Падзеі XX стагоддзя


Гісторыя Мінскай епархіі яшчэ не ведала такой частай змены правячых архіерэяў за такі кароткі тэрмін. Тлумачэнне гэтаму — новыя ганенні, якія абрынуліся на Царкву ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў. Кароткі перыяд, калі дзяржава цярпела Царкву, скончыўся, і Царква зноў падпала пераследу. Ганенні мелі такі раз-мах і вяліся ў такім неймаверным тэмпе, што, паводле ўспамінаў сучаснікаў тых падзеяў, часта ўзнікала пытанне: зусім улады вырашылі знішчыць Царкву альбо толькі праводзяць пагром, каб атрымаць асалоду ўлады. Трэба зазначыць, што паралельна з ганеннямі на Царкву кіраўнікі краіны, кіруючыся дактрынай чалавекабожжа і знаходзячыся, відаць, ў стане нейкага шаленства і духоўнай прэлесці, урачыста абяцалі, што праз пару дзесяцігоддзяў яны ўздзвігнуць рай на зямлі (вядомы выраз: "цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме"). Зачыняючы і апаганьваючы святыні, забараняючы людзям слухаць Слова Божае, вучыцца запаведзям Гасподнім, кашчуннікі ад улады павучальна прапанавалі людзям замест гэтага чалавекабожаскі сурагат пад назвай "Маральны кодэкс будаўніка камінізму".

Падрыхтоўка да ганенняў распачалася ўжо ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі нечакана абклалі арэнднай платай манастырскія будынкі і землі, пачалі ствараць перашкоды маладым людзям для паступлення ўДухоўную семінарыю, не прапісваць тых, хто жадаў застацца ў манастырах, перашкаджалі праводзіць рамонт храмаў.

Наконт гэтага ў 1958 годзе была выдадзеная нават інструкцыя Савета па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пад назвай: "О сдерживании духовенства по созданню в церкви благолепия".

У 1959-1960 гг. пачалося масавае закрыццё храмаў. На мове прадстаўнікоў улады гэта называлася "упорядоченне церковной сети". Да лістапада 1960 года толькі ў Мінскай вобласці было зачынена 140 цэркваў. Да канца 1963 года ў Мінска-Беларускай епархіі засталося 437 прыходаў, 55 з іх знаходзілася ў Мінскай вобласці. Калі ў 1960 годзе ў вобласці было 156 свяшчэннаслужыцеляў, то у лістападзе засталося толькі 73.

У кафедральным Мінску засталося толькі дзве царквы. У 1961 годзе была разбураная Крыжовая Свята-Казанская царква каля Дома Ўраду.

У 1963 годзе былі спыненыя заняткі ў Духоўнай семінарыі. У пачатку 60-х гадоў былі зачыненыя і разрабаваныя жаночыя манастыры ў Полацку і Гродне.

У 1961 годзе ліквідавана Бабруйскае вікарства. Цяжкай стратай стала закрыццё і разбурэнне амаль усіх прыпісных цэркваў і капліцаў. Многія з іх, несамавітыя і знешне ўбогія, з'яўляліся намоленымі народам святынямі, дзе слёзна маліліся многія пакаленні царкоўных людзей. Толькі за адзін 1960 год у Мінска-Беларускай епархіі было зачынена больш за трыста такіх цэркваў і капліцаў, 119 з іх знаходзілася ў межах Мінскай вобласці.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.