Падзеі XX стагоддзя


У студзені 1990 года адбылося ўзнаўленне Брэсцкай епархіі, у выніку падзялення Брэсцкай вобласці на Пінскую і Брэсцкую епархіі і ліквідацыі Пінскага вікарства. Тады ж была ўтвораная ў межах Гомельскай вобласці Гомельская епархія. Пасля прызначэння туды ў ліпені 1990 года правячага архіерэя межы Мінскай епархіі сталі ўключаць толькі Мінскую і Гродзенскую вобласці, а тытул правячага архіерэя — мітрапаліта Філарэта — стаў "Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі". У сувязі з аднаўленнем на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў лютым 1992 года дзвюх епархіяў — Гродзенскай і Наваградскай, — Мінская епархія абмежавалася толькі тэрыторыяй Мінскай вобласці, мітрапаліт Філарэт пачаў іменавацца "Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі свяшчэннаархімандрыт".

У чэрвені 1993 года адбылося святкаванне 200-годдзя з дня заснавання Мінскай епархіі. Святкаванне працягвалася тры дні 25-27 ліпеня і праходзіла з удзелам 14 архіерэяў і сонму духавенства ў Мінску, Заслаўі і Слуцку. У гонар 200-годдзя епархіі на старажытным Мінскім замчышчы, на тым месцы, дзе ў канцы XI стагоддзя будавалася першая Мінская царква, быў устаноўлены памятны знак і адпраўлены малебен. Да месца святкавання сышліся хрэсныя ходы пад святочны перазвон усіх Мінскіх цэркваў.

На момант свайго двухсотгоддзя Мінская епархія налічвала 151 царкоўны прыход. Усе прыходы былі размеркаваныя па 12 благачынных акругах. На пачатак 1996 года ў Мінскай епархіі было 190 царкоўных прыходаў. Дзейнічала 149 прыходскіх храмаў, 41 храм знаходзіўся альбо на рэстаўрацыі, альбо будаваўся наноў. Усіх свяшчэннаслужыцеляў у епархіі налічвалася 213, манашаствуючых — 23. Дзейнічалі два манастыры: Свята-Успенскі мужчынскі ў Жыровічах, дзе было 36 насельнікаў, 15 з якіх у святарскім сане, і мужчынскі Свята-Благавешчанскі ў вёсцы Ляды, дзе падзвізалася 7 насельнікаў разам з паслушнікамі. У Мінскай Духоўнай семінарыі пры Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, дзе на дзённым аддзяленні навучалася 175 студэнтаў і на завочным — 187. Семінарыя мае статус вышэйшай навучальнай установы.

Пры Мінскім епархіяльным упраўленні з 1989 года дзейнічае духоўная вучэльня, якая вядзе падрыхтоўку рэгентаў царкоўных хораў і псаломшчыкаў. У вучэльні займалася 35 студэнтаў. Ва ўсёй епархіі дзейнічала 40 нядзельных школ, дзе навучаліся 1.894 чалавекі. Утварылася 10 праваслаўных брацтваў і 11 сястрынстваў. Епархія мела свой друкаваны орган "Минские епархиальные ведомости", выданне якога аднавілася ў 1989 годзе.

У царкоўна-адміністрацыйных адносінах епархія складаецца з 15 благачынных акругаў: Мінскай гарадской — у межах горада Мінска, Мінскай — у межах Мінскага адміністрацыйнага раёна, Уздзенскай — у межах Уздзенскага, Пухавіцкага і Чэрвенскага раёнаў, Стаўбцоўскай — у межах Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў, Салігорскай — у межах Салігорскага і Любанскага райнаў, Смалявіцкай — у межах Смалявіцкага раёна, Слуцкай — у межах Слуцкага, Старадарожскага і Капыльскага раёнаў, Нясвіжскай — у межах Нясвіжскага раёна, Клецкай — у межах Клецкага раёна, Мядзельскай — у межах Мядзельскага раёна, Вілейскай — у межах Вілейскага раёна, Маладзечанскай — у межах Маладзечанскага раёна, Валожынскай — у межах Валожынскага раёна, Лагойскай — у межах Лагойскага раёна, Барысаўскай — у межах Барысаўскага, Бярэзінскага і Крупскага адміністрацыйных раёнаў (гл. карту-схему 2).

Пад амафорам правячага Мінскага архіерэя мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі знаходзяцца таксама яшчэ дзевяць епархіяў, размешчаных у межах рэспублікі Беларусь: Полацкая, Тураўская, Пінская, Наваградская, Магілёўская, Гродзенская, Брэсцкая, Гомельская, Віцебская. Амінь.
 
Генадзій Шэйкін

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.