Падзеі XX стагоддзя


У 1957 годзе ў Мінска-Беларускай епархіі налічвалася 968 храмаў, у тым ліку ў гарадах — 86, гарадскіх пасёлках — 79, у вёсках — 803. Статус прыходскіх мела 709 храмаў, астатнія не мелі пастаянных святароў і лічыліся прыпіснымі. Змяншэнне колькасці храмаў у параўнанні з перыядам канца вайны можна растлумачыць тым, што асобныя храмы, як, напрыклад, царква ў імя роўнаап. Марыі Магдаліны ў Мінску, адбіраліся ў вернікаў на той падставе, што нібыта яны незаконна былі захопленыя пад час нямецкай акупацыі, калі савецкая ўлада адсутнічала.

На 1 мая 1957 года царкоўны клір налічваў 760 чалавек, з іх: архіерэяў — 2, святароў — 724, дыяканаў — 34. Прычым 403 чалавекі з іх былі ва ўзросце звыш 55 гадоў і толькі 45 чалавек ва ўзросце да 30 гадоў. Духоўную адукацыю мелі 434 свяшчэннаслужыцелі, астатнія мелі толькі свецкую адукацыю, пры-чым 129 чалавек скончылі пачатковую агульнаадукацыйную школу. У Мінскай вобласці на 1 студзеня 1957 года налічвалася 92 святары і 11 дыяканаў. 3 46 святароў, якія служылі ў межах Гомельскай вобласці, 12 пасля амністыі ў 1953 годзе вярнуліся з лагераў.

У 1956-57 гадах ў Духоўнай семінарыі навучаліся 143 чалавекі, з якіх 19 былі ў выпускным класе.

У Мінска-Беларускай епархіі дзейнічалі ў 1957 годзе тры манастыры: Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы ў Полацку, Свята-Успенскі мужчынскі ў Жыровіцах і Ражджаства Прасвятой Багародзіцы ў Гродне. Агульная колькасць насельнікаў манастыроў складала 133 чалавекі, у тым ліку ў мужчынскім Свята-Успенскім манастыры 30 чалавек разам з паслушнікамі. Гэты манастыр меў у карыстанні 35 га зямлі, у тым ліку ворнай да 25 га.

У 1955 годзе ўладыка Піцірым быў узведзены ў сан мітрапаліта, а ў 1958 годзе быў пераведзены ў Ленінград у якасці правячага архіерэя з тытулам "Ленінградскі і Ладажскі, пастаянны член Свяшчэннага Сінода". Пасля мітрапаліта Піцірыма Мінскай епархіяй кіраваў пэўны час мітрапаліт Гурый Ягораў (1958-1961), якога змяніў мітрапаліт Антоній Крацевіч. Ён займаў кафедру ўсяго некалькі месяцаў з 16 сакавіка да 17 ліпеня 1961 года. У 1961-1963 гг. кіраваў епархіяй архіепіскап Варлаам Барысевіч, якога змяніў мітрапаліт Нікадзім Ротаў. Займаючы Мінска-Беларускую кафедру з 4 жніўня да 9 верасня 1963 года, ён стала ў Мінску не заснаваўся. 3 1963 да 1965 г. правячым архіерэем быў мітрапаліт Сергій Пятроў. У 1965 годзе на Мінска-Беларускай кафедры на працяглы тэрмін зацвердзіўся мітрапаліт Антоній Мельнікаў (1965-1978).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.