Падзеі XX стагоддзя


10 кастрычніка 1978 года на Мінскую кафедру прызначаецца дваццаць дзевяты яе прадстаяцель з часоў заснавання епархіі мітрапаліт Філарэт Вахрамееў. У епіскапскі сан з тытулам "епіскап Ціхвінскі вікарый Ленінградскай епархіі" уладыка Філарэт быў хіратанізаваны 24 жніўня 1965 года. У маі 1966 года ён пастаўляецца на кафедру вікарнага епіскапа Маскоўскай епархіі з тытулам "Дзмітраўскі" і адначасова прызначаецца рэктарам Маскоўскай Духоўнай Акадэміі. У верасні 1971 года ўладыка Філарэт узводзіцца ў сан архіепіскапа і яму даручаецца ў часовае кіраванне Калінінская епархія. У красавіку 1973 года ён пастаўляецца на кафедру архіепіскапа Берлінскага і Сярэднееўрапейскага, Патрыяршага Экзарха Сярэдняй Еўропы. Прымаючы да ўвагі старанную архіпастырскую працу, Свяцейшы Патрыярх Пімен 15 красавіка 1975 года ўзвёў Высокапраасвяшчэннага Філарэта ў сан мітрапаліта. У 1978 годзе, хутка пасля прызначэння мітрапаліта Філарэта на Мінска-Беларускую кафедру, яму было вызначана стаць Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, а 14 красавіка 1981 года мітрапаліт Мінскі і Беларускі Філарэт, Патрыяршы Экзарх Заходняй Еўропы прызначаецца Старшынёй Аддзела Знешніх Царкоўных Зносінаў Маскоўскага Патрыярхата, пастаянным членам Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дзякуючы сваёй багаслоўскай, прапаведніцкай і міратворчай дзейнасці ўладыка Філарэт атрымаў вядомасць не толькі ў Царкве, але і сярод шырокай сусветнай грамадскасці. Пастаўленне такога аўтарытэтнага архіпастыра на Мінска-Беларускую кафедру несумненна сведчыла пра яе аўтарытэт. Звяртае на сябе ўвагу тое, што, хоць Мінская епархія сваім статусам і не вылучалася сярод іншых епархіяў Маскоўскага Патрыярхата, але з дзевяці архіпастыраў, якія ачалялі яе пасля вайны, сямёра мелі сан мітрапаліта і двое — архіепіскапа.

У жніўні 1980 года рашэннем Свяцейшага Патрыярха Пімена было ўтворана Пінскае вікарства. Вікарным епіскапам з тытулам "Пінскі" быў прызначаны Афанасій Кудзюк. У лютым 1984 года ён быў перамешчаны на Пермскую кафедру, якую ў сане архіепіскапа займае і дагэтуль. У 1987 годзе быў прызначаны новы Пінскі вікарны епіскап. Ім стаў уладыка Канстанцін Хоміч, цяпер архіепіскап Брэсцкі і Кобрынкі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.