Падзеі XX стагоддзя


Толькі за адзін 1913 год на ўладкаванне манастыра было сабрана ахвяраванняў на агульную суму звыш 80.000 рублёў. Пры манастыры была адразу ж адчыненая настаўніцкая школа, апякункай якой стала ігумення манастыра матушка Марыя. У верасні 1914 года ў школе пачаліся заняткі. 3 158 чалавек, якія напісалі прашэнні, было прынята 27 вучаніц.

У кастрычніку 1914 года Праасвяшчэнны Мітрафан асвяціў новы Мінскі храм у гонар Казанскай іконы Божае Маці, збудаваны з цэглы намаганнямі супрацоўнікаў чыгуначнага ведамства на месцы, дзе цяпер плошча Мяснікова.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Мінскай епархіі налічвалася ўсяго 1.228 храмаў, з якіх статус саборных мелі 19 храмаў, прыходскіх цэркваў было 547, прыпісных — 394, прымогілкавых — 251, дамавых — 19. У прыходах епархіі налічвалася таксама 101 капліца. Святароў было 594 чалавекі, псаломшчыкаў — 569. Колькасць прыходжанаў складала больш за паўтара мільёна чалавек. У Мінску дзейнічала Духоўная семінарыя — адзіная ў епархіі сярэдняя навучальная ўстанова, дзе ў перадваенным 1913 годзе навучалася 246 студэнтаў. Манастыроў налічвалася шэсць, з іх два жаночыя.

У чэрвені 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Пачатак ваенных дзеянняў выклікаў змены ў адладжаным жыцці епархіі. Так, ужо праз месяц пасля пачатку вайны ў будынку Мінскай жаночай вучэльні духоўнага ведамства быў размешчаны вайсковы шпіталь. У памяшканні Мінскай Духоўнай семінарыі размясцілі лазарэт для параненых воінаў на 50 ложкаў. Паколькі абвяшчэнне вайны Расіяй Германіі адбылося 19 ліпеня 1914 года, калі паводле царкоўнага календара святкуецца памяць прападобнага Серафіма Сароўскага, то і лазарэт назвалі ў імя праваслаўнага падзвіжніка благачэсця. У лазарэце служыў старэйшым урачом хірург ў сане іераманаха з імем Мікалай (Мураўёў). Ён быў адзіным на той час урачом-манахам у Расіі. У падначаленні іераманаха Мікалая быў і другі лазарэт, уладкаваны ў пакоях уладыкі Мітрафана ў архіерэйскім доме і разлічаны на 10 чалавек.

На пачатку верасня лазарэты былі разгорнутыя таксама ў Мінскім Спаса-Праабражэнскім жаночым манастыры і Слуцкім мужчынскім Свята-Троіцкім. У апошнім была створаная майстэрня для пашыву салдацкай бялізны.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.