Падзеі XX стагоддзя


Пасля ад'езду мітрапаліта Мелхіседэка ў Маскву справы па кіраванні Мінскай епархіяй па чарзе пераходзілі да епіскапа Арсенія Смаленца, епіскапа Філарэта Раменскага, епіскапа Феафана Семянякі. Удзельнічалі ў архіпастырскім акармленні паствы і ў справах па кіраванні епархіяй таксама вікарныя епіскапы Іаан Пашын і Мікалай Шэмяціла. Да 1937 года ўсе Мінскія архіерэі былі арыштаваныя, а пазней расстраляныя, альбо памерлі пры нявысветленых абставінах. У 1937 годзе была зачыненая апош­няя Мінская царква. На год раней узарваны кафедральны Свята-Петра-Паўлаўскі сабор і Свята-Казанскі прывакзальны мураваны храм. 3 1919 зачыненая Мінская Духоўная семінарыя, усе духоўныя вучэльні епархіі. Адабраны будынкі архіерэйскага падвор'я і перабудаваны паводле густу іх новых гаспадароў. Цудатворная Мінская ікона Божае Маці апынулася ў мастацкім музеі, фонды якога знаходзіліся ў дрывяным складзе. Знікла і цудатворная Крупецкая ікона Божае Маці. Храмавымі іконамі распальвалі лазні, як гэта было ў Заслаўі.

У 1939 годзе ў межах епархіі не засталося ніводнай дзейнічаючай царквы. Усе царкоўнаслужыцелі падпалі пад ганенні ў рознай форме. Паводле дадзеных святара Фёдара Крываноса, які збірае звесткі пра беларускіх праваслаўных новамучанікаў, практычна ўсе святары епархіі былі арыштаваныя і большасць з іх расстраляныя, альбо загінулі ў цяжкіх умовах няволі і турмы.

У 1939 годзе агульная колькасць храмаў у межах усяго Савецкага Саюза не перавышала ста, у параўнанні з 48.000 да рэвалюцыі. Былі зачыненыя ўсе 1.025 манастыроў. 3 130 архіерэяў засталіся ў жывых і не былі зняволенымі толькі чатыры.

Аднаўленне царкоўнага жыцця адбылося адразу пасля акупацыі нямецкімі войскамі межаў Беларусі і Мінскай епархіі ў чэрвені-ліпені 1941 года. Як толькі немцы захоплівалі які-небудзь населены пункт, дзе была царква, царкоўны народ адразу ж адчыняў дзверы храма, прыбіраў там, заносіў іконы. Так, напрыклад, у Мінску Свята-Аляксандра-Неўскую царкву людзі адчынілі ўжо на другі дзень пасля ўваходу ў горад немцаў. Па меры прасоўвання нямецкага войска ўглыб краіны падобныя выпадкі набылі масавы характар. Нямецкае вайсковае камандванне, як правіла, не чыніла перашкодаў адкрыццю цэркваў. А палітычнае кіраўніцтва вельмі хутка вырашыла скарыстаць масавае адкрыццё цэркваў і сваімі лаяльнымі адносінамі да адраджэння царкоўнага жыцця атрымала перавагу ў ідэалагічнай барацьбе з камуністычнай уладай. Гітлер планаваў у выпадку паспяховага заканчэння вайны расправіцца з Царквой, як гэта зрабілі да яго бальшавікі. Але пакуль ішла вайна, ён вырашыў зрабіць Царкву сваёй саюзніцай, таму нямецкія акупацыйныя ўлады не перкашкаджалі і нават спрыялі адраджэнню царкоўнага жыцця, аднаўленню знішчанай структуры царкоўна-кананічнага кіравання.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.