Фальковіцкая ікона Божае Маці

Фальковіцкая царква, у якой знаходзіцца аднайменны абраз Божае Маці, размяшчаецца непадалёку ад Віцебска, па Маскоўскай шашы, у мястэчку Фальковічы. Абраз быў знойдзены напачатку XVIII ст. у бярозавым гушчары на беразе рэчкі, што працякала бліз царквы.

На гэтым месцы быў пабудаваны храм у гонар Нябеснай Абаронкі, у якім аднойдзеная ікона праславілася шматлікімі цудамі.

Рэвізійны запіс за 1785 г. называе ўжо Фальковіцкую ікону Божае Маці старажытнаю і сцвярджае, што яна даўно вядомая сваёй дабрадатнасцю і цудамі.

Падчас айчыннай вайны 1812 г. Фальковіцкі храм пацярпеў ад французаў. Адзін салдат прыставіў лесвіцу да іконы з намерам зняць з яе шату. Але толькі яго рука дакранулася да шаты на іконе Богамаці, як лесвіца абарвалася і, падаючы, салдат атрымаў смяротнае калецтва. Крывавая пляма засталася на падлозе да апошняга часу, і нават фарба не ў стане знішчыць сляды праведнага гневу Божае Маці.

Гэты абраз асабліва праславіўся ў 1831 г. У гэты час нечакана пачалася эпідэмія халеры, якая трымала ў жаху ўсё насельніцтва Фальковічаў. Народ звярнуўся за дапамогай да Госпада. Сабраўшыся ў царкве, людзі прасілі святара абысці крыжовым ходам з іконаю Божае Маці мястэчка Фальковічы. Адразу ж пасля гэтага адчулася абарона Царыцы Нябеснай: смяротнасць у гэтым мястэчку паменшылася, і слава пра ікону Божае Маці хутка распаўсюдзілася не толькі ў краі, але і за яго межамі.

Акрамя 15(28) жніўня святкаванне Фальковіцкай іконы Божае Маці адбываецца і 22 жніўня (4 верасня).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.