Падзеі XX стагоддзя


У 1919 годзе епіскап Георгій Ярашэўскі быў адкліканы з Мінскай кафедры. У 1921 годзе ён апынуўся ў Польшчы ў якасці Экзарха Патрыярха Ціхана. Ён пачаў рабіць рашучыя крокі па ажыццяўленні праекта аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. У 1922 годзе пасвячоны ў сан мітрапаліта. У 1923 годзе быў забіты адным з сваіх суслужыўцаў, які быў супраць абвяшчэння аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Нягледзячы на гэта, у 1924 годзе аўтакефалія ўсё ж была абвешчаная і пацверджаная ўжо пры новым мітрапаліце Дзіянісіі.

На Мінскую кафедру пасля ад'езду ўладыкі быў пастаўлены епіскап Мелхіседэк Паеўскі (1919-1926), які быў дагэтуль вікарыем Слуцкім. Ураджэнец Беларусі, гарачы абаронца Святога Праваслаўя, уладыка Мелхіседэк пасля ўступлення на Мінскую кафедру праявіў сябе як цудоўны арганізатар царкоўнага жыцця і выхавацель моладзі, якую ён рыхтаваў да жыцця і царкоўнага служэння ва ўмовах падполля, а таму патрабаваў ведаць гласавыя песнапенні і малітвы на памяць. Ён вылучаўся строгасцю жыцця і натхнёнымі, іставымі богаслужэннямк За гэта яго любіў і шанаваў царкоўны народ. На пачатку 20-х гадоў распаўсюджваліся павучэнні ўладыкі Мелхіседэка, у якіх быў заклік направіць свае духоўныя погляды да міру ў сэрцах, прыкласці намаганні на тушэнне жарсцяў. У гэтых поглядах на аздараўленне навакольнага свету ён быў блізкі да пазіцыі св. Патрыярха Ціхана, якога любіў і глыбока паважаў.

У выніку пераўладкавання дзяржаўных межаў пасля Першай сусветнай вайны значная частка Мінскай епархіі апынулася ў межах Польскай дзяржавы. У прыватнасці, да Польшчы цалкам адышлі Пінскі і Наваградскі паветы, частка Барысаўскага павета з горадам Докшыцы, частка Слуцкага з Нясвіжам і Клецкам, частка Мінскага са Стаўбцамі і Ракавам. Усходняя частка былой Мінскай губерні разам з усходняй часткай усёй Беларусі апынулася ў межах Савецкага Саюза. Агульнавядома, што палітыка гэтай дзяржавы мела выразную антыцаркоўную накіраванасць. I таму было вельмі важна пры гэтых абставінах, а таксама ва ўмовах узрастаючага царкоўнага разладу, калі пры падтрымцы савецкай улады ўзнікла кантраляваная ёю так званая "жывая царква", належным чынам арганізоўваць царкоўнае кіраванне. Гэтая задача зрабілася яшчэ больш актуальнай у сувязі з арыштам у маі 1922 года св. Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана. Незадоўга да таго Патрыярх выдаў указ, якім у прыватнасці прадугледжвалася, што ў тым выпадку, калі царкоўная іерархія на чале з Патрыярхам спыніць сваю дзейнасць з якой-небудзь прычыны, то правячыя архіерэі маюць права наладзіць сувязі з суседнімі епіскапамі з мэтай утварэння правячага органа для шэрагу епархіяў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.