Росквіт марыялогіі на землях Белай Русі

Канец XVI — першая палова XVII стагоддзяў, як сцвярджаюць гісторыкі, перыяд "залатога веку" аб'яднанай польска-беларускай дзяржавы, быў для народаў гэтай дзяржавы вельмі няпростым і пакутлівым.

У адпаведнасці з анталагічнымі поглядамі на сакральную (у тым ліку дзяржаўную) гісторыю сярэдневяковы чалавек бачыў прычыну грамадскіх нестраенняў і катаклізмаў (згодна формуле ensetbonumconvetuntur) ва ўласнай грахоўнасці і ў адыходзе ад запаведаных хрысціянскай традыцыяй духоўных асноў жыцця, таму і звяртаўся за дапамогай да Госпада, да Маці Божае, нябеснай хадайніцы і заступніцы за род хрысціянскі.

Паводле святаайцоўскага вучэння, Божая Маці, Прыснадзева Марыя ёсць найвышэйшая істота са створаных разумных істот, за ўсіх святых падзвіжнікаў, за самых высокіх Ангелаў, Херувімаў, Серафімаў. Яна — Уладычыца і Царыца ўсяго створанага, зямнога і нябеснага. Яна — Прыснадзева, г.зн. да нараджэння Ёю Богачалавека — Дзева, у нараджэнні Яго — Дзева, і па нараджэнні Яго — Дзева. Нездарма імя Марыя дадзена Ёй па загаду Божаму і значыць Гаспажа.

Пацверджанне таму і старажытнейшая з царкоўных спеваў "Канцыянала Пржэворшчака" (1435) — песня пра Багародзіцу, аўтарства якой прыпісвалася чэшскаму святому Войцэху, хрысціянскаму асветніку славянскага Памор'я. 3 часоў Баляслава Мужнага да эпохі падзелаў гэтая песня, напісаная на кангламераце старачэшскай і старабеларускай моў, была дзяржаўным гімнам Рэчы Паспалітай.

Усходнеславянская традыцыя, згодна з якой Русь была Домам Прасвятое Багародзіцы, першай, раней за Візантыю, увяла свята Пакрову ў цыкл двунадзесятых. Для духоўнай падтрымкі на паўднёва- і ўсходнеславянскіх землях былі яўлены шматлікія цудадзейныя іконы Божае Маці, якія потым асабліва шанаваліся і ў раманскім свеце.

На канец XVI — першую палову XVII стагоддзяў прыпадае росквіт гамілетычнай марыялогіі, асабліва ў духоўнай творчасці архімандрытаў Лявонція Карповіча і Іаанікія Галятоўскага, пяру якога таксама належыць трактат "Новае неба" пра цудадзейныя іконы Прасвятое Багародзіцы.

Вялікія князі літоўскія і польскія ўладары называлі і каранавалі Божую Маці Пачэснай Каралевай і вялікай Княгіняй, у лёсавызначальныя моманты сваёй гісторыі аддавалі сябе пад Пакроў і Апеку Царыцы Нябеснай. Першыя пісьмова занатаваныя багамольскія песні былі прысвечаны менавіта гэтаму культу. Сярод лепшых твораў старабеларускай багаслоўскай школы шмат высокадасканалых экзэгез-казанняў на багародзічныя святы. На працягу ўсёй гісторыі існавання старабеларускай народнасці для духоўнай падтрымкі ў цяжкія часы нацыянальнага жыцця былі яўлены цудадзейныя іконы Божае Маці. Здараліся часы, калі беларускі народ страчваў сваю дзяржаўнасць, традыцыі літаратурнай мовы, але сярод вызначальных рысаў яго архетыпа спрадвеку было ўсведамленне свайго ўсынаўлення Госпадам Іісусам Хрыстом і асаблівае шанаванне Прасвятое Багародзіцы.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.