Падзеі XX стагоддзя


У адпаведнасці са Статутам, зацверджаным Св. Сінодам у кастрычніку 1907 года, мэтай Камітэта было: "выконваць гістарычныя доследы знешняга і ўнутранага развіцця мясцовага царкоўна-рэлігійнага і грамадскага жыцця; даследванне і вывучэнне матэрыяльных помнікаў жывой старажытнасці ў форме мясцовых народных паданняў і звычаяў; прывядзенне да стану вядомасці і апісанне ўсялякага роду помнікаў старажытнасці і архіваў цэркваў, манастыроў, епархіяльных і іншых установаў; нагляд за станам храмаў і іншых царкоўных пабудоваў, могілкаў, надгробных і іншых як матэрыяльных, так і пісьмовых помнікаў; збор і захаванне ў сваім музеі царкоўна-рэлігійных і іншых помнікаў старажытнасці; распаўсюджванне сярод грамадскасці царкоўна-гістарычных і археалагічных звестак". Першае афіцыйнае пасяджэнне царкоўна-археалагічнага Камітэта, якое адбылося 13 лютага 1908 года, было прымеркавана да 300-годдзя спачыну абаронца праваслаўнай веры князя Канстанціна Астрожскага. Першай задачай Камітэта было ўладкаванне ў архіерэйскім доме царкоўна-археалагічнага музея. Для збірання матэрыялаў і экспанатаў члены камітэта распачалі перапіску з многімі навуковымі ўстановамі, а таксама звярнуліся да духавенства прыходскіх храмаў з просьбай пра перадачу ў Музей Камітэта рэчаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць. Пасля адозвы з'явіліся шматлікія водгукі, і Камітэт атрымаў мноства прадметаў, асабліва ад сельскага духавенства. Свята-Духаў манастыр у Мінску перадаў Камітэту архіў Свята-Троіцкага Слуцкага манастыра, які складаўся са 165 справаў, распачатых на пачатку XVI стагоддзя.

Спачатку Камітэт складаўся з 30 дзейных членаў, 10 членаў-спаборнікаў і аднаго ганаровага члена. Размяшчаўся Камітэт у двух пакоях архіерэйскага дома, абсталяваных электрычным асвятленнем.

У 1910 годзе для паляпшэння кіравання шматлікімі прыходамі ўтвараецца кафедра вікарнага архіерэя. Пастаўляецца на яе з тытулам "епіскап Слуцкі" спачатку ўладыка Іаан Помер, а праз пэўны час Праасвяшчэнны Феафілакт. Уладыка Іаан Помер пазней стане прадстаяцелем Праваслаўнай Царквы ў Латвіі і прыме мучаніцкую смерць на месцы свайго служэння ў Рызе ад рукІ забойцы ў 1934 годзе.

28 мая 1912 года спачыў уладыка Міхаіл, маючы на той час ужо сан архіепіскапа. Як і абодва яго папярэднікі, уладыка Міхаіл быў пахаваны ў левым прыдзеле Свята-Пакроўскай царквы архіерэйскага дома.

У лістападзе 1912 года на архіпастырскае служэнне ў якасці прадстаяцеля Мінскіх цэркваў уступіў епіскап Мітрафан Краснапольскі (1912-1916). Да прызначэння на Мінскую кафедру ён быў вікарным епіскапам Магілёўскай епархіі з тытулам "Гомельскі".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.