Чанстахоўская ікона Божае Маці

У сярэдзіне XVII стагоддзя, калі польскім каралём стаў Ян Казімір, шведскі кароль Карл Хрыстас Густаў, нашчадак святой Хрысціны, авалодаў Варшаваю і Кракавам, захапіўшы амаль усю Польшчу. Пакаяльныя малітвы насельнікаў краіны былі пачутыя, і ўпершыню шведскія войскі адступілі пад Чанстахоўскім манастыром, што на Яснай Гары.

Удзячны за дапамогу Царыцы Нябеснай, кароль Ян Казімір (які пасля перамогі ўсё ж здолеў аб'яднаць войскі), вярнуўшыся з Сілезіі ў Львоў, абвясціў маніфест, дзе даручаў апеку над дзяржавай, кіраванне ёю Божай Маці, надаючы Ёй ганаровае званне Каралевы сваёй краіны. I гэта была даніна народнай традыцыі, бо першыя датаваныя духоўныя песні прысвечаныя былі Божай Маці, Нябеснай Царыцы ўсіх славянскіх зямель.

Пачатак вясны (6 сакавіка па старым стылі і 19 сакавіка па новым стылі) сваім благадатным Пакровам асвячае Чанстахоўская ікона Божае Маці, у якой усе вернікі просяць сямейнага шчасця і ўзаемнага кахання. Асабліва шануецца гэтая ікона на Віленшчыне, у Заходняй Беларусі, на Беласточчыне і Падляшшы. Лічыцца, што копія гэтай іконы была прыслана святой Ефрасінні Полацкай з Канстанцінопаля.

На Яснай Гары, непадалёк маляўнічага польскага горада Чанстахова, знаходзіцца Чанстахоўскі каталіцкі манастыр, у якім захоўваецца старажытны цудадзейны абраз Божае Маці, вядомы як Чанстахоўскі.

Ёсць меркаванне, што ікона Божае Маці Чанстахоўскай была напісана евангелістам Лукою ў Іерусаліме, ў Сіёнскім хораме, у якім Уладар наш Іісус Хрыстос здзейсніў Тайную Вячэру перад Сваімі святымі пакутамі і Ушэсцем, пасля чаго Дух Святы зышоў на апосталаў.

У 66-67 гадах нашай эры на Іудзею напалі рымскія войскі на чале са славутымі тады палкаводцамі Веспіянам і Цітам, якія мелі на мэце поўнасцю пазбавіць Іудзею палітычнай самастойнасці. Хрысціяне, ведаючы гэта і баючыся разбурэння Іерусаліма, своечасова схаваліся паміж гор у мястэчку Пелу. Разам з іншымі святынямі яны перанеслі ў пячору і Чанстахоўскую ікону Божае Маці.

У 326 годзе наведала Іерусалім святая царыца Алена каб адшукаць Крыж Гасподні. Жыватворны Крыж Гасподні быў аднойдзены і ўздзвігнуты. У падзяку за гэта вернікі падарылі святой падзвіжніцы Чанстахоўскую ікону. Святая царыца прывезла яе з сабою ў Царград і паставілі ва ўласнай дамовай каплічцы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.