Падзеі XX стагоддзя


Дазваляючы адраджэнне царкоўнага жыцця, нямецкая акупацыйная адміністрацыя хацела, каб пры гэтым выконвалася адна абавязковая ўмова: не дазволіць, каб Царква стала яднаючай сілай для мільё­наў людзей, якія "скаштавалі дабротаў новага парадку" і з болем сэрца ўспрымалі ганьбаванне роднай зямлі. Бо вельмі хутка нямецкі міф пра тое, што яны прыйшлі, каб звергнуць іга бальшавізму, з-за масавых рэпрэсіяў ні ў чым не вінаватага мірнага насельніцтва, старых і дзяцей, развеяўся. Людзі зразумелі, што крыжы, намаляваныя на нямецкіх танках і самалётах, не больш, чым геаметрычныя апазнавальныя знакі. А надпісы на салдацкіх спражках: "Gottmituns" (3 намі Бог), міжволі выклікалі пытанне: які бог маецца на ўвазе, у якога бога верыць Гітлер і ўсе тыя, хто быў на чале гэтай жудаснай агрэсіі супраць народа?

Сутнасць нацысцкай дактрыны адносна Царквы была выкладзена самім Гітлерам у красавіку 1942 года. Яна зводзілася да наступнага: "Мы павінны пазбегнуць таго, каб адна царква задавальняла рэлігійныя патрэбы вялікіх раёнаў, і кожная вёска павінна быць ператворана ў незалежную секту, якая б шанавала Бога па-свойму. Калі асобныя вёскі ў выніку пажадаюць практыкаваць чорную магію, як гэта робяць негры ці індзейцы, мы не павінны нічога рабіць, каб перашкаджаць ім. Коратка кажучы, нашая палітыка на шырокіх рускіх прасторах павінна праяўляцца ў падтрымцы любой і кожнай формы раз'яднання і расколу” (Цыт. паводле: Ф.Ставру и В.М.Алексеев, Русская православная церковь на оккупированной немцами территории. С. 53).

Для царкоўных дзеячаў ваеннага часу паўстала надзвычай цяжкая задача: як пры ажыццяўленні сваіх архіпастырскіх і пастырскіх абавязкаў не зрабіцца заложнікам той палітыкі раз'яднання, якую меркавалі праводзіць немцы і асобныя іх аднадумцы з ліку створанай на акупаванай тэрыторыі Беларусі беларускай адміністрацыі. У яшчэ больш цяжкай і нават трагічнай маральнай сітуацыі апынуліся беларускія патрыёты, у тым ліку ў царкоўным асяродку, якія дзеля задавальнення сваіх нацыянальных жаданняў выступілі за атрыманне Беларускай Праваслаўнай Царквой права на незалежнасць ці аўтакефалію. Бо ў той час патрабаванні аўтакефаліі аб'ектыўна знаходзіліся ў рэчышчы нямецкай палітыкі. Пытанне пра аўтакефалію ставілася ў перыяд вайны некалькі разоў на Ўсебеларускім Праваслаўным Саборы, які адбываўся ў Мінску ў жніўні-верасні 1942 года; на Саборы епіскапаў, сабраным у Мінску ў маі 1944 года. Напярэдадні Сабора 1942 года менш згаворлівы, як здавалася немцам, мітрапаліт Панцеляіман быў аддалены ад спраў і высланы спачатку ў манастыр у Ляды, а потым перапраўлены ў Вілейку. Вызвалены ён быў толькі ў красавіку 1943 года. Справамі Царквы фактычна кіраваў узведзены ў сан архіепіскапа Філафей Нарко. Протаіерэй Міхаіл Пясецкі (цяпер па-за штатам), які служыў ва ўладыкі Філафея ў якасці іпадыякана, згадвае, што вяртаючыся з перамоваў у нямецкай адміністрацыі ўжо позна ўвечары, застаючыся адзін, уладыка Філафей часта плакаў. Як сведчыць протаіерэй Міхаіл Пясецкі, пад час кожнага выкліку ўладыкі ў адміністрацыю прыходзілі думкі, што бачымся апошні раз.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.