Падзеі XX стагоддзя


Як і раней ў епархіі адчуваўся недахоп храмаў. Да пачатку XX стагоддзя насельніцтва Мінскай губерні павялічылася ўтрая, а колькасць храмаў — толькі падвоілася. Нават у Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы была "скрайняя цесната". Многія, асабліва ў святочныя дні "з-за цеснаты не могуць трапіць у храм і засмучаныя вяртаюцца дадому".

У 1905 годзе ў епархіі дзейнічала шэсць духоўных навучальных установаў. Гэта Мінская Духоўная семінарыя, Мінская мужчынская духоўная вучэльня, Мінская жаночая вучэльня духоўнага ведамства, Слуцкая духоўная вучэльня і жаночая духоўная вучэльня ў Парычах. У той жа час у епархіі дзейнічала 1.163 школы граматы, 1.004 з якіх размяшчаліся па дамах.

У студзені 1904 года пры царкве Пінскай духоўнай вучэльні было заснаванае праваслаўнае брацтва ў імя Казанскай іконы Божае Маці. Яно налічвала 76 дзейных членаў і 14 ганаровых і ставіла сваёй мэтай дапамагаць выхаванцам вучэльні ў матэрыяльных патрэбах, а таксама ў "разумовым, рэлігійна-маральным і эстэтычным развіцці". У той жа час існавала брацтва ў Ракаве. 3 1907 года пачало дзейнічаць Мінскае Праваслаўнае Народнае Брацтва ў імя Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Яно было ўтворана з ініцыятывы групы прыходжанаў Свята-Екацярынінскага сабора і мела ў епархіі 15 сваіх аддзяленняў.

У жніўні 1908 года ў Мінску ў будынках Свята-Духава манастыра быў праведзены першы з’езд прадстаўнікоў праваслаўных брацтваў, у якім узяла ўдзел 150 чалавек.

3 благаславення епіскапа Міхаіла ў Мінску быў створаны царкоўна-археалагічны камітэт. Заснавальнікамі яго сталі выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі Д.В.Скрынчанка (ён жа і радактар двухмесячнага выдання "Минские епархиальные ведомости"), інспектар Духоўнай семінарыі А.М.Паноў, выкладчык мужчынскай гімназіі А.П.Смародскі і дырэктар народных вучэльняў М.Н.Былаў, які стаў першым старшынёй Камітэта. Пасля смерці М.Н.Былава ў 1909 годзе яго пераемнікам стаў А.К.Снітка.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.