Холмская ікона Божае Маці

На землях Чырвонай Русі, Палесся і Падляшша асабліва шанавалася Холмская ікона Прасвятое Багародзіцы, якая паводле царкоўнага падання, у ліку 70-ці была напісаная евангелістам Лукою.

У час хрышчэння Русі пры князі Уладзіміры ў якасці спадарожніцы грэчаскай царэўны ікона прыбыла на ўсходнеславянскія землі. Яе ўпрыгожвала шата з золата і эмалі візантыйскай работы.

У 1261 годзе ў час нашэсця татараў на чале з Бурундаем ікона была пашкоджаная, каштоўная шата захопленая. Захаваліся дзве язвы на левым плячы Холмскай іконы Багародзіцы (ад шаблі) і на правай руцэ (ад стралы). Багахульнікі былі пакараныя: адны аслеплі, твары іншых былі перакошаныя або перавернутыя на спіны.

Захавалася прыгожая легенда, што ў часы батыеўскага нашэсця дзве княжны, уладарніцы Холма, разам з яго жыхарамі прасілі Божую Маці абараніць горад, вынеслі з храма святую ікону і ўздзвіглі яе на сцяну вежы. I горад стаў непрыступным для татараў. Напалоханыя незразумелым жахам, яны ў паніцы адступілі ад сцен горада.

У 1650 годзе, у час паўстання на Украіне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, холмская епархія была вернута праваслаўнаму епіскапу Дзіянісію Балабану.

Лічыцца, што менавіта сваім Пакровам Багародзіца ўратавала хаця б на нейкі час Карону і Княства ад дзяржаўнага заняпаду. Першая ўласна беларуская дэкламацыя Філафея Утчыцкага, напісаная з нагоды вяртання ў Полацк цудадзейнай іконы Божае Маці — "Стихі краегогласныя, иже в сретеніе чюдотворныя иконы Пресвятой Богородицы Полоцкой" — вельмі дакладна адлюстравала ўсеагульнае шанаванне Багародзіцы як абаронцы і ўратавальніцы:

Радуйся, Дево, радуйся спеваем,
Гды чюдотворный Твой образ стретаем!
Радуйся, Богу избранная Мати,
Как приносящая много благодати.
На враги нашы победа приходишь,
От бедъ и скорбе люд Твой освободишь,
Который под Твою милость прибегаетъ
И пред образом съ нами упадаетъ.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.