Падзеі XX стагоддзя


Свяшчэннаслужыцелі страчвалі месцы і магчымасць утрымліваць свае сямействы. Тыя, што заставаліся служыць, абкладаліся неймавернымі падаткамі і паборамі. Дзеці іх дыскрымінаваліся пры паступленні ў навучальныя ўстановы і на дзяржаўную службу. У друку вялося цкаванне святароў, якія засталіся вернымі свайму пастырскаму абавязку. Многіх святароў прымушалі адмовіцца ад сана.У храмах забаранялася прапаведаваць.

Людзі, як маглі, супраціўляліся самавольству ўладаў. Ва ўстановы накіроўваліся тысячы лістоў з просьбамі, скаргамі, патрабаваннямі. Часам пры закрыцці храмаў улады сустракалі непрыхаванае супраціўленне, якое нярэдка набывала характар народных хваляванняў. Так было ў Валожыне пад час закрыцця Спаса-Увазнясенскага храма: некалькі тысяч чалавек паднялося, каб перашкодзіць знішчэнню пад покрывам ночы Валожынскай святыні. Супраць людзей была выкарыстана сіла. У вёсцы Глазаўка Гомельскай вобласці спроба ўладаў зачыніць царкву выклікала народнае паўстанне, на спыненне якога было кінута чатыры аўтамашыны з міліцыяй і дружыннікамі. Пасля ўдушэння паўстання людзі працягвалі акцыю непадпарадкавання і некалькі дзён не выходзілі на работу. Пазней, калі ўлады вырашылі зрабіць у храме майстэрню, то народ перашкаджаў гэтаму і ламаў абсталаванне. Прыбыўшы ў вёску з райцэнтра суддзя пагражаў народу, што тыя, хто будзе "выступаць за царкву, атрымае ад 5 да 10 гадоў".

Вядомыя таксама выпадкі народнага супраціўлення закрыццю цэркваў у Смаргоні, Вялікай Лысіцы Нясвіжскага раёна, у Мясоце Маладзечанскага раёна і іншых месцах.

У 1964 годзе працэс масавага закрыцця храмаў быў спынены. Колькасць прыходаў працягвала змяншацца, але ўжо павольнымі тэмпамі, пакуль не дасягнула лічбы 369. Гэтая колькасць прыходаў заставалася стабільнай да канца 80-х гадоў. Адносна Царквы паступова замацаваўся рэжым "іранічнага нейтралітэту".

Пастаўлены ў 1965 годзе на Мінска-Беларускую кафедру ўладыка Антоній Мельнікаў быў хіратанізаваны ў епіскапа за год да гэтага — ў 1964 годзе. 3 1956 да 1963 года ў сане архімандрыта ён з'яўляўся рэктарам Мінскай Духоўнай семінарыі і намеснікам Свята-Успенскага манастыра ў Жыровічах. Уладыка Антоній быў вядомы сваёй адукаванасцю. Яго пяру належаць шматлікія артыкулы багаслоўскага характару, якія змяшчаліся ў "Журнале Московской Патриархии" і ў "Богословских трудах". Уладыка Антоній з'яўляецца аўтарам рукапіснай працы, прысвечанай гісторыі Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі. У кастрычніку 1965 года Праасвяшчэнны Антоній атрымаў званне магістра багаслоўя. У тым самым годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа. У 1978 годзе, маючы ўжо сан мітрапаліта, уладыка Антоній пастаўляецца на мітраполічую кафедру ў Ленінградзе. Знаходзячыся на гэтай кафедры ў якасці правячага архіерэя, мітрарапаліт Антоній спачыў у 1982 годзе.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.