Падзеі XX стагоддзя


3 ініцыятывы ўладыкі Мелхіседэка ў сітуацыі, якая склалася пасля арышту св. Патрыярха Ціхана, былі зробленыя крокі па скліканні з'езда духавенства Мінскай епархіі. На з'ездзе, што адбыўся ў ліпені 1922 года ў Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы, у адпаведнасці з указам св. Патрыярха Ціхана было прынята рашэнне пра заснаванне Мінска-Беларускай мітраполіі. Саборна было прынята рашэнне пра ўзвядзенне ўладыкі Мелхіседэка ў сан мітрапаліта з тытулам "Мінскі і Беларускі". На з'ездзе, які пазней стаў называцца Мінскім Памесным Саборам, былі заснаваны ва ўсходняй частцы Беларусі чатыры епархіі: Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая. Саборнае рашэнне стварыла на ўсе наступныя гады адмысловае правіла, у адпаведнасці з якім правячы Мінскі архіерэй адначасова з'яўляўся прадстаяцелем Праваслаўнай Царквы на Беларусі. Сапраўды, заснаванне епіскапскай кафедры ў Мінску ў канцы XVIII стагоддзя мела правідэнцыйнае значэнне!

У хуткім часе адбыліся хіратоніі епіскапаў на новаўтвораныя кафедры. У 1923 годзе былі хіратанізаваныя епіскап Бабруйскі Філарэт Раменскі, епіскап Слуцкі Мікалай Шэмяціла, епіскап Мазырскі Іаан Пашын. Хоць яны і пастаўляліся на самастойныя кафедры, але мелі паўнамоцтвы вікарных епіскапаў.

Рашэнні Сабора 1922 года з-за антыцаркоўнай дзейнасці дзяржавы, а таксама ўнутрыцаркоўнага разладу, які назіраўся ў 20-30-х гадах, раздзелу Царквы на прыхільнікаў св. Патрыярха Ціхана і прыхільнікаў Патрыяршага Месцазахавальніка Сергія Страгародскага (1927-1943), аўтакефаліі, з'яўлення абнаўленскай царквы, не маглі знайсці свайго паслядоўнага ажыццяўлення.

Ужо ў 1922 годзе пачалася новая хваля ганенняў на Царкву ў форме канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў пад прыстойным выглядам нібыта аказання дапамогі галадаючым у Паволжы. Хоць мітрапаліт Мелхіседэк, падобна св. Патрыярху Ціхану, дазволіў аддаваць царкоўныя каштоўнасці, за выключэннем рэчаў богаслужбовага, сакральнага прызначэння, супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа нібыта за ўтойванне каштоўнасцяў. Такіх справаў у той час узбуджалася тысячы. У жніўні 1924 года ўладыка Мелхіседэк трапляе пад хатні арышт і над ім учыняецца суд. Судовы працэс, які доўжыўся сем дзён, абурыў царкоўны народ, які прыходзіў да будынку суда, каб падтрымаць свайго архіпастыра. Не знайшоўшы сур'ёзнай віны за ўладыкам мітрапалітам, суд прысудзіў яго да трох гадоў умоўна, што дазволіла яму яшчэ паўтара гады заставацца на Мінскай кафедры.

У канцы 1925 года мітрапаліт Мелхіседэк быў нечакана выкліканы ў Маскву, дзе заключаны ў турму, а затым высланы ў Краснаярск (па іншых звестках — у Марыйскую вобласць). Пасля высылкі ён зноў апынуўся ў Маскве, дзе ў маі 1927 года яго зноў арыштоўваюць, а ў верасні таго самага года арышт замяняюць падпіскай пра нявыезд. Спачыў мітрапаліт Мелхіседэк у маі 1931 года, знаходзячыся перад службай у алтары аднаго з Маскоўскіх храмаў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.