэрыял для жыцця, але царкоўнае жыццё не зрушылася пры Праасвяшчэнным Іове ні на крок. Мала таго: яно спынілася, яно затухла… Уся епархія пераходзіла часам на знешнюю, выключна канцылярскую работу, непатрэбную, калі яна робіцца мэтаю сама па сабе" (С.Рункевич. История Минской архиепископии., с.513). 3 боку служачых кансісторыі ўладыка Іоў карыстаўся непрыязнымі пачуццямі, якія пасля яго ад'езду набылі форму судова-фінансавай цяжбы, што цягнулася да 1820 года. Справа была вырашана на карысць Праасвяшчэннага Іова, але жыць яму заставалася нядоўга — у 1823 годзе ён спачыў і быў пахаваны ў скляпенні Самарскага загараднага архіерэйскага дома.

Пераемнікам Праасвяшчэннага Іова на Мінскай кафедры стаў архіепіскап Серафім Глаголеўскі (1812-1814). Прызначэнне яго адбылося 7 лютага 1812 года. Папярэдняя яго дзейнасць была звязана з выкладаннем у Маскоўскай Духоўнай Акадэміі. 3 1798 да 1804 гг. ён быў рэктарам гэтай навучальнай установы. Пасля епіскапскай хіратоніі ў 1799 годзе быў вікарным епіскапам Маскоўскай епархіі. У 1804 годзе прызначаны на Вяцкую епіскапскую кафедру, а ў 1805 годзе пераведзены на Смаленскую, дзе і знаходзіўся да свайго пераезду ў Мінск.

Уладыка Серафім толькі некалькі месяцаў прабыў у Мінску. Ужо ўлетку 1812 года ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ён ад'ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе заняў пасаду пастаяннага члена Свяцейшага Сінода. Пры гэтым, да 1814 года за ўладыкам Серафімам захоўваўся тытул "Мінскі і Літоўскі". Пазней Праасвяшчэнны Серафім будзе прызначаны на Цвярскую, а потым на Маскоўскую мітраполічую кафедру. 3 1821 да 1843 г. ён будзе ачаляць на той час першынствуючую Санкт-Пецярбургскую мітраполічую епархію. Займаючы гэтую кафедру, уладыка Серафім у сане Мітрапаліта спачыў у студзені 1843 года.


Пасля ад'езду Праасвяшчэннага Серафіма кіраванне Мінскай епархіяй было паралізавана. Гэтаму спрыяла акупацыя межаў епархіі французскімі войскамй. Пад прыкрыццём ваеннага становішча ў адносінах да цэркваў тварыліся беззаконні.

Перад сваім ад'ездам уладыка Серафім зрабіў неабходныя распараджэнні адносна царкоўнай маёмасці. Некаторыя "лепшыя рэчы", якія захоўваліся ў Крыжовай царкве, у манастырскай і архіерэйскай рызніцах, а таксама тры сярэбраныя падсвечнікі са Свята-Екацярынінскага храма, падараваныя Екацярынай II, па загаду ўладыкі былі эвакуяваны. Асноўная ж маёмасць заставалася ў Мінску. Для аховы архіерэйскага дома былі пакінуты два састарэлыя іераманахі. Саборная рызніца і кансісторскі архіў былі перадаручаныя двум саборным клірыкам, якія заставаліся ў Мінску. Усё астатняе духавенства і супрацоўнікі кансісторыі арганізавана пакінулі горад разам з уладыкам Серафімам у накірунку да Смаленска.

Увайшоўшы ў Мінск, французская армія пачала выкарыстоўваць архіерэйскі дом для пастою сваіх салдатаў, не чапаючы пры гэтым царкоўных каштоўнасцяў, якія там знаходзіліся. Аднак на маёмасць архіерэйскага дома паквапіліся прадстаўнікі часовай польскай адміністрацыі, якая была створана ў горадзе пад час французскай акупацыі. У доме Мінскага архіерэя пасяліўся каталіцкі епіскап Якаў Дзядзерка, завалодаўшы анцімінсам Крыжовай царквы і рызніцай. Праваслаўных манахаў, якія засталіся пры архіерэйскім доме, прымушаў выконваць свае загады. Манаскія келлі былі ператвораны ў стайню. Іканастас Крыжовай царквы быў скасаваны і алтар перабудаваны на каталіцкі лад. Былі пашкоджаныя і Мінскія праваслаўныя храмы. Да 1814 года службы маглі адпраўляцца толькі ў невялічкай царкве ў імя св. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны на Пярэспінскіх (Старажоўскіх) могілках. Усяго ж па епархіі было разрабавана больш за 30 храмаў, спалена сем, у тым ліку Свята-Міхайлаўскі ў Барысаве і храм у Лошніцы. У Хацянах на вачах прыходжанаў царква была пераасвячоная "на унію", іканастас у ёй спалены, а праваслаўны святар, які служыў там, выгнаны.


Пацярпелі многія праваслаўныя манастыры, бо французы выкарыстоўвалі іх для пастою салдатаў. Аднак шкода, нанесеная імі, была не такая значная. У Віленскім Свята-Духавым манастыры яны ўтрымлівалі дзве тысячы ваеннапалонных. Пры адыходзе французскага войска адзін з ад'ютантаў Напалеона зняў з іканастаса манастырскага Свята-Духава храма сем іконаў "самага лепшага жывапісу" і, напэўна, для таго, каб засведчыць сваю цывілізаванасць, пакінуў манастыру аб гэтым распіску.

У Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры таксама быў арганізаваны пастой для салдатаў. Аднак архімандрыт манастыра а. Маркіян "у той небяспечны час сем тыдняў" працягваў адпраўляць богаслужэнні. Мінская духоўная семінарыя, якая знаходзілася пры манастыры, на перыяд вайны сваю дзейнасць спыніла. Аднавіліся заняткі ў лютым 1813 года, але праводзіліся яны пры адсутнасці 2/3 колькасці вучняў і трох выкладчыкаў.

Адразу ж пасля адыходу французаў з горада намаганнямі ўладыкі Серафіма ў Мінск была вернута эвакуяваная маёмасць. Адбылося гэта ў снежні 1812 года, а ў студзені 1813 года аднавіла сваю дзейнасць кансісторыя. Пачалі вяртацца на свае месцы святары.

На рамонт царкоўных і манастырскіх будынкаў урад выдаў Св. Сіноду значную суму ў 3 млн. 500 тыс. руб. Мінская епархія атрымала з гэтай сумы 40 тыс. руб., што давала магчымасць прыступіць да рамонту храмаў і выпраўленню пашкоджанняў, прычыненых вайной.

У жніўні 1814 года архіепіскап Серафім быў прызначаны на Цвярскую кафедру. У выніку гэтага Мінская кафедра засталася без прадстаяцеля. Пэўны нагляд за епархіяй быў даручаны Магілёўскаму епіскапу. I толькі ў лютым 1816 года на Мінскую кафедру быў прызначаны новы архіерэй — архіепіскап Анатолій Максімовіч (1814-1832). Уладыка Анатолій паходзіў з Украіны. 3 1809 да 1812 г. быў рэктарам Санкт-Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі. 3 1812 года і да прызначэння ў Мінск займаў Палтаўскую епіскапскую кафедру.

3 уступленнем уладыкі Анатолія на Мінскую кафедру жыццё епархіі наладзілася і праходзіла без усялякіх хваляванняў на працягу ўсіх шаснаццаці гадоў яго свяціцельства.

На момант прыезду новага архіерэя быў цалкам адноўлены архіерэйскі дом. На вылучаныя казной грошы рамантаваліся гарадскія храмы. Уладыка Анатолій, таксама як і яго папярэднікі, звярнуў увагу на малалікасць праваслаўных манастыроў. У 1815 годзе ў дзесяці манастырах Мінскай епархіі было 28 насельнікаў. Таксама, як у свой час уладыка Іоў, Праасвяшчэнны Анатолій пайшоў шляхам скарачэння колькасці манастыроў. У 1818 годзе быў зачынены Свята-Петра-Паўлаўскі манастыр у Старчыцах, а яго храм ператвораны ў прыходскі. У 1823 годзе скасавана шэсць манастыроў, у тым ліку манастыры ў Брэсце і Драгічыне. Царква Драгічынскага манастыра "з-за недахопу прыходжанаў" была ператвораная ў прыпісную. У 1827 годзе ён зрабіў адпаведнае прадстаўленне пра закрыццё Свята-Іаана-Багас­лоўскага манастыра ў Грозаве, аднак, Свяцейшы Сінод не дазволіў гэтага. А яшчэ раней было адменена рашэнне пра закрыццё манастыра ў Брэсце. Да 1839 года абіцель знаходзілася пад юрысдыкцыяй Мінскіх архіерэяў.


Некаторыя манастыры, асабліва Слуцкі Свята-Троіцкі, у гэты перыяд дасягнулі росквіту. На пачатку 30-х гадоў XIX стагоддзя манастыр вёў значную гаспадарку і, атрымліваючы гадавога прыбытку да 3 тыс. руб., "быў у дастатку".

Становішча ж прыходскіх цэркваў, асабліва вясковых, заставалася несуцяшальным. Як і раней, храмы ўтрымліваліся выключна за кошт дабрачынных ахвяраванняў, якія былі зусім нязначныя з прычыны беднасці прыходжанаў. 3 боку мясцовых землеўладальнікаў ахвяраванні рабіліся вельмі рэдка, бо амаль усе яны былі католікамі і не былі зацікаўленыя ў добраўладкаванні і паляпшэнні дабрабыту праваслаўных храмаў. Пабудова новых храмаў была выключнай з’явай, і "многія цэрквы, пашкоджаныя часам, ужо не падлягалі рамонту". Ускладнялася становішча і тым, што да 1814 года дзейнічаў указ імператара Паўла (1796-1801), паводле якога ў Мінскай епархіі дазвалялася будаваць толькі мураваныя храмы і забаранялася ўзводзіць больш танныя драўляныя.

Надзеі на дапамогу казны ў большасці выпадкаў не спраўджваліся, бо дапамога аказвалася толькі асобным гарадскім храмам. Так, у 1826 годзе на рамонт Мінскага Свята-Екацярынінскага сабора і пабудову пры ім прычтавага дома казною было выдзелена больш за 6 тыс. руб.

У бытнасць уладыкі Анатолія колькасць храмаў у епархіі пачала скарачацца. Калі ў 1812 годзе колькасць прыходскіх цэркваў складала 265, то ў 1832 годзе яна зменшылася да 246.

Зачыняліся храмы і з прычыны пажараў, бо аднавіць згарэлы дашчэнту храм прыходжане з-за беднасці сваёй былі не ў стане. Часам прыход зачыняўся і з той прычыны, што не быў здольны даваць нават самае сціплае ўтрыманне свайму настаяцелю. Беднасць прыходжанаў і адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы прыводзілі да таго, што многія сельскія святары траплялі ў матэрыяльную залежнасць ад мясцовых памешчыкаў, якія чынілі "схізматычным папам" абразы і ўціск.


Пачынаючы з 1817 года пачаўся працэс пераўтварэння духоўных семінарыяў у сярэднія навучальныя установы. У якасці ніжэйшай ступені духоўнай адукацыі былі духоўныя і прыходскія вучэльні. 3 наданнем духоўным семінарыям высокага статуса паляпшалася іх матэрыяльнае забеспячэнне. Так, Мінскай духоўнай семінарыі пачалі адлічваць на яе ўтрыманне 31 тыс. руб. у год, замест 14 тыс, якія яна атрымлівала раней, да пераўтварэння. Узрастаў і ўзровень патрабаванняў да выкладчыкаў і навучэнцаў.

Мінская духоўная семінарыя на пачатку 20-х гадоў XIX стагоддзя мела рэктара, інспектара і чатырох выкладчыкаў, трое з якіх адначасова былі святарамі пры Слуцкіх цэрквах. У склад семінарскай карпарацыі ўваходзілі таксама лекар і эканом.

На пачатку 30-х гадоў XIX стагоддзя колькасць слухачоў семінарыі ўзрасла да 115, і толькі 34 з іх знаходзіліся на сваім уласным утрыманні.

Да канца 30-х гадоў XIX стагоддзя выкладанне ў семінарыі асноўных прадметаў, такіх як багаслоўе, філасофія, славеснасць, вялося на лацінскай мове. Толькі невялікі раздзел курса багаслоўя, які пазней быў вылучаны ў самастойныя курсы літургікі і царкоўнай археалогіі, чытаўся па-руску. У 20-х гадах быў адчынены асобны "польскі клас". Гэта было зроблена "зважаючы на тое, што польская мова ў тутэйшым краі ёсць агульнаразмоўная".

Яшчэ ў 1817 годзе чарговы раз было прапанавана перавесці семінарыю ў Мінск, на гэта быў складзены каштарыс, які патрабаваў асігнавання на пабудову семінарскага будынка ў Мінску больш за сто тысяч рублёў. 3 прычыны вялікага кошту гэтага праекта ад пераводу семінарыі вырашылі ўстрымацца.

У 1817 годзе пры семінарыі была створаная Слуцкая павятовая духоўная вучэльня, а таксама прыходская вучэльня, якая налічвала спачатку 27 чалавек, а пазней колькасць навучэнцаў узрасла да 100.

У 1832 годзе архіепіскап Анатолій пасля шаснаццацігадовага служэння на Мінскай кафедры быў пераведзены ў Сімбірск, дзе была заснаваная новая епіскапія. Сучаснікі Праасвяшчэннага Анатолія адзначалі яго мяккае стаўленне да уніятаў. Цалкам верагодна, што гэтая мяккасць і прабачальнасць зыходзілі не толькі ад уселагоднага сэрца ўладыкі, але і адлюстроўвалі дух таго часу. У перыяд яго знаходжання на Мінскай кафедры Расійскі ўрад праводзіў адносна уніятаў палітыку "умиротворения".

Яшчэ раней, імкнучыся адмежаваць уніяцкае свяшчэннаначалле і клір ад экспансіі католікаў, якая праявілася ў масавым пераводзе уніятаў у лацінства на пачатку XIX стагоддзя, імператар Аляксандр I спецыяльным указам спыніў гэты працэс. У 1809 годзе адбылося аднаўленне уніяцкай мітраполіі. Значная частка кліру была надзвычай зацікаўленая ў правядзенні такой палітыкі, бо яна перашкаджала паглынанню уніі рыма-каталіцкай царквой, што стымулявалася пры уладзе Паўла I. Тады была ўсталявана поўная арганізацыйная залежнасць уніі ад рыма-католікаў. Уніяцкі ордэн базыльянаў у 1801 годзе быў выведзены з падпарадкавання ўніяцкага свяшчэннаначалля. Шырока выкарыстоўваўся тэзіс, што уніяты — гэта "далучаныя альбо да праваслаўных альбо да католікаў, а не самі па сабе". Казалі пра тое, што Расійскі ўрад мае намер знішчыць унію шляхам далучэння да рыма-каталіцкай царквы. Гэтыя размовы ўспрымаліся вельмі сур'ёзна, маючы на ўвазе тыя захады, якія рабіліся імператарам Паўлам I. Імператар вызваліў вялікую колькасць грамадзянаў былой Рэчы Паспалітай, сасланых імператрыцай Екацярынай II у Сібір. Не толькі вызваліў іх, але і вярнуў ім маёнткі. Так, імператар Павел I вызваліў з турмы кіраўніка паўстанцаў Тадэвуша Касцюшку, наведаўшы яго папярэдне ў Петрапаўлаўскай крэпасці і пакінуўшы яму значную суму грошай, што дазволіла апошняму пасяліцца ў Швейцарыі. Пасля смерці Т.Касцюшкі ў 1817 годзе пераемнік Паўла I імператар Аляксандр I (1801-1825) дазволіў правіць заўпакойныя богаслужэнні. Той самы Аляксандр I даў сваю згоду на пабудову помніка ў гонар падпісання Люблінскай уніі 1569 г. Пасля смерці імператара ў 1825 годзе ўдзячныя яго прыхільнікі ўзвялі ў Варшаве касцёл у імя св. Аляксандра.

На ўсім абсягу Мінскай епархіі панавала польская мова. Зрабіўшыся моваю канцылярыі, яна паступова, нягледзячы на апазіцыю ва уніяцкім асяродку, робіцца мовай уніяцкай царквы, мовай малітвы і духоўных песнапенняў, мовай хатніх зносінаў святароў. Беларуская мова мела самы шырокі ўжытак сярод простага народа. Шляхта ж, дробныя і буйныя землеўладальнікі імкнуліся карыстацца польскай мовай. Уладзіслаў Сыракомля сцвярджаў, што "Мінскія езуіты з невялікай калегіяй у Бабруйску выхавалі на працягу стагоддзя ўсю шляхту Мінскага ваяводства. Бо іншых школаў проста не існавала" (Ул-.Сыракомля. Добрыя весці. Мн., 1994, с.412-413).

Меркаванне пра тое, што тут жывуць палякі, было шырока распаўсюджаным. Нават у падручніку геаграфіі, якім карысталіся ў школах Расіі з 1820 да 1850 гг., насельніцтва заходніх губерняў Расіі, у тым ліку і Мінскай, называлася "палякамі".

У 1829 годзе ў Мінскай губерні налічвалася 53 каталіцкія кляштары і 13 уніяцкіх. Існавала 349 уніяцкіх прыходаў і 65 беспрыходных капліцаў. Закон дазваляў узводзіць новыя храмы, калі уніятаў налічвалася ў дадзенай мясцовасці не менш за 100 двароў.


Уладыка Анатолій быў пераведзены на Сімбірскаую кафедру ў лютым 1832 года, а ў маі таго самага года ў Мінск прыбыў яго пераемнік епіскап Яўгеній Бажанаў. Уладыка Яўгеній сконыў Тульскую духоўную семінарыю. У 1819 годзе прыняў манаскі пострыг. У 1829 годзе быў пасвячоны ў епіскапскі сан і прызначаны на епіскапскую кафедру ў Тамбоў, адкуль атрымаў прызначэнне ў Мінскую епархію. Да гэтага часу ўсе прадстаяцелі Мінскіх цэркваў мелі сан архіепіскапа. Пастаўленне Праасвяшчэннага Яўгенія, які меў сан епіскапа, было ўспрынята як зніжэнне статуса Мінскай епархіі да ўзроўню епіскапіі.

Пры ўладыку Яўгеніі адбылася чарговая змена межаў епархіі. У сувязі з аднаўленнем у 1833 годзе Полацкай епархіі, частка літоўскіх земляў адышла да яе, а ў складзе Мінскай епархіі засталася Гродзенская губерня. 3 гэтай прычыны Мінскі архіерэй атрымаў новы тытул: "Мінскі і Гродзенскі". У новых межах епархія налічвала 277 прыходаў і 241.028 прыходжанаў.

У склад Мінскай епархіі да 1839 года ўваходзілі таксама 14 прыходскіх храмаў, якія знаходзіліся ў Віленскай і Гродзенскай губернях: Вілейскі, Дзісенскі, Друйскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Заблудаўскі, Слонімскі, Лідскі, Пружанскі, Брэсцкі, Кобрынскі, Драгічынскі і Бельскі.

У 1834 годзе замест Праасвяшчэннага Яўгенія на Мінскую кафедру быў пастаўлены архіепіскап Ніканор Клеменцьеўскі (1834-1840), які займаў датаго часу Калужскую кафедру. А раней уладыка Ніканор пасля хіратоніі ў 1826 годзе быў епіскапам Рэвельскім. Прызначэнне ўладыкі Ніканора было звязана з падрыхтоўкай глебы для агульнага ўз'яднання уніятаў і мела на мэце "лепшае добраўладкаванне Царквы". Уладыка Ніканор аказаўся на вышыні для выканання ўскладзенай на яго задачы. Паводле словаў сучасніка, архіепіскап Ніканор "быў каштоўнай знаходкай для епархіі, дзе мясцовыя абставіны патрабавалі ад архіпастыра вялікага запасу лагоднасці і гатоўнасць сустрэць добрым сэрцам шмат цяжкасцяў і сутычак". У бытнасць уладыкі Ніканора адбылося ўз'яднанне уніятаў. I хоць справу ўз'яднання выконвала уніяцкае свяшчэннаначалле ў асобе мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, архіепіскапа Васілія Зубко і іншых, з боку праваслаўных архіпастыраў патрабаваўся ў гэты адказны момант сардэчны ўдзел у справе, тактоўнасць і цярпенне.

У царкоўным асяроддзі на той час склалася пэўнае меркаванне, што уніятаў ад Праваслаўнай Царквы аддзяляюць толькі дзве заганы — прызнанне Папы Рымскага сваім галавой і нераскаяны грэх непаслушэнства перад Святым Праваслаўем. Адпаведна гэтаму меркаванню, уніяты адрозніваліся ад праваслаўных "не столькі духам, колькі знешняй залежнасцю і неспрыяльнымі падзеямі". Паводле пераканання аднаго з галоўных дзеячаў уз'яднання архіепіскапа Антонія Зубко "назва грэка-уніяты была кніжнай і афіцыйнай, незнаёмай народу, без згоды якога ўзнікла унія; а паколькі богаслужэнне заставалася грэка-рускім, то народ, падпарадкаваны грэка-уніяцкім духоўным іерархам, не пераставаў называць сваю веру рускай, у супрацьлегласць веры рыма-каталіцкай, якую называў польскай ці каталіцкай". Гэтае меркаванне дзіўным чынам супадала з выказанай задоўга да таго думкай свяціцеля Георгія Каніскага, які лічыў, што уніяты "прынялі унію гвалтоўна і выконваюць толькі знешне, заўсёды ў сэрцы сваім благачэсце нязменна захоўваючы".


Патрэбны быў выпадак, які б дазволіў знешнім чынам выявіць еднасць царкоўнага народа з Праваслаўем. Такі выпадак здарыўся ў 1839 годзе на Полацкім саборы. Скліканню сабора папярэднічала яго дбайная падрыхтоўка, на працягу якой па ініцыятыве уніяцкага свяшчэннаначалля былі сабраны ў пераважнай колькасці уніяцкага кліру подпісы пра іх жаданне ўвайсці ва ўлонне праайцоўскай праваслаўнай веры. На падставе саборнага рашэння, пад якім падпісаліся 1305 уніяцкіх святароў і ўсе уніяцкія іерархі, Свяцейшы Сінод прыняў пастанову, у якім падкрэслівалася: "Епіскапаў, святарства і духоўную паству грэка-уніяцкай царквы прыняць у зносіны і непадзельны склад Праваслаўнай Царквы Ўсерасійскай". Полацкі царкоўны сабор адбыўся 24 лютага 1839 года, а 23 чэрвеня (н.ст.) таго самага года ў Мінску было адпраўлена першае сумеснае богаслужэнне далучаных да Праваслаўя уніятаў і праваслаўных жыхароў горада, якіх налічвалася да ўз'яднання 2167 чалавек, разам з раскватараваным тут войскам. Мясцовых жа праваслаўных жыхароў у Мінску налічвалася 808 (у кафедральным саборы было 478 прыходжанаў з мясцовых, а ў Свята-Екацярынінскім храме — 330). Праваслаўных, ці як іх тады называлі "древлеправославных" прадстаўляў Мінскі Архіепіскап Ніканор Клеменцьеўскі, а ўз'яднаных уніятаў — былы вікарый Беларускай уніяцкай епархіі архімандрыт Іосіф Сямашка.

Да ўз'яднання уніятаў у Мінскай епархіі налічвалася 267 прыходскіх цэркваў і 285.836 чалавек прыходжанаў. У 1840 годзе колькасць прыходаў складала 575 , а колькасць прыходжанаў — 639.360.

У Мінскім павеце стала 39 прыходаў (замест 2 да ўз'яднання), Ігуменскім — 64 (замест 12), Наваградскім — 51 (замест 1), Барысаўскім — 67, Бабруйскім — 63, Слуцкім — 62, Мазырскім — 71, Пінскім — 94, Рэчыцкім — 64 (замест 57).

У студзені 1840 года выйшла распараджэнне пра накіраванне Праасвяшчэннага Ніканора на архіпастырскае служэнне ў Валынскую епархію. Пазней адбудзецца яго прызначэнне ў якасці архіепіскапа Варшаўскага, а ў 1848 годзе ён зойме Санкт-Пецярбургскую кафедру ўсане мітрапаліта. Пасля спачыну гэтага слыннага архіпастыра ў бібліятэцы Аляксандра-Неўскай Лаўры ў Санкт-Пецярбургу засталіся шэсць рукапісных тамоў яго пропаведзяў, словаў і павучанняў.


У канцы 1839 — пачатку 1840 гг. Мінская епархія была ўведзена ў межы Мінскай губерні (гл. карту-схему 1), а ўся яе літоўская частка адыйшла да праваслаўнай Літоўскай епархіі. Таму пастаўлены на Мінскую кафедру ў студзені 1840 года архіепіскап Антоній Зубко (1840-1848) атрымаў тытул "архіепіскап Мінскі і Бабруйскі". Уладыка Антоній нарадзіўся ў вёсцы Белае Лепельскага павета ў 1797 годзе ў сям'і уніяцкага святара Грыгорыя. Архіепіскап Антоній стаў першым беларусам, які ачаліў Мінскую епархію з моманту яе заснавання. Ён скончыў галоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце са ступенню магістра, а да таго вучыўся ў Полацкай уніяцкай семінарыі і іезуіцкай акадэміі. Пасля прызначэння прафесарам у Полацкую духоўную семінарыю Зубко быў рукапакладзены ў іерэя Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. У 1825 годзе ўжо ў сане протаіерэя быў накіраваны ў Санкт-Пецярбург для службы ў рыма-каталіцкай калегіі на уніяцкім аддзяленні. У 1827 годзе ўзначаліў справу па адкрыццю пры Жыровіцкім манастыры Літоўскай духоўнай семінарыі і стаў яе першым рэктарам. У 1834 годзе хіратанізаваны ў епіскапа Брэсцкага, вікарыя Літоўскай уніяцкай епархіі. Праасвяшчэнны Антоній быў галоўным памочнікам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі ў справе ўз'яднання уніятаў.

Мітрапаліт Іосіф у сувязі з гэтым падкрэсліваў, што "ніхто не дапамагаў мне так добрасумленна па уніяцкай справе, як Праасвяшчэнны Антоній". Уладыка Антоній разам з іншымі уніяцкімі іерархамі паставіў свой подпіс пад Полацкім саборным актам у 1839 годзе.

Адразу ж пасля ўступлення на Мінскую кафедру Праасвяшчэнны Антоній закончыў справу, распачатую яго папярэднікам уладыкам Ніканорам — перавёў Мінскую духоўную семінарыю з Слуцка ў Мінск. Размясцілася яна ў спецыяльна набытым для гэтага будынку. Будынак знаходзіўся на тым месцы, дзе пазней будзе ўзведзены капітальны семінарскі корпус па вул. Аляксандраўскай (цяпер гэта Сувораўская вучэльня). Урачыстае адкрыццё семінарыі адбылося на свята Уздзвіжання Крыжа Гасподняга 14/27 верасня 1840 года. У той самы дзень асвяцілі і дамавую семінарскую царкву.


Уладыка Антоній пры кіраўніцтве епархіяй сустрэў шмат цяжкасцяў у сувязі са значным узрастаннем колькасці прыходаў за кошт былых уніяцкіх. Колькасць прыходаў павялічылася больш чым удвая, а матэрыяльнае забеспячэнне царквы, стан храмаў быў засмучальны. У асабліва цяжкім становішчы апынуліся святары — учорашнія уніяты, якія, будучы пад уніяй, карысталіся матэрыяльнай і маральнай падтрымкай мясцовых памешчыкаў-католікаў. Цяпер жа, пасля прыняцця Праваслаўя, памешчык ад святара "адвярнуўся, як ад маладушнага чалавека, які прыняў "схізму", — і няшчасны святар… раптам апынуўся на самым крытычным раздарожжы" (В.Крестовский. Кровавый пуф М., 1995, т.2, с. 215). Частка свята-роў, трапляючы ў залежнасць ад памешчыка, страчвала свой духоўны аўтарытэт сярод прыходжанаў. Але пераважная частка сельскіх бацюшкаў, не жадаючы ісці на паклон да пана, неяк спрашчалася, набліжаючыся сваім знешнім выглядам, хатнім абсталяваннем, прыбыткам да селяніна-"халопа", захоўваючы пры гэтым малітоўную настроенасць, духоўнае кіраўніцтва і маральны аўтарытэт сярод сваіх прыходжанаў. Пра ўмовы, у якіх знаходзіліся ў той час служачыя царквы, пра малітоўны і духоўны лад іх жыцця могуць выразна сведчыць наступныя ўражанні сучасніка: "кожнаму прыезджаму з унутраных губерняў у Заходні край першае, што непрыемна кідаецца ў вочы і робіць цяжкае ўражанне, — гэта надзвычайная беднасць будынкаў нашых праваслаўных цэркваў: маленькія, спарахнелыя, часта напаўразбураныя, падобныя больш на гаспадарчыя пабудовы. Але калі вы ўвойдзеце часам у гэтую ўбогую напаўразбураную царкву і пачуеце правільнае, чыстае, сапраўды праваслаўнае служэнне, зладжаныя харавыя спевы сялянскіх хлопчыкаў і пропаведзь сціплага сельскага пастыра, якая ідзе наўпрост да сэрца і простага, і адукаванага чалавека, вы выйдзеце з гэтай царквы, да душы намаліўшыся і забудзеце непрыглядную яе знешнасць".

Уладыка Антоній загадаў узвесці для сябе загарадны дом, дзе ён размясціў дамавую царкву ў імя свайго нябеснага апекуна св. Антонія. Знясілены разладам, засмучаны непаслядоўнасцю ўрадавых захадаў адносна падтрымкі Праваслаўнай Царквы, уладыка Антоній, маючы ўжо сан архіепіскапа, вырашыў адыйсці на пакой і адасобіўся ў сваім загарадным доме, прысвяціўшы ўвесь час малітве. Гэты дом у народзе атрымаў назву "Антоніева пустынь". Знаходзіўся ён у раёне цяперашняга Мінскага аўтазавода. Потым уладыка Антоній жыў нейкі час у сваім маёнтку ў Барысаўскім павеце, а ў 1865 годзе пасяліўся ў Пажайскім манастыры, блізу сучаснага Каўнаса, дзе і спачыў у 1884 годзе.

Замест адышоўшага на спакой Праасвяшчэннага Антонія 1 сакавіка 1848 года на Мінскую кафедру быў пастаўлены епіскап (с 1853 года архіепіскап) Міхаіл Галубовіч (1848-1868). Ён быў вядомы як адзін з вядучых супрацоўнікаў па ўз’яднанні уніятаў. У 1828 годзе ён быў рукапакладзены ва уніяцкага святара. Затым у якасці прафесара са ступенню доктара багаслоўя выкладаў у семінарыі. У 1835 годзе ўзведзены ў сан протаіерэя і прызначаны віцэ-старшынёй уніяцкай Літоўскай кансісторыі. Страціўшы сужонку, ён у 1839 годзе прыняў манаскі пострыг, быў узведзены ў сан архімандрыта і прызначаны настаяцелем Быценскага манастыра. У тым самым годзе быў пасвячоны ў епіскапа Пінскага, вікарыя Літоўскай епархіі, а затым перамешчаны на кафедру вікарнага архіерэя ў Брэст. Праз восем гадоў ён упершыню атрымаў самастойную кафедру ў Мінску.


Уладыка Міхаіл вылучаўся глыбокім розумам, добрым сэрцам і любоўю да мастацтва, што дазваляла яму, паводле словаў сучасніка, карыстацца прыхільнасцю "адукаваных людзей без адрознення ў веравызнанні і нацыянальнасці". Пасля яго ўступлення на кафедру пачаўся новы перыяд у гісторыі Мінскай кафедры. Праасвяшчэнны Міхаіл прыклаў шмат намаганняў, каб бедныя прыходскія і прыпісныя цэрквы набывалі належны выгляд, каб будаваліся новыя храмы, засноўваліся манастыры, развівалася духоўная адукацыя. У бытнасць уладыкі Міхаіла ў епархіі было пабудавана каля 20 мураваных і да 70 драўляных храмаў, адрамантавана 16 мураваных і 58 драўляных цэркваў. Па яго ініцыятыве ў 1852 і 1855 гг. рабіліся спробы адкрыцця ў Мінску мужчынскага і жаночага манастыроў.

У той год, калі Праасвяшчэнны Міхаіл заняў Мінскую кафедру, у епархіі налічвалася толькі 32 царкоўна-прыходскія школы з 562 навучэнцамі. Дбайныя адносіны ўладыкі Міхаіла да пашырэння духоўнай адукацыі прынеслі паступова свой плён, і ў 1867 гоадзе агульная колькасць школ дасягнула 671, а колькасць навучэнцаў склала 18057. У верасні 1864 г. Мінская Духоўная семінарыя перайшла ў спецыяльна збудаваны будынак, які, аднак, з прычыны шматлікіх недаробак, патрабаваў капітальнага рамонту. Такі рамонт быў зроблены ўжо пры пераемніку ўладыкі Міхаіла ў 1869-70 гг.

3 1853 года абавязкі інспектара семінарыі выконваў ураджэнец Радашковічаў, ігумен (з 1860 г. архімандрыт) Анатоль Станкевіч, аўтар працы "Пра склад старажытнай Тураўскай епархіі". I хоць гэтая работа не была апублікавана, яе высока ацаніў вядомы даследчык I. Зяленскі. Ён неаднаразова спасылаўся на рукапіс, працуючы над вядомым даследваннем "Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі. Мінская губерня". Пазней архімандрыт Анатолій быў рэктарам Полацкай духоўнай семінарыі, а ў 1894 годзе хіратанізаваны ў епіскапа Калужскага. Былі адкрыты духоўныя вучэльні ў Мінску, Пінску і Парычах. Жаночая духоўная вучэльня ў Парычах, адкрытая ў 1860 годзе на свята Ражджаства Прасвятое Багародзіцы, была створаная намаганнямі ўладальнікаў маёнтка Парычы генерала Пушчына і яго сужонкі Марыі Якаўлеўны Пушчынай. Спачатку меркавалася навучаць там да 25 дзяўчат — дачок праваслаўнага духавенства, але ўжо ў 1865 годзе колькасць выхаванак дасягнула 90.


Пры Мінскай духоўнай вучэльні знаходзілася Божынская духоўная вучэльня, прызначаная для падрыхтоўкі дзяцей да навучання ў Мінскай духоўнай вучэльні. Адкрыта была гэтая вучэльня яшчэ ў 1807 годзе прыхільнікам асветы уніяцкім святаром Сімяонам Акінькевічам, які служыў настаяцелем храма ў вёсцы Капланцы Ігуменскага павета.

3 благаславення ўладыкі Міхаіла, пачынаючы з 1868 года, пачаў выдавацца часопіс "Минские епархиальные ведомости", які пакліканы быў стаць "органам думкі і дзейнасці мясцовага духавенства".

Пры ўладыку Міхаіле пачалі аднаўляць сваю дзейнасць праваслаўныя брацтвы. Першае з іх было заснаванае ў Мінску ў 1864 годзе. Яно мела назву Мінскае Епархіяльнае брацтва ў імя свяціцеля Мікалая і лічыла сябе пераемнікам брацтва, заснаванага пры Свята-Петра-Паўлаўскім манастыры на пачатку XVII стагоддзя.

У 1860 годзе ў межах архіерэйскага падвор'я ў Мінску было завершана ўзвядзенне друхпавярховага архіерэйскага дома з Крыжовай царквой пры ім.

Служэнне архіепіскапа Міхаіла Галубовіча ў якасці Мінскага архіерэя скончылася ў 1868 годзе. Ён адыйшоў на спакой у Жыровіцкі манастыр. У сваім развітальным слове да мінскай паствы ў кафедральным саборы ён прамовіў: "Праслужыўшы ў Мінскай епархіі дваццаць гадоў, па волі Промысла Божага я развітваюся з ёю… Многія мае жаданні і намеры ў накірунку сцверджання праваслаўнае веры, асветы духам веры і пабожнасці паствы, не зусім дасягнулі яшчэ сваёй мэты, многія мае пачынанні яшчэ не завершаныя. Жаданні былі палымяныя, але сілы слабыя!" Спачыў уладыка Міхаіл у сакавіку 1881 года і быў пахаваны ў Жыровіцкай Свята-Успенскай абіцелі ў скляпенні пад алтаром Яўленскай царквы.

Рашэннем Свяцейшага Сінода 22 жніўня 1868 года на аўдавелую Мінскую кафедру быў вызначаны вікарый Літоўскай епархіі, епіскап Ковенскі Аляксандр Дабрынін (1868-1877). Ён прыбыў у Мінск 18 верасня 1868 года.

3 першых дзён свайго знаходжання на Мінскай кафедры епіскап Аляксандр працягваў намаганні свайго папярэдніка ўладыкі Міхаіла па абнаўленні храмаў і адкрыцці манастыроў. У 1870 годзе ён ажыццявіў перавод Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра ў Мінск. Абіцель была размешчаная ў будынку былога жаночага манастыра ордэна бернардынак (цяпер тут размяшчаецца кафедральны Свята-Духаў сабор). Асвячэнне галоўнага манастырскага храма ў гонар Сашэсця Святога Духа выканаў 22 кастрычніка 1870 года сам Праасвяшчэнны Аляксандр.


Пасля пераводу старажытнай Слуцкай абіцелі ў Мінск у будынках Свята-Троіцкага манастыра размясцілі Свята-Іаана-Багаслоўскі манастыр, пераведзены з Грозава. Але назву манастыр захаваў ранейшую — Свята-Троіцкі. Як і раней у Свята-Троіцкім манастырскім храме з правага боку каля прытвора ў свінцовым саркафагу з львінымі галовамі спачывалі нятленныя мошчы праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Над галавой праведнай Сафіі было зроблена невялікае квадратнае акенца, каб бачыць нятленную праведніцу. Над грабніцай знаходзілася ікона Прасвятой Багародзіцы старажытнага пісьма. У гэтым жа храме працягвалі заставацца св. мошчы дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага.

Усё каштоўнае начынне і маёмасць Свята-Троіцкага манастыра былі перавезены ў Мінск. У створаным Свята-Духавым манастыры апынуліся архіерэйскія аблачэнні, шытыя золатам і пярлінам, якія ў свой час былі прысланыя Патрыярхам Канстанцінопальскім у дар Свята-Троіцкай абіцелі; таксама іконы і бібліятэка з творамі свв. Яфрэма Сірына, Феодара Студзіта, Сімеона Новага Багаслова, авы Дарафея і іншых айцоў Царквы. Са званіцы манастырскага храма быў зняты і адпраўлены ў Мінск вялікі звон вагой 220 пудоў і 10 фунтаў, адліты з серабра на сродкі, ахвяраваныя князямі Алелькавічамі. Па дарозе ў Мінск звон зваліўся з павозкі і раскалоўся. Пасля пераліўкі яго змясцілі на званіцы Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора.

Пасля закрыцця ў снежні 1871 года Мінскага жаночага манастыра бенедыктынак епіскап Аляксандр пачаў хадайнічаць пра перавод у будынкі гэтага манастыра двух праваслаўных жаночых манастыроў. У сувязі з гэтым ён пісаў: "У Мінскай епархіі знаходзяцца два трэцекласныя жаночыя манастыры, адзін у Пінску ў 252 вярстах ад Мінска, другі ў сяле Вольне Наваградскага павета, у 140 вярстах. У абодвух гэтых манастырах няма поўнай, вызначанай штатамі, колькасці манахіняў; Вальнянскі манастыр не мае нават сваёй царквы, бо царква, дзе для манахіняў адпраўляюцца богаслужэнні, лічыцца прыходскай… Я перакананы ў неабходнасці злучэння абодвух названых манастыроў у адзін, з пераводам іх у Мінск" (Минск. епарх. ведомости, 1899, №3). У жніўні 1877 года дазвол на перавод быў атрыманы. Пасля рамонту ў будынках былога бенедыктынскага манастыра Пінскі Свята-Варварынскі і Вальнянскі Свята-Троіцкі манастыры былі пераведзены ў Мінск. На Стрэчанне Гасподняе, 2 лютага 1874 года, уладыка Аляксандр асвяціў новаўладкаваны манастыр у гонар Праабражэння Гасподняга. На манастыр пачалі адразу ж паступаць шматлікія і багатыя ахвяраванні. Так, настаяцельніца Кастрамскога Богаяўленскага манастыра ігумення Марыя Давыдава, даслала манастыру цэлы іканастас, выкананы ў візантыйскім стылі. 3 Яраслаўля была атрыманая дакладная копія іконы Божае Маці "Толгская".


3 мэтай агляду епархіі ўладыка Аляксандр штогод рабіў доўгатэрміновыя паездкі. У час адной з такіх паездак епіскап Аляксандр з 28 мая да 21 чэрвеня 1874 года агледзеў 56 храмаў сваёй епархіі, зрабіўшы пры гэтым шлях у 1200 вёрст па Слуцкім, Мазырскім, Рэчыцкім і Бабруйскім паветах. У дарожных нататках, якія вяліся пад час адной з такіх паездак, можна знайсці, напрыклад, цікавыя звесткі пра Слуцкія храмы: "Мікалаеўская саборная царква на ўзвышаным месцы ў цэнтры горада, драўляная трохпрастольная ў выглядзе зоркі, але малазмяшчальная, іканастас і іконы бедныя, начынне беднае і захоўваецца ўненалежнай чысціні, наогул, не відаць дбання пра добрапрыстойнасць у Божым храме. Прыходжанаў у гэтай царкве больш за 3000 чалавек.

Уваскрасенская царква драўляная, зусім лядашчая, малазмяшчальная, іканастас і іконы не добрапрыстойныя, прапанавана на сродкі прыходжанаў будаваць новую царкву ў іншым месцы. Прыходжанаў у гэтай царкве больш за 2500 чалавек жыхароў навакольных вёсак.

Царква ў прадмесці горада Астроўская Міхайлаўская, драўляная, лядашчая, асабліва ўражвае сваёй недобрапрыстойнасцю і спарахнеласцю званіца (праз нейкі час зламалася ад ветру), пагост вялікі, іканастас недобрапрыстойны, начынне і рызніца досыць прыстойныя, архіў у парадку, бібліятэка нязначная. Прыходжанаў пры царкве да 1500 чалавек.

Георгіеўская царква, драўляная, абноўленая на сродкі прыходжанаў капітальна, іканастас добрапрыстойны, чысціня і ахайнасць праглядаюцца ва ўсім, рызніца добрая, начынне прыстойнае, архіў у парадку, бібліятэка нязначная. Прыходжанаў пры царкве больш за 2500 чалавек, яны дбайныя да царквы Божае, пабожныя і любяць свайго святара" (Минск. епарх. ведомости, 1874, № 21). Ад сябе дададзім, што ў Слуцку на той час жыло 15432 чалавекі.

У 1870 годзе ў Мінскай епархіі налічвалася 487 прыходскіх храмаў, якія ў царкоўна-адміністрацыйных адносінах размяркоўваліся наступным чынам. Мінскі павет складаўся з дзвюх благачынніцкіх акругаў — Мінскай і Станькаўскай. У Мінскай акрузе было 19 прыходаў, у Станькаўскай — 22. У Ігуменскім павеце было Ігуменскае благачынне — 28 прыходаў, Дудзіцкае — 18, Бярэзінскае — 17. У Барысаўскім павеце Барысаўскае благачынне мела 22 прыходы, Докшыцкае — 11, Карсаковіцкае — 10, Лагойскае — 10, Эйсмантаўскае — 6. У Слуцкім павеце Слуцкае благачынне налічвала 18 прыходаў, Бучацінскае — 17, Клецкае — 14, Нясвіжскае — 13. У Наваградскім павеце Наваградскае благачынне мела 22 прыходы, Любчанскае — 10, Ствалавіцкае — 20. У Бабруйскім павеце Бабруйскае благачынне мела 12 храмаў, Парыцкае — 12, Жыцінскае — 12, Свіслацкае — 10, Глускае — 12. У Рэчыцкім павеце ў пяці благачыннях быў 61 прыход. У Мазырскім павеце ў чатырох благачыннях — 49 прыходскіх храмаў. У Пінскім павеце на чатыры благачынніцкія акругі даводзілася 39 прыходаў. У 1874 годзе колькасць прыходаў павялічылася да 545. Апрача прыходскіх храмаў у епархіі налічвалася 770 прыпісных цэркваў і капліцаў і восем манастырскіх храмаў.


Насельніцтва Мінскай губерні паводле дадзеных на 1874 год налічвала 1 млн. 303 тыс. 316 чалавек. 3 іх праваслаўных — 924 тыс. 554 чалавекі, католікаў — 146.943, пратэстантаў — 2.606, іудзеяў — 221.028 і магаметанаў — 3.415 чалавек. У губерні налічвалася адзінаццаць гарадоў, сярод якіх самымі буйнымі былі: Мінск — 42.458, Бабруйск — 26.955, Пінск — 23.350, Слуцк — 15.432, Наваградак — 10.741 жыхар (Минск. епарх. ведомости, 1876, № 4).

У епархіі дзейнічала сем духоўных установаў: Мінская духоўная семінарыя, Мінская жаночая вучэльня духоўнага ведамства, адчыненая ў 1867 годзе, Слуцкая павятовая духоўная вучэльня, Парыцкая жаночая вучэльня духоўнага ведамства, Пінская і Слуцкая духоўныя вучэльні, а таксама Божынская духоўная вучэльня, якая ў 1874 годзе была зачыненая, а справы яе перададзеныя ў Мінскую духоўную вучэльню. У Духоўнай семінарыі ў 1873 годзе навучаліся 153 вучні, сярод якіх адзін быў з сялянаў, чатыры — з мяшчанскага саслоўя, два — з чыноўнікаў, адзін з іудзеяў, прыняўшых праваслаўе, астатнія — з сем"яў праваслаўных свяшчэннаслужыцеляў. Прыкладна такія ж суадносіны па саслоўях былі і ў вучнёўскім складзе духоўных вучэльняў.

У 70-х гг. шырокую вядомасць у епархіі набыла прапаведніцкая дзейнасць інспектара Мінскай Духоўнай семінарыі архімандрыта Анастасія Апецкага. На ўсе двунадзесятыя святы яго запрашалі прамаўляць пропаведзі ў кафедральны сабор. Слухаць іх прыходзілі не толькі праваслаўныя, але і католікі, і яўрэі. Прапаведніцкі дар архімандрыта Анастасія працінаў словам Божым сэрцы прадстаўнікоў усіх веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Пазней а.Анастасій быў хіратанізаваны ў епіскапа Аланецкага.

Праасвяшчэнны Аляксандр пакінуў пра сябе памяць як дбайны прыхільнік добраўпарадкавання храмаў Божых. Ужо хутка пасля яго ўступлення на Мінскую кафедру была ўладкаваная ў Мінскай гімназіі дамавая царква. Чын яе асвячэння ў імя свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага адправіў 15 мая 1869 года ўладыка Аляксандр. У 1870 годзе яго намаганнямі з руінаў старажытнага Спаса-Увазня-сенскага манастыра ў Мінску была адноўленая Спаса-Увазнясенская царква, у якой маліліся слухачкі жаночай вучэльні духоўнага ведамства. 3 благаславення Праасвяшчэннага Аляксандра ў маі 1869 года былі распачаты работы па пераўладкаванні Свята-Екацярынінскага сабора ў Мінску. У 1872 годзе быў узведзены сярэдні купал, усталяваны новы іканастас, наноў распісаныя сцены. 26 лютага 1872 года ўладыка Аляксандр асвяціў адноўлены храм.


У Барысаве, дзе існавала раней шэсць праваслаўных храмаў, пасля таго, як у 1865 годзе згарэў гарадскі сабор, засталася адна старэнькая прымогілкавая царква ў імя св. Андрэя юродзівага. Па хадайніцтве ўладыкі Аляксандра быў зацверджаны праект будаўніцтва храма ў гонар Уваскрэсення Гасподняга за кошт казны на суму 47890 руб. паводле каштарысу. Закладка сабора адбылася ў верасні 1871 года на гандлёвай плошчы, дзе раней знаходзіўся Спаса-Праабражэнскі храм. Асвяціў новы сабор у гонар Уваскрэсення Гасподняга 20 кастрычніка 1874 года Праасвяшчэнны Аляксандр.

У верасні 1876 года ў прысутнасці 10 тысяч вернікаў уладыка Аляксандр асвяціў адрамантаваны Свята-Барыса-Глебскі храм у Наваградку. Аднаўленню гэтага храма Праасвяшчэнны Аляксандр надаваў вялікае значэнне, бо гэта Наваградская святыня была сведкай многіх гістарычных падзеяў, з'яўляючыся самым старажытным з усіх існуючых храмаў Мінскай епархіі. Тут на пачатку XV стагоддзя адбываўся Сабор епіскапаў Вялікага княства Літоўскага для абрання асобнага мітрапаліта для Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі. Для Літоўскіх мітрапалітаў гэты храм быў кафедральным. Пазней тут знаходзіліся уніяцкія мітрапаліты Міхаіл Рагоза (1595-1599) Іпацій Пацей (1599 1613), Іосіф-Вельямін Руцкі (1613-1637). Пасля 1839 года храм з саборнага быў ператвораны ў прыходскую царкву.

Глыбокая ўвага да гісторыі Мінскай епархіі прывяла ўладыку Аляксандра да пераканання, што тытул Мінскіх архіерэяў не зусім адлюстроўвае лёсы Мінскай епархіі і тутэйшага краю. Таму ён выступіў з хадайніцтвам пра змену тытула. Свяцейшы Сінод задаволіў гэтае хадайніцтва і прадпісаў надалей іменаваць Мінскіх архіерэяў Мінскімі і Тураўскімі. У афіцыйным дакуменце, які з'явіўся ўжо пры пераемніку ўладыкі Аляксандра — епіскапу Яўгенію Шарашылаву, падкрэслівалася, што "найменне Мінскага епархіяльнага архіерэя "Бабруйскі", прысвоенае яму 28 студзеня 1840 года, не адпавядае ні старыжытнасці Мінскай епархіі, ні значэнню яе ў гісторыі заходне-рускай правасалаўнай царквы". Новае найменне давалася "ва ўспамін таго, што праваслаўная епіскапская кафедра ў межах названай епархіі, менавіта ў Тураве заснаваная ў XI стагоддзі". Тытул "Мінскі і Тураўскі" захоўваўся за Мінскімі архіерэямі да 1922 года.


У сакавіку 1877 года ўладыка Аляксандр "з увагі на выдатнае і стараннае служэнне Святой Царкве і дбайнае кіраванне даверанай яму паствай" быў узведзены ў сан архіепіскапа, а 15 мая таго самага года выйшаў Указ аб прызначэнні ўладыкі Аляксандра на Літоўскую кафедру. У час развітання з паствай, якое адбылося 29 мая 1877 года ў Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы, духавенства паднесла ў дар уладыку Аляксандру копію з цудатворнай Мінскай іконы Божае Маці. Развітваўся з народам свяціцель Аляксандр каленасхіленым. У час адпраўлення цягніка, на якім ад'язджаў уладыка, званілі ва ўсіх цэрквах горада. Архіпастырскае служэнне архіепіскапа Аляксандра на Літоўска-Віленскай кафедры працягвалася да самага яго спачыну 28 красавіка 1885 года. Пахаваны ўладыка Аляксандр у галоўным храме Віленскага Свята-Духава манастыра.

У маі 1877 года на Мінскую кафедру быў пераведзены епіскап Яўгеній Шарашылаў (1877-1880), які раней быў вікарным Літоўскай епархіі з тытулам "Ковенскі". У першы ж дзень пасля прыбыцця ў Мінск усе звярнулі ўвагу на прапаведніцкі талент і глыбіню думкі новага Мінскага архіпастыра. У сваім слове да паствы, якая сабралася для сустрэчы ў кафедральным саборы 22 чэрвеня 1877 года, уладыка між іншым сказаў: "Хадзіць годна звання нашага (Эф. 4,1) — вось агульны для ўсіх нас і галоўны наш абавязак. Найгалоўнейшае, самае высокае і слаўнае званне наша ёсць званне хрысціянаў праваслаўных. Слова Божае самым высокім адрозненнем хрысціяніна лічыць не знешнюю славу, а красу ўнутранага патаемнага сэрца чалавека (Пят. 3,4) (Минские епархиальные ведомости, 1877, № 12). Шматлікія пропаведзі і прамовы ўладыкі Яўгенія пад час яго служэння ў Мінску і Коўне склалі цэлую кнігу, якая выйшла ў 1880 годзе пад назвай: "Словы і прамовы Яўгенія, епіскапа Мінскага і Тураўскага".

Уладыка Яўгеній аказаўся глыбокім прыхільнікам малітоўнага ўшанавання свяціцеля Кірыла Тураўскага. 3 яго благаславення былі выдадзеныя галоўныя творы свц. Кірыла, а ў Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы ў лістападзе 1878 года ў імя свяціцеля Кірыла быў асвячоны прыдзельны прастол. Да дня асвячэння прастола епіскап Яўгеній склаў трапар і велічанне свяціцелю Кірылу.

3 благаславення Праасвяшчэннага Яўгенія было зроблена выданне кнігі: "Описание церквей и приходов Минской епархии". Гістарычная каштоўнасць гэтага выдання з кожным годам узрастае.
У 1878 годзе па ініцыятыве ўладыкі Яўгенія была абноўлена манастырская царква ў Ляданскім Свята-Благавешчанскім манастыры. У ёй быў пашыраны іканастас, зроблены новы дах і ўзведзены купал.


У лютым 1880 года Праасвяшчэнны Яўгеній асвяціў у імя свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага царкву ў Мінскай жаночай класічнай гімназіі, якая існавала з 1865 года і дзе навучалася 280 дзяўчат. Праваслаўных сярод іх было 131, рыма-католікаў — 61, іудзееў — 85, лютэранаў — 4. Большасць з іх паходзіла з дваран і чыноўнікаў — 177.Духоўнае саслоўе было прадстаўлена 10-ю выхаванкамі, а сялянскае толькі 2-я. У год адкрыцця гімназіі ў ёй навучалася ўсяго 36 выхаванак.

У жніўні 1880 года ўладыка Яўгеній атрымаў прызначэнне на Астраханскую кафедру і на чацвёрты дзень пасля атрымання Указа Свяцейшага Сінода Праасвяшчэнны пакінуў Мінск. Яго развітанне з мінскай паствай прайшло надзвычай сціпла, "без афіцыйных урачыстых знакаў". Відаць, гэта адпавядала характару ўладыкі Яўгенія, які заўсёды ўхіляўся розных пахвал і хвалебных выказваннняў у свой адрас.

У верасні 1880 года ў Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы адбылося першае богаслужэнне новага Мінскага архіерэя епіскапа Варлаама Чарняўскага (1880-1889). Прызначэнне ў Мінск ён атрымаў яшчэ ў ліпені, але перш чым прыехаць сюды з Санкт-Пецярбурга, ён здзейсніў доўгатэрміновае паломніцтва па святых месцах Масквы, Варонежа, Кіева і таму прыбыў у Мінск толькі 7 верасня 1880 г. У бытнасць уладыкі Варлаама, пачынаючы з 1884 года, рэгулярна двойчы на год пачалі адбывацца хрэсныя ходы ад архіерэйскага дома да вёскі Крупцы, за 6 вёрст ад Мінска. У Свята-Пакроўскай царкве вёскі Крупцы знаходзіўся цудатворны вобраз Крупецкай Божае Маці, цудоўна яўлены на мясцовай крынічцы ў 1612 годзе. 3 благаславення ўладыкі Варлаама было вырашана Крупецкую ікону Божае Маці 1/14 кастрычніка ўрачыста пераносіць з Крупцоў у Мінск і захоўваць яе ўзімку ў Крыжовай царкве архіерэйскага падвор"я, а 6/19 мая наступнага года ўрачыста вяртаць святыню ў Свята-Пакроўскую Крупецкую царкву. У гэтых хрэсных ходах удзельнічала вялізная колькасць народу.

3 благаславення ўладыкі Варлаама была пабудаваная новая мураваная крыжовая царква, якую ў 1885 годзе асвяцілі ў гонар Пакрова Прасвятое Багародзіцы. Правы прыдзел храма быў асвячоны ў гонар нябеснага апекуна Мінскага архіерэя прападобнага Варлаама, ігумена Пячэрскага (памяць 19 лістапада / 2 снежня).

У 1886 годзе асвяцілі ў імя свв. Кірыла і Мяфодзія дамавую царкву ў Мінскай мужчынскай духоўнай вучэльні.


Пад час знаходжання ўладыкі Варлаама на Мінскай кафедры адбываліся вялікія змены ў сістэме агульнай і царкоўнай адукацыі. На пачатку 80-х гадоў назіралася значнае скарачэнне колькасці царкоўных школ. Гэта адбывалася ў выніку перадачы іх у веданне Міністэрства Народнай Адукацыі. Такім чынам колькасць школ у епархіі зменшылася ад 580 да 114. Аднак пасля выдання "Правілаў аб царкоўна-прыходскіх школах" у 1884 годзе колькасць школ адразу ўзрасла і склала ў 1887-88 навучальным годзе 1156 царкоўных школ. У іх лік уваходзілі: 1 двухкласная і 170 аднакласных царкоўна-прыходскіх школ, а таксама 985 школ граматы. У Бабруйскі павеце было 97 школ, у Барысаўскім — 125, Ігуменскім — 148, Мінскім — 112, Мазырскім — 57, Наваградскім — 209, Пінскім — 94, Рэчыцкім — 65, Слуцкім — 249. 3 агульнай колькасці школ толькі 78 мелі свае ўласныя памяшканні, 682 школы размяшчаліся ў дамах бацькоў. Колькасць навучэнцаў складала 18733 чалавекі, у тым ліку 16869 хлопчыкаў і 1864 дзяўчынкі. Сярод настаўнікаў было 84 святары, 104 ваенныя і 828 сялянаў. Вышэйшае кіраванне царкоўнымі школамі ў межах епархіі было ўскладзена на правячага архіерэя. Агульнае кіраванне справай царкоўна-прыходскай адукацыі ажыццяўляла, пачынаючы з 1884 года, Епархіяльная вучэльная Рада пры Мінскім архіерэі на чале з рэктарам Мінскай Духоўнай семінарыі. Для непасрэднага кіравання школамі былі вызначаныя назіральнікі ў колькасці 59 чалавек са святароў. У 1888 годзе Епархіяльны вучэльны Савет складаўся з 91 чалавека. У тым самым годзе ён быў аб'яднаны з Мінскім епархіяльным Свята-Мікалаеўскім брацтвам і спыніў сваё існаванне. На той час Свята-Мікалаеўскае брацтва налічвала 16 чалавек.

У 1886 годзе пры дамавой царкве Мінскай духоўнай семінарыі было створана Кірыла-Мяфодзіеўскае брацтва. Заснаванне брацтва было прымеркавана да 1000-годдзя спачыну св. Мяфодзія, асветніка славянаў. Галоўная мэта брацтва — дапамога бедным навучэнцам семінарыі.

У 1889 годзе ўладыка Варлаам, маючы ўжо сан архіепіскапа, спачыў і быў пахаваны ў прыдзеле крыжовай Свята-Пакроўскай царквы. Гэта быў першы Мінскі архіпастыр, спачылы і пахаваны тут — на месцы свайго служэння.

Пасля спачыну архіепіскапа Варлаама на Мінскую кафедру быў пастаўлены епіскап Сімяон Лінькоў (1889-1899). Ён прыбыў у Мінск 16 чэрвеня 1889 года з Арла, дзе дагэтуль быў правячым архіерэем з тытулам "Арлоўскі і Сеўскі".

На той час у межах Мінскай епархіі жыло 1.750.000 чалавек. 3 іх 1.200.000 было праваслаўных, 170.000 католікаў, па 5.000 пратэстантаў і магаметанаў, больш за 12.000 стараабрадцаў, 330.000 іудзеяў. Такім чынам, праваслаўнага насельніцтва ў епархіі было каля 1200000. У Мінску жыло 18.590 праваслаўных, 12.394 католікаў, 827 пратэстантаў, 1.440 магаметанаў, 38.055 іудзеяў. У Слуцку было 6.558 праваслаўных, 1.224 католікаў, 338 пратэстантаў, 12 магаметанаў, 11.555 іудзеяў (Минск. епарх. ведомости, 1895, № 10).


У кастрычніку 1890 года ўладыка Сімяон асвяціў новапабудаваную драўляную царкву ў імя Казанскай іконы Божае Маці. Царква гэтая была ўзведзена ў Мінску за кошт дабрачынных ахвяраванняў чыгуначных служачых Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай чыгунак.

У 1898 годзе ваенным ведамствам быў узведзены ў Мінску новы мураваны храм на Вайсковых могілках па вул. Даўгабродскай. Чын асвячэння гэтага храма таксама адправіў Праасвяшчэнны Сімяон.

У 1893 годзе Мінская епархія ўрачыста адсвяткавала 100-годдзе свайго існавання. Святкаванні адбываліся па спецыяльна зацверджанай праграме.

У 1899 годзе нечакана спачыў уладыка Сімяон, маючы ўжо сан архіепіскапа. Пахаваны ён быў у Крыжовай царкве архіерэйскага дома побач са сваім папярэднікам архіепіскапам Варлаамам.

Незадоўга да таго ў Расіі праводзіўся перапіс насельніцтва. Вынікі яго выявілі нізкую ступень адукаванасці праваслаўнага насельніцтва Мінскай губерні, нягледзячы на вялікую колькасць царкоўных школ. У 1899 годзе іх налічвалася 1.736, у тым ліку двухкласных — 10, аднакласных — 201, школ граматы — 1.521, тры нядзельныя і адна ўзорная пры Мінскай Духоўнай семінарыі. Колькасць навучэнцаў складала 47.371 чалавек. I ўсё ж перапіс насельніцтва 1897 годавыявіў, што агульная колькасць пісьменных ў Мінскай губерні сярод мужчынаў складала 25,44%, а сярод жанчын — 10,13% ад усяго насельніцтва губерні. Сярод праваслаўнай часткі насельніцтва пісьменных мужчынаў было 18,87%, жанчын — 3,67%; сярод рыма-католікаў адпаведна — 33,52% і 23,42%; сярод пратэстантаў — 58,66% і 52,21%; сярод іудзеяў — 50,68% і 29,7% (Мннск. епарх. ведомоста, 1904, № 24).

У якасці прычынаў нізкага адукацыйнага ўзроўню праваслаўнага насельніцтва можна назваць наступныя асноўныя: па-першае, хранічная адсутнасць памяшканняў у большасці школ; па-другое, недахоп вопытных і адукаваных настаўнікаў; па-трэцяе — практычная адсутнасць аплаты працы настаўнікаў; па-чацвертае — недахоп, а часам і адсутнасць, навучальных дапаможнікаў і падручнікаў; па-пятае — нерэгулярнае наведванне навучэнцамі заняткаў з прычыны занятасці ў гаспадарцы бацькоў; па-шостае — абыякавасць і амаль поўная адсутнасць падтрымкі з боку валасных і сельскіх уладаў. Яскравым прыкладам апошняга з'явілася рашэнне Мінскай гарадской думы ў 1906 годзе пра адмаўленне асігнаванняў на дзейнасць царкоўна-прыходскіх школ з прычыны "неадпаведнасці выкладання ў іх духу сучаснасці".