Леснянская (Леснінская) ікона Прасвятое Багародзіцы

Паводле гістарычных сведчанняў, аднойдзенне гэтай цудадзейнай іконы адбылося ў беларускай вёсцы Лесна Гродзенскай губерні Бяла-Падляскага павета.

Апоўдні 14 (па старым стылі) — 27 верасня (па новым стылі) леснянскім пастухом Аляксандрам Стэльмашчуком у самым гушчары лесу, на галіне грушы была заўважаная ікона ў незвычайным ззянні. 3 тых часоў да іконы пачалі сцякацца шматлікія паломнікі і багамольцы. Факт аднойдзення і ўшанавання Леснянскай іконы Божае Маці ў многім падобны да гісторыі шанавання Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Леснянская ікона таксама доўгі час знаходзілася ў маёнтку памешчыка, які прысвоіў яе сабе. Але Промыслам Божым пасля шматлікіх няшчасцяў, якія насылаліся на род гэтага чалавека, цудадзейная ікона была ўстаноўленая для ўшанавання ў суседняй ад Лесны вёсцы Букавіч. Падчас уніі ікона, нягледзячы на супраціўленне праваслаўных, была асвечана ў леснінскім касцёле. Пасля паўстання 1863 года ікона была вернутая праваслаўным.

Як сцвярджаюць даследчыкі, селішча Лесна атрымала сваю назву ад навакольных густых лясоў. Каля гэтага селішча, на месцы, дзе захаваліся рэшткі абарончых збудаванняў, т.зв. "акопы", часоў барацьбы славянскіх народаў з крыжакамі, у 1885 годзе быў заснаваны Леснянскі жаночы праваслаўны манастыр. На горнім месцы, у алтары храма знаходзілася цудадзейная ікона.

Леснянская ікона была ўпрыгожана срэбнаю вызалачанаю шатаю з каштоўнымі камянямі. Ніша, дзе змяшчаўся цудадзейны лік Багародзіцы з Госпадам, абрамлялася двума залачонымі выявамі херувімаў і мноствам разнастайных залатых і срэбраных прывесак. Пры манастыры была кніга, дзе запісваліся шматлікія цудадзейныя выпадкі дапамогі і ацаленняў ад Леснянскай іконы. Багамольнымі і пабожнымі прыходжанамі ладзіліся традыцыйныя паломніцтвы на святы Нараджэння Прасвятое Багародзіцы і ў дзень Святой Троіцы.

У 1920 годзе насельніцы манастыра імігравалі ў Сербію, а ў 1950 годзе перабраліся ў Францыю ў прадмесце Правемон, што на поўнач ад Парыжа. Захаваліся ўспаміны духоўных дзяцей блажэннага Іаана Максімовіча пра асаблівае шанаванне свяціцелем Леснянскай іконы Багародзіцы (блажэнны архіепіскап вельмі любіў благаслаўляць гэтай іконай дзяцей і хворых).

Ікона Леснянскай іконы Прасвятой Багародзіцы доўгі час знаходзілася ў адным з прыгажэйшых храмаў Беларусі — брэсцкім Свята-Мікольскім, потым была перанесеная ў іншую нанова збудаваную царкву горада Брэста — Свята-Уваскрэсенскую, у левым прыдзеле якой і ўсталяваная зараз гэтая копія цудадзейнай Леснянскай іконы Божае Маці.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.