Падзеі XX стагоддзя


У кастрычніку 1941 года на Мінскую епіскапскую кафедру ўступіў мітрапаліт Панцеляіман Ражноўскі (1941-1944) з тытулам "Мінскі і ўсяе Беларусі". Гэта быў ужо слынны архіпастыр, які карыстаўся аўтарытэтам у царкоўных колах. Пачынаў ён сваё архіпастырскае служэнне ў 1913 годзе, калі стаў епіскапам Дзвінскім, вікарыем Полацкай епархіі. Потым нёс многія царкоўныя паслушэнствы. У 1939 годзе пасля заняцця Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй мітрапаліт (тады яшчэ архіепіскап) Панцеляіман Патрыяршым Месцазахавальнікам Сергіем Страгародскім быў прызначаны Экзархам Маскоўскай Патрыярхіі і пастаўлены на заснаваную тады Мінска-Наваградскую епіскапскую кафедру. У 1940 годзе, незадоўга перад пачаткам вайны, стаў правячым архіерэем новаўтворанай Гродзенска-Вілейскай епархіі.

Уступіўшы на Мінскую кафедру, уладыка Панцеляіман пакліканы быў не толькі акармляць Мінскую паству, але і быць прадстаяцелем усёй Праваслаўнай Царквы на Беларусі.

У лістападзе 1941 года ў Жыровіцкім манастыры адбылася хіратонія ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай епархіі, архімандрыта Філафея Нарко (1941-1944).

У канцы лістапада 1941 года мітрапаліт Панцеляіман і епіскап Філафей Нарко прыбылі ў Мінск і размясціліся ў Спаса-Праабражэнскім манастыры, які служыў на працягу ўсёй вайны ў якасці архіерэйскага дома.

Мітрапаліт Панцеляіман і епіскап (пазней архіепіскап) Філафей адыгралі важную ролю ў захаванні і ўладкаванні царкоўнага жыцця не толькі ў Мінскай епархіі, але і ва ўсёй Беларусі.

У сакавіку 1941 года ў Мінску быў скліканы Сабор епіскапаў, на якім разгледжаны і зацверджаны Статут Беларускай Праваслаўнай Царквы. Аўтарам пректа Статута быў тады яшчэ архімандрыт Афанасій Мартас. Сабор прыняў рашэнне пра заснаванне шасці епархіяў: Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Наваградскай і Смаленскай. На кожную новаўтвораную кафедру быў пастаўлены епіскап. Мінскую епархію ачаліў мітрапаліт Панцеляіман з тытулам "Мінскі і ўсяе Беларусі, свяшчэннаархімандрыт Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.