Падзеі XX стагоддзя


У бытнасць уладыкі Мітрафана было завершана ўзвядзенне будынка, дзе меркавалі размясціць царкоўна-археалагічны музей. Будаваўся ён з ініцыятывы Мінскага царкоўна-археалагічнага Камітэта побач з архіерэйскім домам. Паколькі заканчэнне будаўніцтва было прымеркавана да 300-годдзя царскага дома Раманавых, то збудаваны дом атрымаў назву "Юбілейнага". Будынак захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца на праспекце Скарыны каля Дома афіцэраў.

Пад час асвячэння дома, якое адбылося 21 кастрычніка 1913 года, Праасвяшчэнны Мітрафан выказаў надзею, што ў ім "знойдзе прытулак усё, што прасякнута духам праваслаўнае веры, што звязана з гісторыяй шматпакутнай царквы ў нашым краі". I хоць у будынку размясціўся царкоўна-археалагічны музей, брацкая агульнадаступная бібліятэка і была абсталяваная зала для народных сходаў, будучыня не спраўдзіла жаданняў Мінскага архіерэя. Так судзіў Гасподзь — Мінская епархія, як і ўся нашая Царква, знаходзіліся напярэдадні неймаверных выпрабаванняў і бедаў.

Адразу ж пасля прыбыцця ў Мінск уладыка Мітрафан са здзіўленнем адзначыў, што старажытная цудатворная Мінская ікона Божае Маці, знаходзячыся ў Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы, годным чынам не ўшаноўваецца. Пра гэта ён адкрыта сказаў на Брацкім з'ездзе ў Мінску ў 1913 годзе. 3 благаславення ўладыкі Мітрафана ў дзень святкавання іконы пачалі рабіць хрэсныя ходы з усіх гарадскіх храмаў. Яны даходзілі да кафедральнага сабора на момант заканчэння там Божае літургіі, пасля чаго цудатворная ікона выносілася з кафедральнага сабора і ставілася на спецыяльным узмостку на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды). На плошчы перад іконай адпраўляўся малебен. Потым ікону хрэсным ходам заносілі да Свята-Духава мужчынскага манастыра, да Крыжовай царквы, да Аляксандра-Неўскага жаночага манастыра і вярталі яе на сталае месца знаходжання ў Свята-Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор. Такім чынам, пачаў ажыццяўляцца намер уладыкі Мітрафана зрабіць святкаванне Мінскай іконы "святам не толькі царкоўным, але і агульнанародным".

У 1914 годзе з благаславення епіскапа Мітрафана з 17 да 20 красавіка было арганізаванае масавае паломніцтва ў Слуцк да мошчаў св. мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага. Маршрут паломніцтва, якое ачаляў епіскап Слуцкі Феафілакт, і ў якім узялі ўдзел 2.000 чалавек, пралягаў ад станцыі Гарадзея праз Нясвіж і Цімкавічы. У тым самым 1914 годзе вырашана было пабудаваць у Тураве трэці прыходскі храм у імя свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція.

Намаганнямі ўладыкі Мітрафана ў 1913 годзе быў атрыманы дазвол на заснаванне жаночага манастыра ў Івянцы. Той год можна лічыць годам заснавання гэтага манастыра, асвячонага ў імя прападоб­най Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. Гэта быў апошні манастыр, заснаваны не толькі ў Мінскай епархіі, але і ва ўсёй Беларусі, перад Першай сусветнай вайной і і наступнымі пасля яе ганеннямі на Царкву.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.